Жывая, штучная ці з падручных матэрыялаў? Дылема, якую даводзіцца вырашаць кожнаму з нас, калі надыходзіць снежань, а разам з ім — час ставіць навагоднюю елку. Экадом расказвае, які з гэтых варыянтаў найбольш экалагічны.
Самы экалагічны варыянт той, які не наносіць шкоду вам і навакольнаму асяроддзю, мае мінімальны ці нулявы транспартны след. Напрыклад, елка з падручных матэрыялаў.
Імі могуць стаць фотаздымкі, якія нагадваюць пра найважнейшыя моманты адыходзячага года або кампазіцыя са знойдзеных у лесе хваёвых і яловых галінак. У выглядзе елкі можна скласці кнігі, сухія галінкі, усталяваць драбінкі або штатыў ад фотаапарата. А калі ў хаце ёсць чатырохногія гарэзы, якія грызуць елачныя цацкі, то са святочных асвятляльных агенчыкаў, мішуры, паперы, прыбраных шароў, драўляных дошак і паліц можна выкласці бяспечную і прыгожую насценную ялінку.
— Самым экалагічным варыянтам будзе не звыклыя для нас штучныя ці жывыя елкі, а тыя, што з’явіліся дзякуючы выкарыстанню хатняга дэкору з дабаўленнем святочных элементаў. Так выкарыстоўваюцца тыя рэсурсы, якія ў вас ужо ёсць, — каментуе кансультантка па экасяброўскаму ладу жыцця.
— На здзіўленне многіх, будзе правільней звярнуць увагу на натуральную елку. Але тут прыйдзецца выканаць некалькі ўмоў: месца набыцця, узрост дрэва і магчымасць правільнай утылізацыі, — тлумачыць кансультантка Экадома.
Узрост елкі не павінен перавышаць 3-4 гады, а набываць іх трэба толькі ў спецыяльных месцах: у лясніцтвах, на арганізаваных елачных кірмашах і ў крамах, але пры наяўнасці адпаведных дакументаў.
Яшчэ гадоў сорак таму напярэдадні навагодніх святаў можна было самастойна прагуляцца ў лес і, ссекшы пад самы карэньчык елачку, якая спадабалася, прынесці дадому. Тамака яе ўпрыгожыць цукеркамі, цацкамі і пернікамі, якія знікалі са святочнага дрэва яшчэ да свята. Сёння за такія дзеянні можна атрымаць штраф да 30 базавых велічыняў.
Але, як той казаў, калі вельмі моцна хочацца, то можна. Для гэтага перад паходам у лес, трэба загарнуць у найбліжэйшае лясніцтва і атрымаць неабходныя дакументы. Затым у суправаджэнні супрацоўніка лясгаса, прайсці ў строга прызначанае месца, і ўжо там ссекчы запаветную елку.
Самы папулярны і дасяжны спосаб абзавесціся духмянай жывой елкай — кірмашы. Жывая елка экалагічная толькі ў тым выпадку, калі яна вырашчана ў гадавальніку або легальна нарыхтавана ў лесе. Калі дрэва было ссечана прыватнай асобай уздоўж дарогі — такая пакупка будзе спрыяць разбурэнню лясных экасістэм.
Выбіраць трэба дрэва, якое высадзілі і выгадавалі ў Беларусі. Так транспартны след будзе мінімальным, а гэта значыць, у атмасфернае паветра паступіць менш забруджвальных рэчываў. Чаго не скажаш аб знакамітых сёння заморскіх прыгажунях — жывых елях з Даніі. «Ствараюць еўрапейскую святочную атмасферу», — прыцягваюць прадаўцы. І запэўніваюць, што стаяць такія дрэвы даўжэй, не колюцца і не абсыпаюцца. І, мусіць, не хлусяць. Але перш чым патрапіць да нас, дацкія дрэвы пераадольваюць каля 1800 км, што прыводзіць да выкіду парніковых газаў. Плюс ва ўмовах нашых кватэр — моцна ацяпляных і малаўвільготненых — піхта таксама пачынае прыкметна абсыпацца. І ніякія ручнікі на батарэях і тазікі з вадой не дапамогуць.
Елка ў кадцы — яшчэ адзін папулярны трэнд у нашы дні. Праўда, шмат хто з пакупнікоў адчуў на сабе складанасць догляду такога дрэва. І другое жыццё елкі — жыццё пасля свят — дастаецца адзінкам. Прычыны ўсё тыя ж: сухое і цёплае паветра, нізкая вільготнасць у памяшканні. Знізіце тэмпературу да 15 ° С — выклічаце раннюю вегетацыю: дрэва выйдзе са стану спакою і пачне даваць новыя зялёныя пабегі. Перасадзіце яе ў такім стане — не прыжывецца. Горача ў кватэры, будзеце ўвесь час паліваць — выратуеце карані, але не выратуеце саму ігліцу, і дрэва загіне.
Так што калі вы прыглядаецся да елкі ў кадцы, то разам з ёй набудзьце яшчэ ўвільгатняльнік і вялікі кантэйнер. Спецыялісты раяць трымаць такія елкі ў кватэры не больш за 3 дні. Пры гэтым трэба ўвесь час увільгатняць паветра побач з кадкай, а па заканчэнні гэтага кароткага тэрміна, калі зямля яшчэ не прамерзла, высадзіць дрэва ў грунт. У адваротным выпадку трэба змясціць дзяжу ў большы па памеры кантэйнер, а пустэчы паміж ёмістасцямі запоўніць саломай або іншым цеплаізаляцыйным матэрыялам і чакаць вясны.
