• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
26.02.2019 | Гісторыя

Французскі след Тэадора Нарбута

Тэадор Нарбут — адзін з найбольш заўважных дзеячаў беларускай гістарычнай навукі першай паловы ХІХ стагоддзя. Ён пакінуў значны след у археалогіі, археаграфіі, фалькларыстыцы і музейнай справе. Аднак яго навуковы ўнёсак, на жаль, нельга назваць бездакорным.
 

Апаненты небеспадстаўна папракалі Нарбута ў фальсіфікацыях і вельмі вольным выкарыстанні гістарычных фактаў. Тым не менш забываць гэту выбітную постаць першай паловы ХІХ стагоддзя было б злачынствам. Дзень нараджэння Нарбута (1784–1864 гг.), які па старым стылі прыпадае на 28 кастрычніка (ці на 8 лістапада па новым стылі) у чарговы раз падштурхоўвае нас да рэфлексіі аб яго творчай спадчыне і таямніцах біяграфіі. А наступны, 2019 год наогул мусіць прайсці пад знакам Нарбута — спаўняецца 235 гадоў з дня яго нараджэння!

У біяграфіі, як і ў творчай спадчыне Тэадора Нарбута, шмат неверагодных і часам фантастычных дэталяў. Чаго толькі вартая адна гісторыя са знаходкай і публікацыяй «Баркулабаўскага летапісу». Але асабіста мяне заўжды інтрыгаваў эпізод яго знікнення ў 1812 годзе.

Здзіўляла, што біяграфія настолькі папулярнай асобы фактычна мае белую пляму ў такі вырашальны для лёсу Радзімы год. Што рабіў Нарбут у 1812 годзе? Неаспрэчны факт, што ён кінуў вайсковую кар’еру і выйшаў у адстаўку якраз напярэдадні вайны ў чыне штабс-капітана расійскага войска. Што было далей? Алесь Ненадавецу біяграфіі Нарбута (Серыя «100 выдатных дзеячаў», 2014 год) асцярожна абыходзіць гэта пытанне, намякаючы на прафранцузскія настроі навукоўца: «Зразумела, сказаліся раны, кантузія, хваробы, але нельга забывацца і пра тое, што Нарбут чакаў ад хуткай вайны не перамогі рускіх войскаў, а здзяйснення абяцанняў Напалеона, паводле якіх тэрыторыя сучаснай Беларусі павінна была вярнуцца ў межы Рэчы Паспалітай да першага падзелу ў 1772 годзе». У іншай біяграфіі Нарбута, якая належыць Кастусю Тарасаву, чытаем больш інтрыгуючую версію. Дакладней, версіі.

Прапаноўваюцца тры магчымыя сцэнары падзей. Першы прадугледжваў, што Нарбут ціха перабыў лета-восень 1812 года ў сваім маёнтку Шаўры на Лідчыне. Другі, больш цікавы, накіроўваў яго зноў на службу ў расійскую армію. («…вайну 1812 года ён сустрэў у Вільні, знаходзячыся пры двары імператара Аляксандра, і быццам бы ўдзельнічаў у вайне з Напалеонам у шэрагах расійскай арміі, і нават атрымаў за гэта медаль. У якой арміі, у якім палку якой дывізіі ці пры якім штабе — невядома»).

Апошняя, трэцяя версія, найбольш шматабяцальная. Паводле яе Нарбут далучыўся да Вялікага Войска ў Вільні і служыў перакладчыкам пры штабе генерала Жана-Клода Маро (1755–1828). Пасля паразы Банапарта Нарбут не эміграваў, а застаўся дома нелегальна, пакуль не дачакаўся амністыі ў 1815 годзе. Адназначны адказ пра 1812 год у жыцці Нарбута мог бы даць сам герой, але ён, на жаль, ніколі не выказваўся на гэту тэму адназначна і дэталёва.

