«Зялёная мяжа» — гісторыя сірыйскай сям’і, якая спрабуе перайсці мяжу Беларусі і Польшчы, каб пасля трапіць да сваякоў у Швецыю. Фільм зняла польская рэжысёрка Агнешка Холанд.
Кадр з фільму «Зялёная мяжа». Фота: Agata Kubis
Ідэя зрабіць фільм з’явілася восенню 2021 года, прыблізна праз месяц з пачатку мігрансткага крызісу на мяжы.
«Было зразумела, што людзі памруць без дапамогі, і яны ўжо пачалі паміраць. У сярэдзіне верасня я вырашыла, што не магу быць актывісткай і пайсці туды з цяжкім заплечнікам. Але я ведаю, як здымаць фільмы. І я зраблю гэта, каб паказаць, што яны спрабуюць схаваць», — распавяла Агнешка Холанд выданню Vulture.
«Зялёная мяжа» заснавана на рэальных падзеях. Аўтары фільма доўгі час даследавалі дакументы, інтэрв’ю з бежанцамі, памежнікамі, актывістамі ды экспертамі.
«Мы жывем у свеце, дзе патрабуецца вялікае ўяўленне і смеласць, каб супрацьстаяць усім выклікам сучаснасці. Рэвалюцыя ў сацыяльных сетках і штучны інтэлект прывялі да таго, што шчырым галасам становіцца ўсё цяжэй быць пачутымі. На мой погляд, няма сэнсу займацца мастацтвам, калі чалавек не змагаецца за гэты голас, калі ён не змагаецца за тое, каб задаваць пытанні пра важныя, балючыя, часам невырашальныя праблемы, якія ставяць нас перад драматычным выбарам. Менавіта такая сітуацыя і адбываецца на польска-беларускай мяжы», — кажа рэжысёрка фільма.
У фільме прынялі ўдзел акторы з розных краін свету, у тым ліку Павел Гарадніцкі і Дзяніс Тарасенка — удзельнікі вядомага гурта «Разбітае сэрца пацана».
«Зялёная мяжа» атрымала спецыяльную ўзнагароду фестывалю. Галоўны прыз «Залаты леў» дастаўся фільму «Бядняжкі» Ёргаса Ланцімаса. Таксама былі адзначаны стужкі «Зла не існуе» Русукэ Хамагуці і «Я — капітан» Матэа Гароне.