Расказвала французам пра беларусаў — факты пра Ніну Абрамчык

22.03.2024 Асоба

Пра Ніну Абрамчык часцей успамінаюць як пра «жонку Мікалая Абрамчыка» — прэзідэнта Рады БНР у 1947–1970 гадах. Але Ніна цікавая і незалежна ад свайго мужа: яна актыўна займалася выдавецкай дзейнасцю і вывучала беларускую культуру ў эміграцыі. Асноўнае пра гэтую выбітную гераіню з гісторыі Беларусі расказала Еўрарадыё.


abramcyk.jpg
Ніна Абрамчык / @rubanau_collage

Настаўніца і эмігрантка

Ніна Ляўковіч (дзявочае прозвішча) нарадзілася 20 сакавіка 1916 — яна была зусім маленькай і падчас дзвюх рэвалюцый, і калі абвяшчалі незалежнасць БНР. Але яе з дзяцінства атачала беларушчына.

Скончыла Віленскую гімназію, вучылася ва ўніверсітэце і працавала настаўніцай на Пружаншчыне. Падчас вайны апынулася ў Берліне, дзе і пазнаёмілася з Мікалаем Абрамчыкам.

Займалася выдавецкай дзейнасцю

Разам з мужам Ніна Абрамчык выдавала ў Берліне кнігі. Напрыклад, яны апублікавалі Якуба Коласа і Ларысу Геніюш.

Сама Ніна Абрамчык таксама пісала і вершы, і апавяданні.

Даследчыца культуры

Яшчэ ў 1943-м Ніна разам з мужам пераехала ў Парыж. Там і засталася, вывучыла французскую мову.

Ужо ў канцы XX стагоддзя, пасля смерці мужа, Ніна Абрамчык займалася беларускай этнаграфіяй. У спецыялізаваных выданнях знайшліся яе працы на французскай мове, прысвечаныя беларускай культуры і этнаграфіі. Напрыклад, пра значэнне лёну ў беларускай культуры і аналіз вобразаў курыцы і яйка ў беларускіх казках і прымаўках.

Ніна Абрамчык зрабіла многае для развіцця беларушчыны ў эміграцыі, пры гэтым жывучы ў вельмі складаных умовах. Яна не заставалася ў цені вядомага мужа і рабіла тое, што лічыла важным.

Абрамчык памерла ў 2003 годзе. Яе магіла знаходзіцца ў Парыжы.