Сапраўды, тры агучаныя версіі ўвесь час перадрукоўваюцца і множацца ў польска-, беларуска- і рускамоўных крыніцах. Верагоднасць удзелу Нарбута ў вайне на баку Напалеона не пацвярджаецца дакументальна. Канешне, французы маглі мець вялікую цікаўнасць да ваеннага інжынера, які ў свой час праектаваў і, адпаведна, ведаў усё пра Бабруйскую крэпасць. А яе падчас вайны трымалі ў аблозе і не маглі ўзяць атрады польскага генерала Яна Дамброўскага. Патрыятычныя матывы таксама маглі падштурхнуць Нарбута да актыўных захадаў у 1812 годзе (прыгадаем яго пазіцыю падчас паўстанняў 1830–1831 і 1863–1864 гадоў).

Летась я паспрабаваў знайсці ўласны адказ пра дэталі 1812 года ў жыцці Нарбута, падчас працы ў Ваенным, а пасля і ў Нацыянальным архіве Францыі. Шанец адшукаць згадку пра чальца штабу французскага генерала быў сапраўды даволі вялікі, бо справаводства ў напалеонаўскім войску працавала дакладна, як механізм гадзінніку. Ды марна. Пошук Нарбута ў атачэнні генерал Маро не даў выніку. Безумоўна, гэта не абвяргае гіпотэзу, бо ў архіўных пошуках нельга спадзявацца на хуткі вынік.

Нечаканым французскім следам Нарбута стаў план Вільні ў картаграфічнай калекцыі Нацыянальнай бібліятэкі Францыі («Plantopographique de Vilna» (D1803)). Пра аўтарства сведчыць подпіс «намалявана Т. Нарбутам» («dessinépar T. Narbouth)». Каб упэўніцца ў аўтарстве плана Вільні, варта параўнаць гэты подпіс з аўтографам на кнізе, што захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Зірніце самі! Розніца ў напісанні прозвішча палягае ў французскай перадачы гучання слова. Але вось напісанне і нахіл літар, і, галоўнае, вензель — яны красамоўна сведчаць пра руку аднаго чалавека.

Аўтограф Т. Нарбута з фонду НББ

Аўтограф Т. Нарбута з фонду НББ. Подпіс «памалявана Т. Нарбутам» («dessinépar T. Narbouth)»

 

Пры апісанні Плана Вільні ў каталозе французскай бібліятэкі была дапушчаная памылка з-за асаблівасці почырку Нарбута. Замест Т — Т. Нарбут, ён праходзіць як І.Нарбут. Аднак бясспрэчна, што Нарбут так спецыфічна пісаў літару «Т» (для гэтага параўнайце подпіс з №40 легенды «mosquée tartare» «мячэць татарская»)

Іншая справа, што наяўнасць у французскім кнігазборы плана Вільні не з’яўляецца доказам яго ўдзелу ў вайне. Было безліч іншых магчымасцяў для з’яўлення малюнка ў Парыжы. Тым не менш, план Вільні рукі нашага вядомага інжынера і гісторыка варты пільнай увагі даследчыкаў. Нагадаем, што Нарбут паводле ваеннай адукацыі быў інжынерам-фартыфікатарам.

Тапаграфічны план Вільні — гэта даволі вялікі па памеры твор (45х32 см.), выкананы тушшу і фарбамі. Ён не датаваны (GED-1803 — гэта шыфр, а не дата!). Аўтар плана пазначае ўсе храмы, значныя грамадскія будынкі і галоўныя вуліцы Вільні. Так сама на схеме адлюстравана знаходжанне млыноў і цагельняў, што схіляе да думкі аб магчымых практычных мэтах стварэння плану.

