У райцэнтрах Гомельшчыны з’яўляюцца новыя муралы, створаныя ШІ. Атрымліваецца недарэчна

Чарговы мурал з’явіцца ў Жлобіне. На гэты раз — нетыповы, і па задумцы ініцыятараў, верагодна, павінен адлюстроўваць турыстычныя аб’екты раёна. У эскізе ў дакументацыі апублікаванага тэндэру ўсе аб’екты паспрабавалі аб’яднаць у адным малюнку. Як вынік — выява выглядае недарэчна і нагадвае працу штучнага інтэлекту, піша flagshtok.info.

Eskiz Эскіз з дакументацыі тэндэру

Гэты мурал нанясуць на тарцы жылога дома № 30 у 19-м мікрараёне. А выява ў такім жа стылі ўжо з’явілася ў Рэчыцы. Гледзячы па ўсім, райцэнтры атрымалі ўказанне такім чынам прасоўваць свой турыстычны патэнцыял.

Mural Фота: Threads

Яшчэ адзін тып графіці, якім жадаюць «упрыгожыць» райцэнтры Гомельшчыны, — экалагічны. У Мазыры выдзяляюць 26 тыс. рублёў за стварэнне двух муралаў «на прыродаахоўную тэматыку», як гаворыцца ў аб’яўленай закупцы.

А ў Калінкавічах выдаткуюць амаль 18 тыс. рублёў на нанясенне мурала «ў рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Экалогія» на 2026-2030 гады» і плана мерапрыемстваў па рэалізацыі задач падпраграмы «Экалогія» ў Калінкавіцкім раёне«.

Eskiz
Прыкладзены да тэндэру эскіз таксама створаны з дапамогай штучнага інтэлекту

Новыя тыпы муралаў прыйшлі на змену вайсковым графіці, якімі раней масава «ўпрыгожвалі» Гомель і іншыя гарады рэгіёна.