У сёлетнім «ЛіМе» № 6 ад 9 лютага быў апублікаваны артыкул аўтара гэтых радкоў «Пад пытаннем». Гаворка ішла пра імаверны здымак сям’і пісьменніка Ядвігіна Ш. (Антона Лявіцкага, 1869–1922), а каардынаты росшуку звязаны з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, фондам старадрукаваных выданняў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Зварот да іншых крыніц дазволіў актуалізаваць некаторыя эпізоды з жыццяпісаў блізкіх аднаго з пачынальнікаў нацыянальнай прозы. У 2014 годзе на захаванне ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы быў прыняты арыгінальны здымак Люцыі Гнатоўскай (1874–1945), будучай жонкі Антона Лявіцкага, які, на нашу думку, можна датаваць пачаткам 1890-х гг. (ДЛМЯнК: КП 24518), піша Мікола Трус у «Звяздзе».
Аскепкі помнага
На старонках часопіса «Маладосць» (2024, № 3) мы мелі магчымасць апублікаваць шэраг выяўленых матэрыялаў адносна біяграфіі Ванды Лявіцкай (Лёсік), дачкі Антона і Люцыі, — пісьменніцы, мемуарысткі, актывісткі нацыянальнага руху пачатку ХХ ст. Пры гэтым закранутую тэму аніяк нельга назваць вычарпанай.
На досвітку 1920-х гг. імя Люцыі Лявіцкай мела шанс узысці на небасхіле асабліва шанаваных і вартых. Словы Палуты Бадуновай маглі спраўдзіцца: «...такіх, як жонка Ядвігіна Ш., ніколі не забудзе ўдзячны наш народ». Пра гэта чытаем у літаратурна-навуковым весніку Інстытута беларускай культуры «Адраджэнне» (Мінск, 1922; сшытак 1), дзе ў рубрыцы «Пасмертныя ўспаміны» змешчаны допісы, прысвечаныя нядаўна спачылым дзеячам беларускай культуры — пісьменіку Ядвігіну Ш. і палітыку Алесю Бурбісу.
З фондаў ДЛМЯнК. Люцыя Гнатоўская (Лявіцкая), пачатак 1890-х гг.
Мемуарныя зацемкі Ванды Лёсік сцісла фіксуюць біяграфію бацькі. Да ліку помных, светлых старонак жыццяпісу адносіцца пачатак працы на ўласнай гаспадарцы: «У 1897 г. А. Лявіцкі з сям’ёй пераехаў на жыццё ў свой хвальварак. Тут ён з замілаваннем займаецца садаўніцтвам: засадзіў вялікі фруктовы сад, абсадзіў свой дом ліпамі, клёнамі і рознымі другімі дрэвамі, панасаджваў у садзе альтаны і алеі. Але, побач з гэтым, ён не кідае і літаратурнай працы».
«Купіць зямлю, прыдбаць свой кут...»
У фальварку Карпілаўка, што ў сённяшнім Лагойскім раёне Мінскай вобласці, летам 1918 года гасцявала Палута Бадунова. Яе эмацыянальныя ўспаміны закранулі грамадскую дзейнасць і творчую працу пісьменніка, сямейны побыт: «Родная душа не схілілася і над пасцеляй Ядвігіна Ш. Дачка пісьменніка, Ванда Лёсік, вельмі любімая ім, сама выдатная беларуская дзеячка, у свой час, нічога не магла расказаць аб апошніх днёх жыцця нябожчыка, толькі горкія слёзы каціліся з яе вачэй, і гэты сум яе, ёсць сум і наш».
З фондаў ЦНБ НАН Беларусі. Ванда Лёсік, 1955 г.
Едучы на фурманцы з Мінска ў Карпілаўку, Ядвігін Ш. выказваў шаноўнай госці сваё захапленне прыродай, дзяліўся цяжкімі абставінамі ўпарадкавання ўласнай зямлі, якія моцна падарвалі яго здароўе. З роздумаў і назіранняў П. Бадуновай:«Цярністы шлях твой, думала я, слухаючы расказ аб цяжкай працы, аб галодным жыцці пісьменніка. Нездарма ж разумеў ты гэтак добра гора народнае і з гэтакай цёплай задушэўнасцю апісаў яго ў сваёй «Гаротнай».
Вечныя недахваткі зрабілі тое, што малодшыя дзеці пісьменніка засталіся без асветы. А жонка ласкавая, ціхая, як анёл, з чулым сэрцам і развітым розумам кабета, усё жыццё сваё паклала на шэрую цяжкую працу, даглядаючы без ядынага папроку свайго вечна занятога беларускай справай і хворага мужа, несучы на сваіх кволых плячох і ўсю гаспадарку і клопаты аб сям’і.