Тапаграфічны план Вільні. Аўтар — Т. Нарбут

Усё ж як можна датаваць гэты план Вільні? Дзякуючы некаторым аб’ектам і іх дыслакацыі можна прыблізна назваць час яго стварэння. У прыватнасці, у «№44 Анатамічны тэатр» пазначаны ў квартале каля ракі Вілейкі — у адным з найстаражытнейшых храмаў Вільні — праваслаўным Прачысценскім саборы. Пераабсталяванне сакральнага будынку пачалося з 1808 года, калі будынак выкупіў Віленскі Універсітэт, і яго рэканструкцыяй на працягу трох год займаўся архітэктар Міхаіл Шульц. А ў 1815–1841 гадах тут ужо працаваў анатамічны тэатр з аўдыторыямі ды кнігазборам. На плане ёсць яшчэ шэраг падказак (Віленскі ўніверсітэт, Уніяцкая царква св. Мікалая і іншыя), якія не дазваляюць датаваць план Нарбута пазней за другую палову 1830-х гадоў. Адпаведна, гэты дакумент можа смела лічыць жывой ілюстрацыяй для Вільні легендарных часоў філаматаў і філарэтаў, Вільні, па якой блукаў яшчэ студэнтам Адам Міцкевіч.

Але Нарбут не быў бы самім сабой, калі б на гэтым плане не пакінуў знаку пра сваю любоў да паданняў. Пад №48 на легендзе да мапы пазначаны «Уваход у падземны ход (падзямелле), які перасякае пад зямлёй увесь горад». Побач з №30 «Дзіцятка Езус». Забягаючы наперад скажам, што там сёння сапраўды існуе тунель даўжынёй блізу 150 метраў, які быў змураваны ў XVI стагоддзі як сакрэтны схрон.

Уваход у сутарэнні.

Звесткі пра таямнічыя сутарэнні можна адшукаць у шматлікіх крыніцах. Напрыклад, Адам Кіркор пра іх пісаў наступнае: «Вильно одно из древнейших поселений в этом крае. … в начале XIV столетия Вильно могло быть небольшим Литовским поселением и имело деревянное укрепление, по мнению историков, на том месте, где ныне богоугодное заведение Иисус Младенец, с подземным ходом, коего следы доселе сохранились».

Верагодна, спасылка на меркаванне іншых гісторыкаў нас накіроўвае якраз да самога Тэадора Нарбута. У першым томе яго славутага твору «Гісторыі літоўскага народа» (1835 год) сустракаецца дастаткова разгорнуты нарыс пра сутарэнні ў Вільні: «У Вільні на плацы, што сёння ўваходзіць у манастыр Дзіцятка Езус, побач са сцяной былога гарадской муру, заўважныя зараз сляды былой крэпасці, альбо асобнага замку, якія раней Бакштай называлі. Пад усёй гэтай гарой знаходзяцца прасторныя падземныя хады, з вельмі трывалага цаглянага мура, з заламі, фрамугамі, нішамі, якія цягнуцца з рознымі паваротамі, кажуць, канец якіх невядомы да гэтага часу. Гэтыя хады злучаліся з невялікай таемнай бажніцай, якая месцілася ў той Бакшце».

Тэадор Нарбу

Нарбут дадае, што паміж Вільняй і Трокамі ў даўнейшыя часы быў падземны ход, якім карысталіся месцічы. Па яго словах, гэты ход пачынаўся ў Трокскім замку і выходзіў у Вільні, рыхтык у кляштары Дзіцятка Езус. «Пакінем наступным пакаленням даследчыкаў старажытнасцяў краю вывучэнне гэтых падзямелляў…» — падсумоўваў Нарбут.

Адзначым, што ўдзячныя нашчадкі не забылі пра паданні гэтага кутка былой сталіцы ВКЛ. Сёння пра таямнічыя сутарэнні пад Бакштай і пра драпежнага васіліска з-пад той гары вам з вялікай ахвотай распавядуць турыстычныя гіды падчас экскурсіі.

Згадка таго самага падземнага ходу («Уваход у падзямелле, якое перасякае пад зямлёй увесь горад».).

То-бок, план Вільні рукі Тэадора Нарбута — гэта не проста падрабязны і дасканалы тапаграфічны твор, але яшчэ і працяг яго бачання гісторыі нашай старажытнай сталіцы. Ілюстрацыя да яго літаратурна-гістарычнай спадчыны.

Як вядома, Нарбут валодаў дзевяццю мовамі. Таму не дзіўна, што план Вільні з каментарамі па-французску ён выканаў уласнаручна.

