1 траўня на платформе VODBLISK з’явіцца фільм Дар’і Жук «Крышталь», што вылучаўся на оскар, і яе кароткаметражныя працы («Сапраўдная амерыканка», «Хапай турыстаў», «Паветра ўнутры яе»). Такім чынам, гледачы змогуць выбіраць, што глядзець, ужо з 6 беларускіх фільмаў у медыятэцы VODBLISK. Нагадаем, тыя, хто знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, у 2023 можа глядзець фільмы на платформе VODBLISK бясплатна.
Дар'я Жук
VODBLISK — анлайн-кінатэатр беларускага кіно, які стварыла каманда кінафестывалю «Паўночнае ззянне», каб гледачы мелі магчымасць адкрываць для сябе сучасныя незалежныя дакументальныя і ігравыя фільмы, зробленыя беларусамі і беларускамі.
«Жывая, іранічная камедыя аб сутыкненні культур», — ёміста апісала вядучае амерыканскае медыя Variety фільм «Крышталь» Дар’і Жук. Аднак пра яго можна сказаць значна болей. Эксперты называюць яго прарывам для беларускага кінематографу. Апроч Variety пра «Крышталь» напісалі станоўчыя водгукі ўплывовыя сусветныя выданні: Hollywood Reporter, Screen International. Дзякуючы гэтаму фільму ў Беларусі ўпершыню за дваццаць гадоў збіраўся Оскараўскі камітэт. Стужка з’яўлялася на экранах найбуйнейшых фестываляў, а таксама атрымала шэраг узнагарод. А сярод мантажораў фільма — Міхал Лешчылоўскі, той самы, які манціраваў «Ахвярапрынашэнне» Андрэя Таркоўскага.
Рэфлексіўная гісторыя дыджэйкі Велі, якая марыла з’ехаць з Мінска ў Чыкага на радзіму ўлюбёнага музычнага стылю, знойдзе водгук і ў тых, хто жыў у 90-я ў Беларусі, і ў тых, хто гэты перыяд не заспеў, але праз экран зможа адчуць увесь боль постсавецкага беспарадку.
Па сюжэце праз абдрукоўку ў падробленай анкеце на амерыканскую візу маладая Веля апынаецца ў завадскім мястэчку Крыштальны. Там яна збіраецца любой цаной дамагчыся ажыццяўлення сваёй «амерыканскай мары».
Сама Дар’я Жук у адным з інтэрв’ю адзначала, што яе фільм не проста пра 90-я, а канкрэтна пра 1996-ы, пра гістарычны момант для Беларусі, калі яна пачала рухацца па сцежцы дыктатуры.
У аснове сцэнара ляжыць сапраўдная гісторыя, якую рэжысёрка пачула ад сяброўкі, калі пачынала вучыцца ў Штатах. Сцэнарыстка Хельга Ландаўэр аформіла ідэю ў сінопсіс, тады дзяўчаты даслалі сцэнар на «Беларусьфільм», дзе ён нерухома праляжаў паўтара года, пасля чаго Дар’я сама стала шукаць грошы на здымкі. У выніку «Крышталь» падтрымалі фінансамі ажно чатыры краіны: Германія, ЗША, Беларусь, Расія.
Здымкі фільма праходзілі ў Беларусі. Над стужкай працавала міжнародная здымачная група, а галоўныя ролі выканалі Аліна Насібуліна, Іван Мулін і былая акторка купалаўскага тэатра Святлана Анікей. У эпізадычнай ролі фільма нават з’яўляецца спявак Хаскі.
Рэжысёрка, апісваючы свой фільм, кажа: «З аднаго боку, „Крышталь“ абгорнуты ў такую каляровую выдатную абгортку, як лядзяш, які можа быць горкім у канцы. Гэта ж камедыя спачатку, але потым фільм імкнецца быць нечым яшчэ». Паглядзіце трэйлер.
Працягваючы тэму эміграцыі і «амерыканскай мары», фільм «Сапраўдная амерыканка» пераносіць гледача ў 1994 год і расказвае гісторыю Алі, студэнткі з постсавецкай прасторы, якая прыехала па абмене ў Амерыку. Дзяўчына спрабуе зразумець адрозненні культур, упісацца і быць сапраўднай амерыканкай. За гэты фільм Дар’я Жук атрымала прыз за найлепшую рэжысуру ад New York Women in Film and Television. Паглядзіце трэйлер.
«Хапай турыстаў» — кароткі метр 2014 года. Сюжэт дастаткова просты: турыст знаёміцца з мясцовай дзяўчынай і нечакана для сябе аказваецца ўцягнуты ў любоўны трыкутнік. Аднак за гэтай прастатой хаваецца хупавае і запамінальнае выкананне гэтай гісторыі з цікавым сюжэтным твістам. Паглядзіце трэйлер.
«Паветра ўнутры яе» — самая першая кароткаметражная праца Дар’і Жук, створаная ў 2011 годзе. Фільм аб шасцігадовай Каці, якая ўпершыню даследуе смерць і адкрывае для сябе жыццё такім, якім яго ніколі раней не бачыла.
«Крышталь» будзе даступны толькі для гледачоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Яны змогуць глядзець фільм бясплатна, як і ўвесь рэпертуар медыятэкі VODBLISK у 2023 годзе. У аўдыторыі з замежжа будзе магчымасць паглядзець любы з трох кароткаметражных фільмаў Дар’і Жук («Сапраўдная амерыканка», «Хапай турыстаў», «Паветра ўнутры яе») за 5$ альбо набыць іх танней усе разам за 9$. Доступ да фільма захоўваецца 30 дзён з моманту першага прагляду, пры гэтым глядзець яго можна любую колькасць разоў.
Вы можаце падтрымаць данатам дзейнасць каманды кінафестывалю «Паўночнае ззянне» і анлайн-кінатэатра беларускага кіно VODBLISK.