Праз тры гады з моманту прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і першых маршаў пратэсту паспела выйсці некалькі дзясяткаў дакументальных фільмаў, журналісцкіх рэпартажаў і інтэрв’ю рознай якасці і глыбіні прапрацоўкі. Кінакрытык Тарас Тарналіцкі распавядае на budzma.org пра найбольш вартыя ўвагі мастацкія творы, прысвечаныя рэфлексіі яшчэ вельмі актуальных і балючых падзей. Большасць з іх пакуль немагчыма адшукаць у адкрытым доступе па розных прычынах: праз бяспеку людзей, якія трапілі ў кадр, і няскончаную фестывальную гісторыю.
Кадр з фільму "Кураж", А. Палуяна
«Мара» (Францыя — Грузія, 2022)
Рэжысёр: Саша Кулак
Багіня Мара трапляе на сонечныя мінскія вуліцы ўзору 2020 года, дзе гараджане ўдзельнічаюць у мірных пратэстах, і паступова ператвараецца ў ахопленую страхам беларуску, якая баіцца пакідаць свой дом.
Фільм, які зрабіла выпускніца Маскоўскай школы новага кіно Саша Кулак, не так проста патлумачыць. Ён існуе на скрыжаванні палітычнага арт-перфомансу, уедлівага дакументальнага рэпартажу, жалобнай праваабарончай публіцыстыкі і змрочнага філасофскага эсэ. Але калі казаць больш ёміста — гэта наіўная казка пра жаданне перамен, якая менш чым за гадзіну ператвараецца ў фільм жахаў пра масавы гвалт і катаванні. Такую ж трансфармацыю перажыло і беларускае грамадства за апошнія тры гады.
«Калі кветкі не маўчаць» (Польшча, 2021)
Рэжысёр: Андрэй Куціла
Назіранне за некалькімі жанчынамі, якія праз уласны вопыт ці пакуты родзічаў сутыкнуліся з людажорскім абліччам позняга беларускага аўтарытарызму.
Дакументаліст Андрэй Куціла ў прыватных размовах прызнаецца, што не любіць кан’юктурныя тэмы, але трэба прызнаць, што з імі ён па-майстэрску працуе. Назва яго апошняй чорна-белай стужкі адсылае да мірнага характару пратэсту, фундаментам якога сталі беларускія жанчыны. Іх моцны характар і нязломны дух аўтар адлюстроўвае паступова, дасягаючы эмацыйнага піку ў самым канцы, калі адна з галоўных гераінь, пераадолеўшы ўласны страх і сумневы, выходзіць на чарговы нядзельны марш. Што разрывае не толькі душу гледача, але, натуральна, і палітру кадра, які з прыглушана манахромнага робіцца паўнавартасна каляровым.
«Мы не ведалі адно аднаго да гэтага лета» (Беларусь — Чэхія, 2021)
Рэжысёр: Вольга Абрамчык
Мантажная праца, сатканая з вялікай колькасці мабільных відэа, зробленых беларусамі да, у час і пасля выбараў. У Вольгі Абрамчык атрымалася зрабіць з мазаікі эмацыйных, часам жудасных, а месцамі і натхняльных кадраў сапраўдную панараму спякотных падзей лета 2020 года.
Фільм тут выступае ў розных жанравых амплуа: і як палітычны трылер пра напужаную лукашэнкаўскую бюракратыю, і як драматычны баявік пра разгон мітынгаў з удзелам тэхнікі і светлашумавых гранат, і як фільм жахаў з кадрамі гвалту і крыкамі людзей, якіх катуюць. Аўтары відэа тут адначасова выступаюць сведкамі падзей, робячы фільм і дакументам эпохі, і гіперрэалістычнай драмай аб няспраўджаных надзеях.
«Апошняе лета» (Польшча, 2022)
Рэжысёр: Ігар Чышчэня
Лета ў Мінску, скейт-пляцоўка, канфлікты падлеткаў і першае каханне. Першы замежны праект дакументаліста Ігара Чышчэні — гэта тыповы кінараман сталення сталічных падлеткаў-скейтараў, прасякнуты вайбам свабоды самавыяўлення, пачуццяў, думак.
Жвавая аператарская праца, а таксама насычаная гукарэжысура сумесна з добра падабранай музыкай — і спальны раён сталіцы ўжо не пазнаць. Ты нібы трапляеш у нейкі новы горад, значна больш вольны і крэатыўны, чым Мінск пачатку 2020-х гадоў. Рубіконам падзей становяцца тыя самыя прэзідэнцкія выбары, пасля якіх сканчаецца не толькі лета, але і бесклапотнае дзяцінства герояў, якія трапілі ў трывожнае і незразумелае дарослае жыццё.
