Мінскі электронны праект Stone People перавыдаў свой дэбютны альбом, які ўпершыню выйшаў у 2002 годзе на кампакт-дысках. Рэліз адбыўся 12 снежня 2016 на ўсіх галоўных інтэрнэт-пляцоўках.
У альбоме сабрана 7 жывых трэкаў уключаючы TGB, які цяпер амаль неаддзельны ад пластылінавага кліпа з персанажамі, якія сталі неафіцыйнай візітоўкай калектыву. Стыль, у якім працуюць Жэня, Андрэй і Rupert — заснавальнікі калектыву, — сінтэз уплыву ветэранаў біг-біт і чыстай імправізацыі. Спалучэнне блюзавых гітарных партый і электронных рытмаў, прасякнутых лёгкім groove-гучаннем і настальгіяй па каляровым даб-рэйве нулявых, на выхадзе ствараюць даволі смачны breakbeat-кампот.
Удзельнікі гурта без збянтэжанасці заяўляюць, што іх музыка не ўпісваецца ў выразныя рамкі аднаго стылю, замест гэтага яны прапануюць просты эпітэт “танцавальная”. Справядліва: якую яшчэ музыку ствараць людзям “каменнага веку”, калі свет ужо насыціўся усёй разнастайнасцю матываў і кірункаў? Самую зразумелую, танцавальную (на выпадак, калі людзі ХХІ стагоддзя ўжо і забыліся, для чаго яна прызначаная).
Бліжэй азнаёміцца з творчасцю Stone People і праслухаць народжаны двойчы альбом 02’cmp можна на Spotify, Google Play, iTunes, у Яндэксе.Музыцы і ў любым іншым зручным вам сэрвісе патокавага аўдыё.
Паводле прэс-рэлізу