Добрым прыкладам можа служыць гэта непрыкметная гераіня для тых жанчын, якія адрываюць сваіх мужоў ад беларускай працы дзеля сваіх асабістых выгад. Не ўспомніць іх народ беларускі добрым словам. А такіх, як жонка Ядвігіна Ш., ніколі не забудзе ўдзячны наш народ«.
Халоднымі вечарамі гаспадар Карпілаўкі дзяліўся з госцяй успамінамі пра Янку Купалу, Змітра Жылуновіча, Цётку. Апошнія тыдні побыту былі азмрочаны пагоршаным станам яго здароўя: «За некалькі дзён да майго ад’езду пісьменнік быў вельмі хворы. І трэба было бачыць, як жонка яго па тры разы ў дзень рабіла яму ванны, цягаючы з надворку вялікія чугуны з гарачай вадой. Яе маленькая, худзенькая хвігурка то з’яўлялася ў хаце, то зноў счазала на дварэ... Гэтак цягнулася многа дзён. Трэба заслужыць такую любоў, каб на працягу многіх гадоў гэтак любілі і даглядалі чалавека. І ўся сям’я жыла і дыхала пісьменнікам і дзеля пісьменніка».
Выдавецкі рэгістр
У фокусе ўвагі агляднага артыкула «Газеты і журналы ў Савецкай Беларусі», таксама змешчанага ў «Адраджэнні», падпісанага крыптанімам Я. Л., — газета «Савецкая Беларусь», часопісы «Вольны Сцяг» і «Зоркі». Можна меркаваць, што аўтар — Язэп Лёсік.
Паводле біябібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменнікі» (1994, т. 4), у спісе яго публікацый названы тэкст не фігуруе; не значыцца ён і ў «Творах» (1994), «Зборы твораў» (2003), «Выбраных творах» (2019). Магчыма, наяўнасць у «Адраджэнні» (1922, № 1) артыкула Язэпа Лёсіка «Бітва пад Грунвальдам у апісанні хронікі Быхаўца, Длугаша, Бельскага і інш.» прадвызначыла падпісанне агляднага допісу крыптанімам.
Так ці інакш, Я. Л. вельмі крытычна паставіўся і да зместавага напаўнення выданняў, і да іх ілюстрацыйнага суправаджэння. Не стаў выключэннем дзіцячы часопіс «Зоркі», заснаваны ў пачатку 1921 года пры Народным камісарыяце асветы. Сярод іншага аўтар адзначыў, што ў выданні трапляецца «не адпаведны матар’ял для чытання, як, напрыклад, верш Я. Коласа «Юрка й кот» (№ 4). Я. Колас — слаўны паэта, як Аляксандр Македонскі — вялікі ваяка, але на што ж крэслы ламаць? Калі Колас напісаў слабенькі верш пра нейкага малога салапяку, то гэта яшчэ ня значыць, што яго трэба друкаваць у часопісі для дзяцей. На тое і шчука ў моры, каб карась не драмаў, — на тое і рэдактар, каб быць рэдактарам».
Асаблівую пікантнасць тэксту надаюць тыя абставіны, што аб’ектам разгляду стаў творчы плён пляменніка крытыка (Якуба Коласа), а таксама яго жонкі: «Найлепшае ўражанне робяць беларускія народныя казкі, апрацованыя Вясёлкай і В. Л. Зварачаюць на сябе ўвагу вершы Хмаркі і Н. П., а таксама расказы і вершы М. Грамыкі. Вельмі слабыя вершы і выдуманыя казкі, напісаныя З. Бядулем — Ясакарам».
Вясёлка і В. Л. (дакладней, В. Л—к) — гэта псеўданім і крыптанім Ванды Лёсік. Народныя казкі ў яе апрацоўцы былі апублікаваны ў часопісе «Зоркі» (1921, № 6; 1922, № 4). Так, з пазнакай «Падала В. Л—к» у шостым выпуску за 1921 год змешчаны ўзоры народнага эпасу: «Воўк і сабака», «Конь, леў ды воўк», «Мужык і цар». Казачны складнік названага нумара ўзмацняе празаічны твор Льва Талстога «Вуж» у перакладзе з рускай мовы Міхайлы Грамыкі.
З фондаў ЦНБ НАН Беларусі (Кнігазбор Пятра Глебкі). Часопіс «Зоркі» (1921, № 6).
З дарожнай кайстры, архіўных збораў
Вельмі мала існуе публікацый, дзе б згадваліся нашчадкі Ядвігіна Ш., таму асабліва каштоўнымі з’яўляюцца росшукі Алеся Жынкіна, асноўныя вынікі якіх апублікаваны на старонках часопіса «Маладосць» (1990, № 11). У г. Армавіры Краснадарскага краю даследчык сустрэўся з сынам Язэпа і Ванды Лёсікаў — Юрыем.
