6 сакавіка 2013 г. на інтэрнэт-лэйбле Teapression Waves быў выпушчаны дэбютны ЕР «Kasmičnyja vibracyi» мінскага электроннага музычнага праекта Iver. Iver – гэта сайд-праект клавішніка мінскага гурта Martin S., які актыўна заваёўвае папулярнасць у краіне і за яе межамі, таму не дзіўна, што ўпершыню музыка Iverа была заўважана на прэзентацыі альбома Martin S., дзе была ўплеценая ў агульнае ўяўленне.
Гаворачы пра сябе Iver аджартоўваецца, сфармуляваўшы асноўную думку так: «Электронны праект Iver – гэта музыка тваёй думкі. Пры праслухоўванні гэтай музыкі вастрыня светаўспрымання павялічваецца на 43%. Зафіксаваныя выпадкі пашырэння зрэнак. Выпадкі перадазіроўкі музыкай Iver не адзначаныя. Не рэкамендуецца да праслухоўвання людзям з парушэннем ўспрымання нот “мі”, “сі”, “сі-b” і “фа”. Не ўплывае на здольнасць кіравання аўтатранспартам. Не рэкамендуецца да адначасовага праслухоўвання з атрутнымі змеямі. »
Дэбютны EP складаецца з 4-х трэкаў, якія, па словах музыкі, апускаюць слухача ў бязважкасць музычнага ўспрымання і прымушаюць з галавой акунуцца ў атмасферу бязмежных касмічных прастораў. Рассыпістыя мелодыі і атмасфера, прасякнутая салодкімі сонечнымі прамянямі. Хочацца сесці ў касмалёт перанесціся далёка на Сатурн, пакінуўшы ззаду гэтую бясконцую нуду і холад, ад якога нават думкі мерзнуць.
«Я не люблю шмат гаварыць. Магчыма, таму ў маёй музыцы і адсутнічаюць словы, бо музыка часцяком красамоўней шматлітарных маналогаў. – Дзеліцца Iver, – Не вельмі хочацца рэкламаваць сваю творчасць і распісваць. Кожны, хто праслухае, сам вырашыць, наколькі я патрапіў ці не патрапіў у яго душу, і гэтага будзе дастаткова».
У бліжэйшых планах музыкі выпуск некалькіх сінглаў, а таксама вядзецца праца над поўнафарматным альбомам. Спампаваць ЕР, а таксама азнаёміцца з творчасцю Iverа, можна па спасылцы.