Змрочны прагноз Алеся Кіркевіча на budzma.by: што будзе пасля 9 жніўня і чаго нам усім чакаць.
Сёлета ўсё адбываецца неяк хутчэй, быццам зямнай куля паскорыла бег. Хутчэй подпісы за кандыдатаў збіраліся. Хутчэй наэлектрызаваўся ды выйшаў на вуліцы народ. Хутчэй разгайдалася традыцыйна апалітычная публіка, якая «не апазіцыя», «не БНФ». Хутчэй кандыдаты атрымалі адлуп у выглядзе крымінальных справаў... Думаю, нават снег хутчэй пойдзе: у верасні ці нават жніўні.
Хутчэй падкраўся этап фрустрацыі, дэпрэсіі ды апатыі. Бо сама з’ява зусім не новая. Пасля 2001-га, 2006-га, 2010-га ўсё гэта ўжо было: «Мы расчараваліся», «Мы так больш не можам», «Як такое магчыма ў ХХІ стагоддзі?», «У гэтай краіне жыць немагчыма!»... Сёлета хутчэй. І маштабней.
Зразумела, што і затрыманні, і крымінальныя справы, і ўвесь гэты кампот са страху, хлусні ды прыніжэння, разліты па ўсёй краіны, нібы пасля аварыі на хімічным прадпрыемстве, гэта агідна. І гэта ж яшчэ не канец кампаніі, да сакраментальнай даты больш за месяц, а гарант з усмешкай паабяцаў, што «найцікавейшае» наагул будзе пасля выбараў. Пабачым.
«Нават траву на ўчастку касіць не хочацца»
А вось, што я бачу ўжо зараз. Незалежна ад рэгістрацыі ці нерэгістрацыі прэтэндэнтаў у кандыдаты. Незалежна ад афіцыйнвх вынікаў галасавання. Незалежна ад наяўнасці ці адсутнасці «плошчы» 9 жніўня.
Бачу, што мы на парозе чарговай лавіны эміграцыі з краіны, якую зараз стрымлівае кавідная заслона ды хісткая надзея на хуткія змены ў некаторых рамантыкаў.
Пара цытатаў з благасферы, калі цікава (імёны змененыя):
Алег і Наталля:
«Адкрыюць межы і нафіг адсюль. Дамок у Махінджаўры набывалі для турызму — паедзем самі. Тут лавіць больш няма чаго.»
Вікторыя (61 год):
«Не, я разуею, што аднаўляць грамадзянства Германіі той яшчэ гемарой, але ў дадзенай сітуацыі, пэўна, гэта не спыніць. Бліжэй зімы, глядзіш, разбяруся. Там з працай і сацыялкай лепш.»
Ганна (47 год):
«Няма ў мяне веры ў добрае ў краіне. (...) З’явілася ўстойлівае жаданне дачакацца адкрыцця межаў і бегчы адсюль хутчэй ветру. Таму што заставацца тут і не ўзяць вілы ў рукі стае ўсё цяжэй... У мужа хутар пад Растовам, вернемся туды. Няхай там і складаней, і далей, але лепш, чым вось тут з гэтым усім...»
Валянціна (42 гады):
«Ну, стану „палітычнай“. Так толькі хутчэй пытанне вырашыцца. Мне за два месяцы грамадзянства адновяць. І працу знайду, як два пальцы аб ашфальт. І жыллё, нават у Кіеве, танней і прыемней. Будзеце ў госці прыязджаць. А лепш у Харкаве.»
Аліна (33 гады):
«Нічога рабіць не хочацца. Нават траву на ўчастку касіць. Напэўна, час збіраць чамадан...»
Зразумела, гэта зусім не сацыялогія. Нават не намёк. Гэта настроі, разлітыя ў паветры. Заўважу, што важна: настроі перад самімі выбарамі, перад магчымым сілавым сцэнаром, перад перспектывай застацца пры той жа сістэме яшчэ на пяць год, перад хімерай эканамічнага і сацыяльнага крызісу увосень... Перад. А што будзе пасля?
