Стваральнікі серыі імпрэзаў «Беларусам быць модна» зладзілі ў бары «ДК» «Файны фэст», дзе аб’ядналі усё – фрашкі, паэзію, пераклады Джыма Морысана, рэп і панк-рок.
Калі прачытаць афішу «Файнага фэсту», логіка, якая магла сабраць гэтых цудоўных людзей на адной сцэне, адразу можа падацца цьмянай, непразрыстай. Закрадаецца думка, што выбар арганізатараў быў хаатычны, а можа, нават тлумачыўся толькі тым, што ўсе ўдзельнікі проста пагадзіліся выступіць. Але калі бачыш акуратных сімпатычных хлопчыкаў і дзяўчынак за столікамі бара, неяк разумееш, што гэтая публіка праслухае ўсё – і празаічныя фрашкі Севярына Квяткоўскага, і пераклады Уладзя Лянкевіча, і вершы Вікі Трэнас ды Алеся Плоткі, а завершыць беларускамоўным рэпам ад Zeman’а і слэмам пад Amaroka – бо беларусам быць сапраўды модна.
Вядоўца з інтанацыямі падазрона вясёлага доктара аб’яўляе пачатак фэсту (адразу ж вычарпаўшы ліміт на ўжыванне слова «файны») і захоплівае прысутных цікавым конкурсам: хвілін дваццаць дзяўчынкі і хлопчык перакідваюцца назвамі беларускіх музычных гуртоў. Але вось ужо на сцэне з’яўляецца пісьменнік і журналіст Севярын Квяткоўскі. «Адзін з заснавальнікаў Партыі аматараў піва», – дадае вядоўца. Севярын Квяткоўскі прадстаўляецца «расказчыкам» і зачытвае колькі сваіх фрашак – кароткіх забаўляльных гісторый з жыцця, якія піша сам і збірае як фалькларыст. Многія фрашкі маюць анекдатычную форму і, здаецца, вымагаюць смеху ў канцы. Севярын чытае сам і ўключае на ноўтбуку тэксты, агучаныя голасам актора Дзяніса Тарасенкі. Хтосьці моршчыцца на мацерных словах, хтосьці сапраўды смяецца. Максімальная ўспышка смеху была зафіксаваная чамусьці на словах «Пётр Клюеў, музыка».
“Паэт, музыка і шмат яшчэ розных рэгаліяў”, – выклікае вядоўца Уладзя Лянкевіча. “Шмат рэгаліяў, ажно страшна, – жартуе Лянкевіч, – асабліва страшна ад слова “рэгаліі” – такое яно мілагучнае”. Ён дадае ў конкурсна-гульнявы настрой вечара троху псіхадэлу, чытаючы свой пераклад паэмы Джыма Морысана “Selebration of the Lizard”, што па-беларуску гучыць як “Ушанаванне цмока”. “Калі каротка, сюжэт паэмы прыкладна такі, – тлумачыць Лянкевіч, – ты спіш, потым прачынаешся, а побач з табой цмок ці ўнутры цябе, а твая сяброўка закахалася ў яго, і ён паўсюль, і што рабіць, увогуле незразумела”.
Наступным выступае «страшна скандальны» пасля нядаўняй гісторыі з вершніцай на вокладцы яго кнігі паэт Алесь Плотка. Ён раздае прызы за конкурс на найлепшы пост пра гендарную роўнасць (пераможца змясціла «Укантакце» шмат фотаздымкаў дзяўчат з плакатамі, якія кідаюць у твар грамадству важныя пытанні). Плотка чытае вершы з кнігі «Байсан» і тыя, што ў яе не ўвайшлі. На ўра ідуць «10 правілаў хіпстара» («Хіба хіпстар будзе званіць на радыё і замаўляць песню?» – абураецца малады чалавек побач непраўдападобнасцю радка). Пад канец Алесь Плотка сыходзіць ва ўсхваляваную лірыку і, здаецца, неяк расчульваецца. Але вядоўца хутка вяртае яго на зямлю, уварочваючы моднае вынаходніцтва рабіць сэлфі на сцэне. І вось у момант, калі да калектыўнага сэлфі далучаюцца радасныя маладзёны ў вышымайках, да мяне даходзіць усё, пра што піша Альгерд Бахарэвіч, калі змагаецца з моднай беларушчынай, – такой троху інфантыльнай і павярхоўнай, безасабовай і растыражаванай, стылёвай, радасна-дурнаватай і пазбаўленай хоць якой таямніцы. Вось на секундачку сэрцам пагадзілася з Бахарэвічам ва ўсіх яго антывышыванкавых інтэрв’ю. Але тут аб’явілі чарговы конкурс, і дзяўчынкі па чарзе з выразам зачыталі фрашкі Севярына Квяткоўскага з маленькіх скрутачкаў, якія, здаецца, давалі на ўваходзе.
Саладжавую прыземленасць фэсту разбіў хрыплы дабрадушны рэпер Zeman, многім вядомы па працы ў гурце «Чырвоным па белым», які самаіранічна папярэджвае: «Думаю, палова зараз выйдзе з залы, бо рэп – гэта рэч-недарэчнасць», – але ніхто не сыходзіць, і ён разгойдвае публіку пад шчырыя рэчытатывы пра волю, вясну і краты.
На лёгкае імгненне на сцэне ўзнікае паэтка Віка Трэнас, каб прачытаць некалькі «кароткіх, але дарагіх для яе тэкстаў».
Панк-рок гурт Amaroka першымі ж акордамі сцягвае на танцпляц усіх наведнікаў. Калектыў, які пасля леташняга выступу на Майдане, пэўны час быў пад забаронай у Беларусі, цяпер зноў выступае, рыхтуе новую праграму, а 25 сакавіка мае сыграць на Дні Волі. Выступ Amaroka канчаткова ператварае літаратурную кавярню ў рок-клуб і надае нарэшце атмасферы нязмушанай шалёнасці.
Фэст, вядома ж, атрымаўся файным, больш пра яго і не скажаш.
Аляксандра Дорская
Фота: Аляксандр Tarantino Ждановіч
Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»