«Смеласць» (Германія — Беларусь, 2021)
Рэжысёр: Аляксей Палуян
Калі існуе фільм, які непарыўна асацыюецца з падзеямі 2020 года, дык гэта відавочна «Смеласць» Аляксея Палуяна.
Стужка паспела трапіць не толькі ў праграму Берлінале 2021 года, але паездзіла па шматлікіх кіназалях еўрапейскіх гарадоў, стала цвіком праграмы палітычных і праваабарончых падзей. Але, бадай, найбольш важнае дасягненне «Смеласці» ўсё ж мастацкага кшталту. Палуян праз гісторыі трох акцёраў Беларускага свабоднага тэатра паказаў пратэсты 2020 года не як нечаканы сацыяльны выбух, а як частку грамадзянскай эвалюцыі, элемент з адзінага і непарыўнага ланцужка антыўладных пратэстаў 1990-х, 2000-х і 2010-х гадоў. І прапанаваў метад іх захоўвання ў гістарычнай памяці людзей праз тэатральныя сродкі.
«У жывым эфіры» (Польшча, 2022)
Рэжысёр: Мара Тамковіч
У ігравым кіно адлюстравання падзей 2020 года пакуль што вобмаль, але паступова з’яўляюцца і яно. Яскравы прыклад — кароткаметражная праца «У жывым эфіры», якая пераасэнсоўвае стрым з Марша памяці Рамана Бандарэнкі. Яго вялі журналісткі Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева, за што рэжым пакараў іх турэмным зняволеннем.
Тамковіч зрабіла сваю версію тых падзей, больш гераічную і рамантычную, чым было насамрэч. І гэта спрацоўвае — «У жывым эфіры» выглядае як герметычны трылер у палітычнай афарбоўцы, гераінямі якога становяцца ўнутрана моцныя дзяўчыны. Месцамі, канечне, прабіваецца гераічны пафас журналісцкай працы, але агулам драматургія фільма працуе якасна, як добры швейцарскі гадзіннік.
«Падручнік» (Германія, 2021)
Рэжысёр: Павал Мажар
Ці можна паказаць усю нечалавечнасць карнай сістэмы беларускага аўтарытарызму, не выходзячы за межы ўтульнай нямецкай кватэры? Цяжкая задача, з якой рэжысёр Павал Мажар бліскуча справіўся.
З дапамогай падрабязных тэкстаў пра катаванні і некалькіх запрошаных акцёраў, якія ўзорна імітуюць сілавікоў і затрыманых пратэстоўцаў, «Падручнік» безэмацыйна ілюструе ўсю прагматычнасць і ашчаднасць сілавога апарата рэжыму, які здолеў праглынуць і пераварыць шматтысячны пратэсны рух. У нечым гэта дакументальна-перфаматыўнае кіно нагадвае візуальную гісторыю Трэцяга рэйха, дзе такія ж закаханыя ў татальны парадак і кантроль нацысты стварылі эфектыўны канвеер па знішчэнні цэлай нацыі.
«Калыханка» (Польшча, 2023)
Рэжысёр: Іван Гапіенка
Малады чалавек вяртаецца да дому, які больш нагадвае турму. У палоне дрэнных думак апынаюцца і думкі галоўнага героя, які трапляе ў сеці гіганцкага павука.
Малады аніматар Іван Гапіенка адмаўляе, што яго анімацыйны фільм быў натхнёны перажываннямі ад рэпрэсій апошніх гадоў, але словы тут не патрэбныя. Жывыя малюнкі «Калыханкі» адразу нараджаюць усю гаму трывожнасці і страху людзей, якія сутыкнуліся з пячорнай прапагандай і рэпрэсіямі беларускіх уладаў. Цені ад жалюзі на вокнах як пруты турэмных кратаў, вобраз павука, які замотвае ў кокан кожную ахвяру, што трапіла ў яго лапы, — усяго гэтага дастаткова, каб разгледзець ва ўніверсальнай гісторыі пранізлівую беларускую рэчаіснасць.
«Радзіма» (Украіна — Нарвегія — Швецыя, 2023)
Рэжысёры: Ганна Бадзяка і Аляксандр Міхалковіч
Калі б паміж беларускімі рэжысёрамі існавала спаборніцтва, «хто лепш схавае ўзгадкі свайго фільма з публічнай прасторы» ў мэтах бяспекі людзей, якія прымалі ўдзел у яго стварэнні, то першая месца, безумоўна, трэба аддаць аўтарам «Радзімы».