100 тысяч ахвяраў бойні ці эміграцыі?
А пасля — найбольшая хваля эміграцыі з часоў падзення жалезнай заслоны ў 1991-м. Не ў адзін дзень разам з адступаючымі войскамі як у 1944-м, але расцягнутая на паў гады — год. Самае смешнае, што мы нават сацыялогіі ані перад гэтай хваляй, ані па факце не атрымаем. Бо ў Беларусі ўжо і сацыялогіі няма.
Як зараз любяць казаць: зоркі сышліся. Спачатку народ сутыкнуўся з каронавірусам, нехта згубіў працу, нехта схаваўся ў самаізаляцыю і дурэў ад навінаў у сац-сетках ды тэлеграмах. Пасля палітычны ажыятаж, надзеі ды іхны крах, гнеў, адмаўленне, прыняццё, фаталізм. Фінальны ўдар — перспектыва эканамічнага заняпаду і галечы...
Увесну, яшчэ да вылучэння Бабарыкі і Цапкалы, я параўноўваў тарнада, якое набірала моцы вакол асобы Ціханоўскага, з Сялянскай вайной XVI ст. у Германіі. Там на сцягах сяляне вышывалі выяву чаравіка, тут — тапак. Сялянская вайна скончылася 100-яй тысяч ахвяраў. Прайгралі ўсе.
Чытайце таксама: «Ці можа Ланцэлот перамагчы Дракона?»
У нас, мяркую, таксама прайграюць усе. Найперш — краіна. Калі, крый божа, абыйдзецца без крыві, то тыя самыя 100 тысяч наўпрост... з’едуць. Зразумела, «ахвяры» эміграцыі — гэта лепш, чым ахвяры бойні. Але краіна гэтых людзей усё адно згубіць. Усе мы згубім, незалежна ад палітычных упадабанняў. Беларусь прайграе.
А мы з вамі яшчэ ўбачымся
Ну, годзе жах наганяць. Урэшце, не ўсе з’едуць. Вось мае суседзі па двары застануцца. З вывадкам дзяцей і гучнай музыкай з гаўбца па вечарах. З бутэлькамі, якія ляцяць з вокнаў. З начнымі гуляннямі ды візітамі паблажлівых міліцыянтаў, што ім ужо як родныя.
Суседка пенсійнага веку — удава вайскоўца — таксама не з’едзе. Будзе надалей паліваць кветкі, выгульваць старэнькую сабачку Жужу, вешаць сушыць палавікі ў двары.
Прафесар у акулярах, паверхам вышэй жыве, тым больш застанецца: будзе падаць на лесвіцы надалей, калі перабярэ моцнага, а ягоная 5-6-гадовая ўнучка будзе крычаць: «Дзедушка проста ста-а-аренькій, с нім всё харашо!..»
Яны — застануцца.
А мы з вамі яшчэ ўбачымся. У Гамбургу, Празе, Варшаве, Кіеве, Таронта, Чыкага... Сустрэнемся на мітынгу са сцягамі і плакатамі «Never again!» ці «Stop repressions in Belarus». Паспяваем песні, пакрычым лозунгі, перапытаем адно аднаго пра надзённае. Узгадаем былое. І сыйдзем.
Такое ўжо бывала неаднойчы ў нашай гісторыі. Але нешта падказвае, што калі сыйдзем і зараз, то ўжо назаўжды. Вяртацца наўпрост не будзе куды. А нехта іншы будзе ацэньваць нашу краіну ўжо не па чалавечым ці эканамічным капітале, а выключна як тэрыторыю. Як бесперспектыўны завод, самае каштоўнае ў якім — плошчы. Нехта іншы, не мы.
Алесь Кіркевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!
Меркаванне аўтараў сайта budzma.by можа не супадаць з пазіцыяй кампаніі «Будзьма беларусамі!»