З размоў даведваемся, што фальварак у Карпілаўцы быў адабраны падчас раскулачвання ў 1929 г. Мінскія адрасы Лёсікаў да 1934 года: вуліцы Шпітальная, Даўгабродская, Універсітэцкая. Вельмі цяжкімі для сям’і былі 1930–1934 гг. Ванда, якая да гэтага займалася дзецьмі і літаратурнай працай, паводле слоў Юрыя, «вымушана была ўладкавацца мыць посуд у нейкай дальняй сталоўцы, а ноччу разам са мной разносіла тэлеграмы (я, як старэйшы, ужо працаваў пасля школы на пошце)»; «Наша бабця абпальвала рукі, гатуючы ежу ў печы ў нейкіх бляшанках».
У 1934 г. Ванда разам з маці Люцыяй, дзецьмі Юрыем, Алесяй і Люцыяй пераехала ў г. Нікалаеўск на Волзе: «Цяжка было перавучвацца і гаварыць на іншай мове. Каб нам, дзецям, было лягчэй, у сям’і было прынята гаварыць толькі па-руску. Нават нашая бабуня, якая заўсёды раней гаварыла з намі толькі па-польску, цяпер старалася больш па-руску і кнігі прымушала малодшым сёстрам чытаць, каб хутчэй засвойвалі вымаўленне».
Наступным пунктам падарожжа А. Жынкіна стаў пасёлак Татарка Шпакоўскага раёна Стаўрапольскага краю. Тут у невялікай хатцы-мазанцы пры школе дажывала свой век дачка Ядвігіна Ш. (памерла 8 снежня 1968 года). Госця з Мінска сустрэла яе дачка Алеся, названая бацькам у гонар сябра-пісьменніка Алеся Гаруна. Яе згадкі — адметныя жыццёвінкі пры рэканструкцыі вуснай гісторыі сям’і. «Матухна», — так звяртаўся да жонкі Язэп Лёсік. «Калі трэба было вырашаць нешта сур’ёзнае, заўсёды гаварыў: «Пойдзем, матухна, пагуляем»». «З бабуняй тата быў заўсёды падкрэслена ветлівы. Трэба прызнацца, наша бабця не вельмі прыязна да яго ставілася, была супраць шлюбу і доўга не давала бласлаўлення, бо лічыла, што тата вельмі стары для мамы».
У 1960-х гг. беларускія даследчыкі прасілі Ванду Лёсік падзяліцца ўспамінамі, дакументамі пра Ядвігіна Ш., М. Багдановіча, Я. Лёсіка, Я. Коласа. Чарнавікі адказаў засталіся ў Татарцы. Знаёмства з імі дазволіла А. Жынкіну занатаваць наступнае: «Выгаралыя радкі старых лістоў дапамагаюць лепей зразумець унутраны свет Ванды Антонаўны, яе светапогляд. Яна была вельмі сціплым чалавекам, імкнулася выгадаваць такімі сваіх дзяцей і ўнукаў. Разам з тым гэта быў чалавек з цвёрдым і вылявым характарам...»
Здымкаў засталося небагата: «Мама не любіла фатаграфавацца. Акрамя гэтай, што стаіць, захавалася яшчэ 2–3 фотакарткі. Самая апошняя — маленькая картачка на дакумент. На вялікі жаль, не захавалася. Камусьці даслалі яе ў Мінск, ды там яна і засталася. Дзякуй богу, хоць копію вярнулі».
Не могуць пакінуць раўнадушным кранальныя словы дачкі пра сыход маці: «Восьмага снежня 68-га мама памёрла. Марозная і снежная тады была зіма. Сама ўсё мяне супакойвала, маўляў, не хвалюйся, не клапаціся, дачушка, усё добра будзе... А паміраючы, усё рукі працягвала, напэўна, свечку прасіла. Ды я позна ўжо гэта зразумела і дараваць сабе не магу, што апошняй просьбы не выканала... Колькі ўсяго перажыла, а ніводнага сівога валаска, кнігі і лісты без акуляраў чытала... Тры дні стаяла ў доме дамавіна, так мама прасіла. А хаваць ішло ўсё сяло. Машыны не хадзілі — сумёты па самыя вокны. Дык людзі добрыя ўсё мяне супакойвалі, маўляў, не хвалюйцеся, мы нябожчыцу на руках занясём на пагост... Уся наша сям’я тады сабралася. А калі хавалі, то ветрык сцішыўся і снег перастаў ісці. Ціха-ціха так стала...»
Ванда Лёсік знайшла свой спачын на высокім пагорку: «А мама так хацела, каб пахавалі яе на радзіме сярод бярозак». Паміж кветак на магіле былі і дасланыя з роднага краю сяброўкай маладых гадоў — Людвікай Войцік (Зоськай Верас)... А «маленькая картачка на дакумент» захоўваецца сёння ў фондзе старадрукаваных выданняў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (ЦНБ НАН Беларусі).