Расейскі гісторык Тамара Эйдэльман мае значную папулярнасьць і сярод беларусаў. Серыя яе выпускаў па гісторыі нашай краіны прыцягваюць увагу. Павел Хадзінскі для «Новага Часу» вырашыў уважліва паглядзець другі эпізод цыкла, які быў датычны перыяду Вялікага Княства Літоўскага. Ці ўсё так, як кажа сьпікер?
Скрыншот з роліка Тамары Эйдэльман
Выдатна, што Тамара Эйдэльман паспрабавала разабрацца ў заблытаных гістарычных сувязях і рэаліях старажытнасьці, аднак мы знайшлі шэраг пунктаў, на якіх варта засяродзіць увагу.
Т.Э.: «Міндоўг абвесьціў сябе каралём Літвы»
У 1253 годзе Папа Інацэнт IV прыязна паставіўся да звароту Міндоўга ўзяць яго пад апеку. Праз некаторы час Пантыфік даслаў у Наваградак дзьве булы (папскі заканадаўчы акт), у адной зь якіх называў Міндоўга каралём, а ўсю нашую дзяржаву — каралеўствам.
Цырымонія адбылася 6 ліпеня таго ж года. Адну карону папскі пасланец усклаў на галаву Міндоўгу, другую — ягонай жонкі Марты.
Як сьведчыць Іпацеўскі летапіс, «вялікі князь літоўскі Міндоўг каранаваны быў на Каралеўства Літоўскае ў Навагародку, з дабраславеньня Папы Інацэнта праз Генрыха біскупа, у Прусах кардынала».
Такім чынам, абвесьціць сябе «каралём Літвы» мог бы толькі ўзурпатар ці махляр. Каралём, як вядома, мог абвесьціць толькі Папа Рымскі.
Т.Э.: «Любую славянскую мову тады [у часы Міколы Гусоўскага, каля 1520 года] называлі рускай. Часам зараз навукоўцы, каб адрозьніць гэта ад больш позьніх уяўленьняў аб расейскай мове, расейскай літаратуры, прыдумалі называць гэта «руськай»
«Большая частка насельніцтва [ВКЛ] размаўляла на розных варыянтах славянскай мовы»
Называць мову, на якой размаўляла большасьць насельніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім, «рознымі варыянтамі славянскай» — не зусім карэктна. Як мы ведаем, да славянскіх моваў адносяцца ў тым ліку польская, чэшская, кашубская, баўгарская і шмат іншых. Калі б Тамара Эйдэльман казала пра гэты перыяд у Польшчы, яна наўрад ці назвала мову палякаў «адным з варыянтаў славянскай». Гэтак жа сама, разважаючы пра Маскоўскую дзяржаву таго часу, мы не пачуем, што ў Маскве ці Разані размаўлялі на «розных варыянтах славянскай мовы».
Таму хацелася б чуць не канцэлярызм пра «славянскую мову», але рэальнае становішча справаў: большасьць насельніцтва ВКЛ размаўляла на беларускай (ці старабеларускай) мове.
У нашай краіне, як і ў шматлікіх суседзяў Вялікага Княства не было блытаніны з тым, на якой мове размаўлялі на ўсход ад ВКЛ — гэта была маскоўская мова.
Т.Э.: «Я ня ведаю, як у арыгінале ў Гусоўскага гучыць [найменьне мовы аўтара «Песьні пра Зубра»]. Перакладчыкі пераклалі як «руская», хаця, напэўна, там была «руськая», ці нешта гэтага кшталту»
Не жадаецца прыдзірацца да словаў спадарыні Эйдэльман, але ж варта ўнесьці яснасьць.
Язэп Семяжон пераклаў на беларускую, а потым і на расейскую, наступным чынам:
«Сьвет даўніны вывучаў я па кнігах славянскіх,
Граматах рускіх, кірыліцай пісаных вязкай.
Лад алфавіту наш прашчур для ўласнай карысьці
Ў грэкаў пазычыў і, гукі мясцовых гаворак
Зладзіўшы зь ім, іншаземцам, застаўся сабою».
У арыгінале Міколы Гусоўскага гучыць так:
«Multa ego Roxanis legi antiquissima libris,
Quorum sermonem graeca elementa notant,
Quae sibi gens quondam proprios adscivit in usus
Et patrios apte miscuit ipsa sonos».
