Мастацкія вобразы і гульня ўяўлення, авангардныя арт-аб’екты і аўтарскія імкненні да наватарскай творчасці – выстава фота, жывапісу і дызайну, што апанавала ў межах фэсту “Fun House” сутарэнні мінскага Палаца мастацтваў 31 сакавіка.
Рэінкарнацыі старых рэчаў у аб’ектах і нязвыклы погляд на звыклыя з‘явы ў фота, інтэрпрэтацыі аўтарскай думкі і ўвасабленне натхнення паўсталі ва ўсёй сваёй шматграннай вобразнасці.
“Нават у самых шэрых рэчах можна часам убачыць пазітыў”, – зазначыў удзельнік фэсту – фотамастак Антон Архіпенка – і паказаў на ўсмешку з цэглы на адной са сваіх прац.
Тэлевізар, перабудаваны ў гадзіннік, тут мяжуе з абстрактна сагнутымі цвікамі ў малюнках Ігара Нясветнікава. Праз тэлепорт “Рэч у сабе” можна зазірнуць ва ўласныя вочы ды дагукацца да падсвядомасці, калі пашанцуе, а таксама выпіць гарбаты з казачнай Алісай з дапамогай кампазіцыі ад Алесі Цап.

Куратар мастацкай выставы Андрэй Самародаў
Куратар выставы Андрэй Самародаў:
– Пры стварэнні гэтай выставы мы імкнуліся паказаць радасны, прамяністы моладзевы настрой, творчы запал, вясну – усё тое, што штурхае да самарэалізацыі, дае энергію і натхняе на творчасць. Спадзяюся, прысутныя змогуць адкрыць для сябе новых аўтараў і ўбачыць, што ў нас сапраўды ёсць новыя цікавыя мастакі, дызайнеры і фатографы, якія вартыя таго, каб іх ведалі.
Выканаўца абавязкаў прэс-аташэ амбасады ЗША ў Беларусі Эмілі Ронэк:
– Гэты фэст – добры прыклад супрацоўніцтва паміж амбасадай ЗША і некамерцыйнымі арганізацыямі Беларусі. Я тут толькі два тыдні. Дагэтуль я жыла тры гады на Украіне, а цяпер жыву у Расіі. Але магу сказаць, што Беларусь – своеасаблівая краіна, якая не падобная ні да Расіі, ні да Украіны. Апроч іншага тут ёсць свая крэатыўнасць у творчасці, якую я магу бачыць сёння.
У выставе ўзялі ўдзел 22 аўтары, не старэйшыя за 31 год, якія прэзентавалі 136 твораў у розных галінах мастацтва, згодна з уласным светаўспрыманнем. Многія з удзельнікаў фэсту упершыню прэзентавалі свае працы шырокаму колу гледачоў. Сярод іншых творчымі пошукамі падзяліліся Ксенія Буланава, Яўген Мацюта, Вольга Крывец, Наталля Стральчук, Вольга Паўлава ды інш.
Удзельнік выставы фатограф Павал Церашкавец:
– Я займаюся фатаграфіяй яшчэ з пятага класа, выстаўляюся ўпершыню. Прыемна глядзець на свае працы, калі людзі падыходзяць да іх, нешта абмяркоўваюць.
Дызайнерская задума ў рэтра-строях адлюстравалася ў экспазіцыйным куточку Нінэль Ерафеевай:
– Гэта не толькі рэтра, а таксама шматлікія вобразы, якія мяне натхняюць. Гэта мая першая выстава. Кожную рэч я разглядаю пад вуглом выкарыстання яе ў творчасці, пацеркі гэта ці тканіна.
Выстава моладзевага крэатыву і аўтарскіх пошукаў у дызайне, мастацтве, графіцы і фатаграфіі праходзіць у межах фэсту “Fun House” і працягнецца да 2 красавіка.
Фестываль моладзевых праектаў і творчых эксперыментаў “Fun House” ладзіцца пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”.