Трэйлер у стужкі адсутнічае як клас, скрыншотаў вобмаль, а з кароткага апісання толькі зразумела, што стужка распавядае пра сучасную Беларусь. Так і ёсць на самай справе, бо фільм уяўляе сабой дакументальнае даследаванне гвалту ў грамадскай прасторы краіны і жыцці беларусаў. А менавіта яго інструментальную сутнасць, якая становіцца зразумелай, калі беларускі аўтарытарызм пашырае практыку вайсковай дзедаўшчыны на ўсю краіну, толькі каб захаваць уладу ў руках. 2020 год тут выступае толькі як невялікі эпізод, які павінен паказаць, што гэта жудасная практыка ўжывання гвалту даходзіць да свайго змрочнага апагею.
«Маршрут перабудаваны» (Беларусь, 2020)
Рэжысёр: Максім Швед
Акрамя Youtube і хатняй кухні існуе яшчэ трэцяе месца, дзе беларусы здольныя вольна разважаць на палітычныя тэмы — гэта салон таксі. Гэтай магчымасцю і скарыстаўся напярэдадні выбараў 2020 года рэжысёр Максім Швед, паздымаўшы шчырыя размовы пасажыраў таксі з двух гарадоў: Мінска і Баранавічаў.
Атрымаўся часам шчыры, а месцамі наўмысна падстроены экзітпол меркаванняў не толькі электаральнай кампаніі, але і бліжэйшай будучыні ўсёй краіны. Прыхільнікі Лукашэнкі і яго ярыя праціўнікі праз магію кінамантажу спрачаюцца паміж сабой, намацваючы ўсё больш грамадскі раскол, у якім Беларусь апынецца літаральна праз пару год пасля гэтых шчырых размоў.
«Вызваленне» (Беларусь, 2021)
Рэжысёр: Мікіта Лаўрэцкі
Фільмаграфія Мікіты Лаўрэцкага — творцы, апантанага безбюджэтным ігравым кіно, якое часта будуецца на доўгіх імправізацыйных дыялогах — да апошняга заставалася апалітычнай, сфакусаванай на пачуццях і думках аўтара. Але бязлітасны 2020 год дастаў з утульнай ракавінкі і яго. Гэта вылілася ў некалькі эксперыментальных прац, якія асэнсоўваюць міліцэйскі гвалт («Дзіцячы фільм») і разгубленасць ад новай рэчаіснасці («Спатканне ў Мінску»). Але найбольш эмацыянальна насычанай і шчырай апынулася яго дакументальная стужка «Вызваленне».
У фільме на волю з Акрэсціна выходзіць брат рэжысёра — студэнцкі актывіст Данііл Лаўрэцкі, які хутка быў вымушаны пакінуць краіну нелегальным чынам. Гісторыя Данііла падобная на лёс дзясяткў тысяч беларускіх эмігрантаў, што робіць «Вызваленне» па-сапраўднаму ўніверсальнай і зразумелай кожнаму драмай.
MINSK (Эстонія, 2021)
Рэжысёр: Барыс Гуц
Знятая адзіным кадрам гісторыя маладой пары мінчукоў, закаханых адно ў аднаго, якія выпадкова трапляюць у варонку гвалту ноччу 9 жніўня 2020 года
Эксперыментальны фільм расійскага рэжысёра Барыса Гуца, дэкарацыяй для якога стаў эстонскі спальны раён, прынята шмат крытыкаваць за адчувальную «забаўляльнасць» гвалту беларускай міліцыі (увесь фільм нагадвае бесперапынны атракцыён жахаў), расійскую атмасферу, што падмяняе сабой беларускую рэчаіснасць, і зусім ужо вымучаны эпілог. Але трэба аддаць належнае Гуцу — яго фільм акунае гледача ў такі ж эсхаталагічны жах ад нематываванага гвалту, што і сапраўдныя падзеі на вуліцах Мінска тры гады таму. Глядзець кіно сапраўды няпроста.
«Беларусь 23.34» (Беларусь — Украіна — Данія — Польшча, 2023)
Рэжысёрка: Таня Свірэпа
Некалькі дзясяткаў чалавек, якія перажылі арышты і гвалт у 2020 годзе, распавядаюць на камеру свае ўласныя гісторыі, што паступова сплятаюцца ў адзіны маналітны жудасны аповед.
Фільм дакументалісткі Тані Свірэпы не можа пахваліцца мастацкай выразнасцю і глыбінёй прапрацоўкі псіхалагічных траўм беларусаў. Гэта хутчэй аўдыяпадкаст здзейсненых і непакараных злачынстваў, якому відэашэраг патрэбны проста каб даказаць, што ўсе гісторыі — не пастаноўка, а адбыліся з сапраўднымі людзьмі. Таму «Беларусь 23.34» больш упэўнена працуе як кінапубліцыстыка і сапраўдны дакумент нядаўняй мінуўшчыны, што працягвае паліць нутро няспынным болем і роспаччу.
Тарас Тарналіцкі, budzma.org