Фэст на сядзібе Рэйтанаў

На Ляхавіччыне ёсць адметнае, знакавае для беларускай гісторыі месца. Гэта маёнтак Грушаўка, радзіннае гняздо Рэйтанаў, шляхецкага беларускага роду, які даў нам імя Тадэвуша Рэйтана, нязломнага патрыёта, бескампраміснага барацьбіта за незалежнасць бацькаўшчыны. Гэтай сядзібай, якая, як і шматлікія шляхецкія сядзібы на Беларусі, знаходзіцца ў занядбаным стане, заапекаваліся вядомы мастак Алесь Родзін і механёр культуры Зміцер Юркевіч, вядомы проста як Мітрыч. Яны стварылі арт-суполку імя Тадэвуша Рэйтана і прыкладаюць намаганні, каб у будучым гэты маляўнічы куток беларускай зямлі стаў асяродкам мастацтва і культуры. 23 жніўня тут адбыўся фестываль сучаснага мастацтва ДАХ XXV “Вяртанне”. На пленеры былі выстаўлены 40 вялікіх жывапісных палотнаў Алеся Родзіна, на якіх адлюстравана гісторыя роду Рэйтанаў. На фэсце, дзе прысутнічалі шматлікія госці і мясцовыя жыхары, выступалі як народныя калектывы, так і моладзевыя, гучала эксперыментальная музыка, праведзены заняткі “Мова нанова”.

 

 

Прагучала ў Грушаўцы і паэтычнае слова. Свае патрыятычныя вершы прачытаў вядомы паэт Уладзімір Мароз. Хораша дапасавалася да азначэнне “сучаснае мастацтва” і класічная вершаваная форма санета. На заканчэнне сваёго выступу Уладзімір Мароз прачытаў санет “Шляхетны вобраз”, прысвечаны Уладзіміру Караткевічу. У творы вядзецца аб нашай памяці аб слаўным беларускім шляхецкім саслоўі, адным з найяркіх прадстаўнікоў якога быў Тадэвуш Рэйтан з яго нязломнай годнасцю.

Уладзімір Мароз – ужо неаднаразовы удзельнік фестываляў “Дах” – і як кінарэжысёр, аўтар дакументальнага фільма “Міфалагемы Родзіна”, прысвечанага аднаму з куратараў фестываля, знакамітаму беларускаму мастаку Алесю Родзіну, творчасць якога шарока вядома далёка за межамі нашай краіны; і як паэт.

Арганізатары, удзельнікі і госці фестываля атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі”.

 

 

Тэгі: