Па-беларуску выходзіць заключная частка скандынаўскага эпасу «Эда. Песні пра герояў»

У выдавецтве «Тэхналогія» хутка пабачыць свет заключная частка вядомага скандынаўскага сярэднявечнага эпасу «Эда. Песні пра герояў». Ужо адкрыта перадзамова на кнігу. Пра гэта паведаміў на сваёй стронцы ў Фэйсбук перакладчык кнігі са старажытнаісландскай, навуковец Яўген Папакуль.


308183575_1791323017867003_3131384419173495490_n.jpg

У кнігу ўвайшлі як вядомыя паэмы пра Сігурда і скарб Ніфлунгаў з «Кара леўскага кодэкса», так і найбольш адметныя гераічныя песні з асобных сагаў. Дадатак змяшчае адзіную хрысціянскую эдычную паэму «Песня пра сонца» і першы беларускамоўны пераклад з мовы норн — баладу «Хільдзіна». Выданне ўтрымлівае неабходныя каментары да кожнай паэмы з тлумачэннямі ўсіх кенінгаў.

«Дыхтоўная таміна на амаль 400 старонак, — адзначае перакладчык — 28 твораў! Вартая рэч? Безумоўна! А галоўнае, цяпер у нас ёсць поўны пераклад і „Паэтычнай“, і „Празаічнай Эды“ на родную мову. Спадзяюся, тры гады бесперапыннай працы былі недарэмнымі».

Выхад кнігі запланаваны на 10 кастрычніка. Аформіць перадзамову можна па спасылцы.

Папярэднія часткі «Эды» — «Эда Сноры Стурлусана» і «Эда. Песні пра багоў» — выйшлі ў мінулым годзе ў выдавецтве «Галіяфы».