26 кастрычніка на пляцоўцы перад гарадской ратушай у Магілёве прайшоў «Баль Сатаны» — тэатралізаванае прадстаўленне ад фаер-клуба Maori. Напярэдадні Хэлаўіна фаершчыкi вырашылі паказаць магілёўцам сваю святочную праграму.
Нягледзячы на рэзкае пахаладанне, выступ адмяняць не сталі. Цёпла апранутыя гледачы глядзелі, як напаўголыя фаершчыкi круцяць у руках вогненныя мячы і ланцугі, і курчыліся ад холаду. Перад імі разгарнулася сапраўднае дзейства, у фінале якога можна было назіраць відовішчны паядынак сіл дабра і зла. Дабро, узброенае звычайнай палкай, спрабавала перамагчы зло, якое нападала на яго з падпаленым мячом. Нягледзячы на ўсе законы жанру, дабро ўсё ж зрынулі, а зло перамагло і адправілася на Баль Сатаны.
З кожным выступам фаер-клуб Maori ўдасканальвае свае прыёмы — трэба сказаць, гэтым разам магілёўцы выступілі нашмат лепш, чым на летніх гарадскіх святах. Ды і сама праграма стала цікавейшай і больш насычанай.
Дарэчы, з гэтай праграмай магілёўцы выступілі на наступны дзень на маштабным мерапрыемстве, прысвечаным святкаванню Хэлаўіна, у Рытэрбургу.
Марыя Гілёва