Чалавек хутчэй паверыць у тое, што ён убачыў, чым у тое, што прачытаў ці пачуў, таму фотажурналістыка можа хутка і эфектыўна пераканаць чалавека ў тым, што і як было.
Фільм “Ваенныя фатографы” рэжысёра Ражэ Тэрона ўсе ахвотныя маглі прагледзець 14 кастрычніка ў канферэнц-залі бібліятэкі імя Пушкіна ў Мінску. Гісторыі розных людзей, для якіх фота зрабілася не проста хобі ці прафесіяй, а ладам жыцця, лёсам. Сам фільм кароткі, менш за паўгадзіны, але пакідае моцнае ўражанне. Вайна з усёй сваёй жорсткасцю паказаная як з’ява, успрыняццем якой можна маніпуляваць. Не было аповеду пра Мінск і БССР. Пра гэта, а таксама пра ўсё, што зацікавіла гледачоў, пасля прагляду расказвалі Юры Васільеў (дырэктар галерэі “Свет фота”) і Уладзімір Парфянок (заснавальнік і рэдактар беларускага фатаграфічнага вэб-альманаха “Photoscope.by”), якія адказвалі на пытанні.
“Любая вайна мае шмат аспектаў, дзіўных і складаных, і любая краіна зацікаўленая не паказваць іх усе. Фота, як і дакументальнае кіно, вельмі моцна ўплывае на вынік вайны. У фільме было сказана, што менавіта дзякуючы фота грамадская думка рэзка змянілася, і людзі запатрабавалі спыніць вайну ў В’етнаме. Фота і палітыка вельмі моцна з’вязаныя”, – зазначыў Уладзімір Парфянок. І праз гэтую сувязь ваенным фатографам цяжка застацца вернымі сваім маральным прынцыпам.
На фота Уладзімір Парфянок
Быць ваенным карэспандэнтам азначае магчымасць пабачыць і паказаць, за што і як гінуць людзі на вайне, якую абвясцілі кіраўнікі краін. У такім разе напісаць гісторыю такой, якой яе жадаюць бачыць ідэолагі, – самае запатрабаванае. На тэрыторыі СССР няшмат хто мог фатаграфаваць вайну: негатывы знішчаліся, не дазвалялася нават здымаць паўразбураны пасляваенны Мінск. Нельга было паказаць на фота смерць аднаго асобнага салдата, хоць паміралі тысячы.
Магчыма, ваеннае фота дало нараджэнне фотарэпартажу.
Прагляд французкіх дакументальных фільмаў пра фота арганізуе амбасада Францыі ў Беларусі пры падтрымцы Цэнтра фатаграфіі, і прымеркаваны прагляд да Году фота ў Беларусі. Пра што фільмы, можа зразумець кожны, таму што яны агучаныя па-расійску. Іх перакладам займаліся студэнты 5 курса перакладчыцкага факультэта МДЛУ. Прагляды фільмаў рознай тэматыкі праходзяць з 13 па 15 і з 20 па 22 кастрычніка. Пра гэта больш на сайце амбасады Францыі ў Беларусі. www.ambafrance-by.org.
Вынаходнік фота – француз Нісэфар Ньепс. Фільмы французаў, пра фота ў тым ліку, – частка іх культуры. На якой мове размаўляюць героі – гэта істотна, але тое, што фільмы пераклалі, робіць іх даступнымі тым, хто не ведае французскай і не мае ўяўлення пра французкую культуру.
Добрая частка выставаў, што адчыняюцца апошнім часам, – фота. Фота папулярнае. З фотаздымачамі ходзяць хаця б для таго, каб зняць сябе ці сяброў, ну і прыгожае змярканне… Звычайна мы бачым свет у фота. У гэтых жа фільмах можна пабачыць, як жыве фота ў свеце.
Гледачы