Гісторыя з каралеўствам Літва ў ХІІІ ст. заняла ўсяго каля 10 гадоў, а калі лічыць ад афіцыйнай каранацыі Міндаўга (1253 г.), то яшчэ менш. Навошта Міндаўгу спатрэбіліся каранацыя і хрышчэнне, і чаму ён вярнуўся да паганства напрыканцы жыцця? Якое значэнне мела дзейнасць Міндаўга ў агульным гістарычным працэсе? Піша Канстанцін Семяновіч.
Каранацыя Міндаўга была працягам саюзных адносінаў з Інфлянцкім ордэнам, а праз яго і з усім каталіцкім светам, ва ўмовах цяжкай вайны з Галіцка-Валынскім княствам.
Падобна, што Міндаўг усведамляў важнасць гэтага саюза, дбаў пра яго падтрыманне як праз фармальную перадачу ордэну некаторых земляў у заходняй Жамойці (якімі ён насамрэч не валодаў), так і дэманстрацыю гатоўнасці далучыцца да заходняй цывілізацыі ў выглядзе хрышчэння ў каталіцтва і каранацыі.
Лівонія ў 16 ст.
Больш за тое, Міндаўг дбаў пра перадачу каралеўскага тытула нашчадкам і хадайнічаў перад Папам Рымскім Аляксандрам IV пра каранацыю аднаго са сваіх сыноў.
Папа выказаў згоду булай ад 6 сакавіка 1255 г.: «...дазваляем тваёй высокасці зместам гэтага ліста заклікаць да сябе лацінскага біскупа, які табе больш даспадобы ды які мае мір і еднасць з апостальскім пасадам, каб ён нашай уладаю на хвалу Богу і сьвятога Рымскага Касьцёлу каранаваў умілаванага сына, высакароднага мужа, сына твайго на караля Лектовіі».
Ліст Папы Рымскага ад ад 6 сакавіка 1255 г.
Імя сына не названае, але, верагодна, гаворка пра аднаго з малодшых — наступнага па старшынстве Рукля, бо Войшалк ужо прыняў манаскі сан. Невядома, ці адбылася гэтая каранацыя, бо ніякіх звестак пра яе не захавалася.
Усе гэтыя дзеянні Міндаўга, як пазней аказалася, былі выкліканыя адной мэтай — захаваць добрыя адносіны з Інфлянцкім ордэнам, атрымаць ад яго дапамогу ў час вайны з Галіцка-Валынскай дзяржавай. Інфлянцкія рыцары напоўніцу скарысталіся спрыяльнай палітычнай кан’юнктурай: у якасці ўзнагароды за саюз і дапамогу атрымалі ад Міндаўга акты-дараванні на землі, праз якія ішла дарога, што лучыла Інфлянты з Прусамі. А каб дараванні пакрывалі ўсю дарогу, некаторыя акты сфабрыкавалі самі — ад імя Міндаўга. Гэта была найважнейшая стратэгічная задача Тэўтонскага ордэна — злучэнне па сушы ўладанняў прускай і інфлянцкай філій.
Тэўтонскі ордэн
Акты-прывілеі на землі ад Міндаўга прыдавалі іх тэрытарыяльным прэтэнзіям законную сілу ў вачах Еўропы. Іх насельнікаў пра згоду не пыталіся, яны былі язычнікамі, таму не лічыліся праўным суб’ектам.
Крыжацкім фальсіфікатам даследчыкі лічаць таксама прывілей, нібыта выдадзены Міндаўгам — пра пераход ва ўладанне Ордэна ўсёй Літвы ў выпадку адсутнасці ў Міндаўга нашчадкаў (гэта было магчыма арганізаваць).
Але гісторыя мае ўласныя дарогі, і па яе волі пераможнае шэсце крыжакоў у Балтыі было прыпыненае ў 1260 г. У гэтым годзе каля возера Дурбе (у Заходняй Латвіі) адбылася бітва паміж войскам Тэўтонскага ордэна, падмацаваным саюзнымі атрадамі шведаў, датчан, куршаў, прусаў і эстаў, з жамойскім войскам. Ордэн быў разгромлены праз здраду куршаў, якія ўдарылі крыжакам у тыл.
Сітуацыя ў балтыйскіх землях імгненна змянілася. Выбухнула буйное паўстанне прускіх плямёнаў, якое працягвалася паўтара дзесяцігоддзі і пагражала самому існаванню ордэнскай дзяржавы.
Бітва пры Дурбе. Аўтар V.Norkaus
Пасля 1260 г. Міндаўг адышоў ад саюза з Інфлянцкім ордэнам, спыніў кантакты з Ватыканам і вярнуўся ў паганства.
Як запісаў галіцка-валынскі летапісец: «Крещеніе же его льстиво бысть: жряше богомъ своимъ вътайне, первому Нънадѣеви (нонадѣеви) и Телявели, и Диверикъзу (и девикзу), Заеячему (заечему) богу и Мѣидѣину (и медѣину); егда выѣхаше на поле и выбѣгняше заяць на поле, въ лѣсъ рощенiя не вохожаше (не въхожаше) вну (вону) и не смѣяше ни розгы уломити, и богомъ своимъ жряше, и мертвыхъ тѣлеса сожигаше, и поганьство свое явѣ творяше».
Міндаўг. Гравюра 1578 г.
Як цвярозы палітык, ён дзейнічаў адпаведна з рэальным раскладам сілаў у рэгіёне, які выразна змяніўся не на карысць Ордэна — перадавога атраду Захаду ў Балтыі. Міндоўг палітычна і ментальна быў уключаны ў мясцовую ўсходнеславянскую культурна-палітычную сістэму.
Першы гаспадар Літвы не ведаў (не мог ведаць), што паклаў пачатак найважнейшай з’яве ў гісторыі сваёй дзяржавы і некалькіх народаў, да стварэння якіх яна прычынілася. Аднак сучасны гісторык мае магчымасць ацаніць дзейнасць Міндаўга ў агульным кантэксце гістарычнага працэсу.
Дзесяцігадовы перыяд саюзных адносінаў Міндаўга з Захадам стаў першай палітычнай праявай арыентацыі ВКЛ на заходнееўрапейскую цывілізацыю.
Заходнееўрапейскія ўплывы паступова ўзмацняліся ў краіне ад сярэдзіны XIII ст., але пры Міндаўгу, як і пазней, у часы Гедыміна, яны яшчэ не былі дастаткова моцнымі, каб выбар на карысць Захаду акрэсліўся канчаткова. Тым не менш пачаткі заходнееўрапейскай арыентацыі былі закладзеныя, а давяршыў справу праз стагоддзе з чвэрцю ўнук Гедыміна Ягайла Альгердавіч.
Канстанцін Семяновіч, budzma.org
Чытайце яшчэ: Параза ці перамога? Першы мір Вялікага Княства Літоўскага