Яшчэ ў якасці жывога навагодняга дрэва ў збанку можна купіць тыя пароды, якія растуць у памяшканні на працягу ўсяго года: кіпарысы, араўкарыі і іншыя паўднёвыя дрэвы, якія гадуюцца ў нашым клімаце як пакаёвыя расліны. Але і за імі патрэбен дбайны догляд.
— Плюс да экалагічнасці выбару жывой елкі дадасць яе правільная ўтылізацыя, калі пасля навагодніх святаў вы знойдзеце магчымасць даставіць яе на спецыялізаваную кантэйнерную пляцоўку, дзе ў рамках гарадской праграмы збору елак дрэва адправіцца на перапрацоўку ў дранку. А тая, у сваю чаргу, будзе выкарыстана для гаспадарчых мэт, — кажа кансультантка. — Толькі ў такім выпадку варыянт з жывой елкай можна назваць адносна экалагічным.
Што да штучных елак, то з імі таксама неадназначна:
— Памятайце, што такая пластыкавая прадукцыя другаснай перапрацоўцы не падлягае. Таму падлічана, што штучная елка будзе экалагічная ў выпадку, калі вы выкарыстоўваеце яе больш за 20 гадоў, — тлумачыць кансультантка. — Пры выбары звярніце ўвагу на знешні выгляд елкі і адсутнасць таксічнага паху, адслаення фарбы, увагнутасцяў, дэфектаў пластыка. Калі выявілі іх, лепш адмоўцеся ад пакупкі, таму што такі пластык можа нанесці шкоду не толькі навакольнаму асяроддзю, але і вашаму здароўю.
Можна проста прыбраць елку, якая расце недалёка ад месца святкавання, толькі ўважліва выбірайце ўпрыгожванні: яны не павінны змяшчаць мікрапластык.
На тэрыторыі елачных кірмашоў іх заўсёды дастаткова. Вы можаце іх узяць/купіць у прадаўцоў і тым самым даць апалам і абламаным галінкам другі шанец пажыць даўжэй.
Такі спосаб у Беларусі пакуль непапулярны, і ў арэнду прапануюцца толькі вялікія елкі на буйныя мерапрыемствы. Але, каб не купляць новыя, можна абмяняцца елкамі са сваімі сябрамі ці сваякамі. Гэта могуць быць цэлыя дрэвы ці асобныя галінкі, напрыклад, калі старая штучная елка страціла таварны выгляд.
Штучную елку акуратна пакуем і адпраўляем захоўвацца да наступнага снежня. Жывую елку ў кадцы, пры ўмове, што яна выжыла ў гэтыя мітуслівыя дні, перасаджваем у грунт, выконваючы ўсе агратэхнічныя правілы. Заўважым, што звычайна Менскі заапарк прымае іглічныя дрэвы, якія можна прынесці на корм жывёлам. І яшчэ застаецца варыянт выкінуць елку, вынесучы яе на кантэйнерныя пляцоўкі або спецыяльна прадугледжаныя для збору такіх адходаў месца.
Як і летась у горадзе Мінску вывазам сабраных у насельніцтва елак будуць займацца дзве кампаніі. На рахунку «РАМАНДЫС Мінск» каля тысячы кропак, куды можна прывезці навагодняе дрэва. Гэта месцы збору, устаноўленыя адміністрацыяй Маскоўскага, Кастрычніцкага і Фрунзенскага раёнаў сталіцы. У астатніх шасці раёнах такія паслугі аказвае «Спецкамунаўтатранс».
У «РАМАНДЗІС Мінск» ёсць уласная вытворчая пляцоўка, на якой елкі ператвараюцца ў кампост: на выхадзе з адной тоны дрэў атрымліваецца каля 500-600 кілаграмаў карыснага арганічнага ўгнаення. «Спецкамунаўтатранс» павязе сабраныя елкі на сваю смеццесарціровачную вытворчасць, дзе іх спаляць у кацельні для абагравання завода.
У Мінскім раёне вывазам елак займаецца дзяржаўнае прадпрыемства «ЭкаСпецТранс».
— Практыка паказала, што людзі адмаўляюцца ад жывых елак і набываюць штучныя. Бо на кантэйнерных пляцоўках пасля святаў жывых вельмі мала. У нас заключаны дамовы з «РАМАНДЫС Мінск» і «Экалогіяй горада». Калі збіраецца дастатковая для адной транспартнай адзінкі колькасць жывых елак, менавіта зялёных, а не падсушаных, то мы іх і вязем у гэтыя арганізацыі. Але, як правіла, пасля свят елак у прыдатным стане адзінкі. У асноўным іх выносяць позна і ўжо дастаткова сухімі. У такім выпадку яны ўтылізуюцца на палігоне, — патлумачылі прадстаўнікі арганізацыі.
Дні, калі трэба адвезці свае елкі да месца збору, абедзве арганізацыі анансуюць на афіцыйных сайтах і праз СМІ. Ёсць патрабаванні да елак:
Варта памятаць, што аддаваць елку на перапрацоўку вельмі важна. Палігоны перапоўненыя, а асобны збор і перапрацоўка навагодняй елкі — гэта просты і эфектыўны спосаб вырашэння праблемы абыходжання з адходамі.
Толькі так выкарыстанне жывой елкі будзе насамрэч экалагічным і апраўданым.
паводле прэс-рэлізу