Слова «рускі» ў дачыненьні да мовы ў творы Гусоўскага адсутнічае. Ён ужывае слова «Roxanis». Гэта этнонім (тэрмін азначэньня этнасу або этнічнай супольнасьці) з грэка-рымскіх геаграфічна-этнаграфічных апісаньняў, якія перавыдаваліся і вывучаліся якраз у перыяд напісаньня «Песьні пра Зубра».
Тады старажытныя назовы суадносіліся з сучаснымі (для таго часу) імёнамі, а «Roxan» атаясамлівалі з «сучаснымі» абазначэньнямі ўсходніх славянаў.
І гэтая мова — не тая, што выкарыстоўвалася ў Маскоўскім княстве.
На пачатку свайго латынскамоўнага твору Мікола Гусоўскі піша назву дзяржавы, калі зьвяртаецца да Боны Сфорцы: Magnam ducem Lithuaniae Russiae Prussiaeque etc. (Вялікая кнігіня Літоўская, Руская, Пруская і іншая).
Т.Э.: «Вацлаў Ластоўскі, прэм’ер-міністар Беларускай Народнай Рэспублікі — той, папярэдняй — у 1938 годзе расстраляны».
Са словаў Тамары Эйдэльман вынікае, што ёсьць «папярэдняя» і, адпаведна, сучасная Беларуская Народная Рэспубліка. Але дзяржава з такой назвай была абвешчаная толькі аднойчы ў гісторыі — 25 сакавіка 1918 года.
Т.Э.: «Пытаньне аб месцы каранацыі Міндоўга палягае ў тым, ці каранаваўся ён на славянскай зямлі — у Наваградку, ці на літоўскай».
Варта зьвярнуць увагу, што, выкарыстоўваючы (у любым сэнсе) слова «літоўскай зямлі», адваротным словам мусіла быць «беларускай зямлі». Альбо іншы варыянт: калі ўжо браць найменьне «славянскай зямлі», тады адпаведнікам выбраць «балцкай».
Т.Э.: «Хадзілі чуткі, што Глінскі плянуе атруціць караля. А кіраўнік Літвы на той час ужо насіў тытул караля».
Тут маем справу з зусім простай памылкай. Размова вядзецца пра падзеі прыблізна 1507 года. Кіруе ў Вялікім Княстве Літоўскім Жыгімонт Стары. Вядома, тытулам караля ён, як і любы іншы кіраўнік дзяржавы, з часоў Міндоўга, не валодаў.
Каралём марыў стаць Вітаўт, але нават у яго ўрэшце гэта не атрымалася.
Агулам выпуск расейскага гісторыка пра Беларусь атрымаўся даволі добрым. І, безумоўна, варта падзякаваць спадарыні Эйдэльман за цікаўнасьць да нашай гісторыі і пажадаць ёй посьпехаў у наступных эпізодах, прысьвечаных Беларусі.
Разам з тым, гартаючы камэнтары пад відэа ў Youtube, можна знайсьці даволі шмат словаў удзячнасьці ад беларусаў (у тым ліку і па-беларуску). Агульны тон: «Дзякуй вам, што знаёміце нас з нашай гісторыяй».
Такім чынам, чарговы раз атрымліваецца, што замежнікі становяцца тымі, хто кажа беларусам пра іх мінуўшчыну (...пра тое, як трэба пратэставаць, якую музыку слухаць — падстаўце свой варыянт). Хіба не павінны беларусы дасьледваць гісторыю сваёй краіны перадусім праз працы айчынных гісторыкаў?
Зьвернем таксама ўвагу на тое, што ў апісаньні відэа Тамара Эйдэльман, у якасьці крыніцаў для лекцыі пра ВКЛ, пакінула назвы наступных выданьняў:
Новая імпэрская гісторыя Паўночнай Эўразіі. Пад рэдакцыяй Ільлі Герасімава.
Аляксандар Філюшкін. «Іншая Русь» у рускай гістарыяграфіі.
Станіслаў Думін. Іншая Русь. (Вялікае княства Літоўскае і Рускае).
Тры з трох — працы расейскіх гісторыкаў. У самім выпуску Эйдэльман узгадвае і іншых расейскіх навукоўцаў. Трапілі ў выпуск і два беларускія аўтары: Вацлаў Ластоўскі — з заўвагай, што ягоная канцэпцыя не атрымала навуковага прызнаньня, а таксама Мікола Ермаловіч, чые высновы аўтар відэа называе «хутчэй палемічнымі, чым навуковымі».