Застаецца пытанне, чаму спатрэбілася яго рабіць на гэтай мове? Для каго? Больш лагічным быў бы польскі тэкст, калі б ён быў разлічаны для ілюстрацыі яго кніг. Або рускамоўны варыянт, у выпадку стварэння плана для патрэб расійскай арміі (яшчэ да выхаду Нарбута ў адстаўку). Але раптам версія Кастуся Тарасава слушная, і Тэадор Нарбут рабіў франкамоўны варыянт плана Вільні для генерала Маро? Пытанне пакуль застаецца адкрытым і скіроўвае нашу ўвагу на французскі след.

* * *

Аўтограф Тэадора Нарбута на кнізе «Хроніка літоўская» з калекцыі галоўнага кнігазбору Беларусі. Яго каштоўнасць цяжка перацаніць. Па-першае, сама бібліятэка Нарбута была разрабаваная пасля паўстанні 1863–1864 гадоў; па-другое, адрасат аўтографа — той самы славуты заснавальнік Віленскага музею старажытнасцяў Яўстах Тышкевіч.

«Ягамосці графу Яфстаху Тышкевічу, маршалку павету Барысаўскага, чальцу Дацкага таварыства даследчыкаў старажытнасцяў. Знаўцу і аматару краёвых старажытнасцяў, аддаючы даніну павагі і пашаны, ахвяраваў гэтую Хроніку. Тэадор Нарбут. 1 лютага 1846. Шаўры».

Анатоль Сцебурака, Новы Час

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Культура Тэхналогіі

Магчымасці для беларускіх дзеячаў культуры і айцішнікаў: можна падаць заяўку на анлайн-пітчынг праектаў да 27 верасня

У кам’юніці «Культурны Код» ідзе рэгістрацыя ідэй і праектаў для ўдзелу ў вераснёўскім анлайн-пітчынгу digital-рашэнняў...

valiancina_shauchenka
Культура

Сёння Багач. Распавядаем, як адзначалі традыцыйна і як можна адсвяткаваць у сучасных умовах

Багач — свята пераходнага паміж летам і восенню перыяду. Адзначалася амаль  па ўсёй Беларусі. Свята вядомае таксама...

valiancina_shauchenka
Кіно

Варшаўскі кінафестываль запрашае да ўдзелу беларускіх рэжысёраў. Расказваем, як падаць заяўку

39-ы Варшаўскі кінафестываль запрашае беларускіх рэжысёраў падаваць на разгляд працы, якія знаходзяцца ў распрацоўцы. ...

valiancina_shauchenka
Літаратура

Журы літаратурнай прэміі «Дэбют» назвала імёны намінантаў. У шорт-ліст увайшло 10 аўтараў

Мінуў месяц, як скончыўся прыём заявак на літаратурную прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. Журы пачало працу...

Апошнія навіны

    Культура Тэхналогіі
    Магчымасці для беларускіх дзеячаў культуры і айцішнікаў: можна падаць заяўку на анлайн-пітчынг праектаў да 27 верасня
    Культура
    Сёння Багач. Распавядаем, як адзначалі традыцыйна і як можна адсвяткаваць у сучасных умовах
    Кіно
    Варшаўскі кінафестываль запрашае да ўдзелу беларускіх рэжысёраў. Расказваем, як падаць заяўку
    Літаратура
    Журы літаратурнай прэміі «Дэбют» назвала імёны намінантаў. У шорт-ліст увайшло 10 аўтараў
    Грамадства
    Праваабаронца Алесь Бяляцкі ўганараваны «Залатымі лаўрамі»
    Літаратура
    «Мне заўсёды быў чужы такі тупы беларускі нацыяналізм». Вялікая размова з Альгердам Бахарэвічам
    Тэатр
    «Беларускі тэатр у Новай Беларусі будзе іншым»: у Варшаве прайшла канферэнцыя па стварэнні Беларускага Інстытута тэатра
    Гісторыя
    Якія вядомыя беларусы сядзелі ў віленскай Лукішскай турме
    Менская ўрбаністычная платформа запускае аўдыяэкскурсіі па беларускіх гарадах
    Літаратура
    «Хоць пад ботам акупанта, рабіць беларускую працу». Да дня народзінаў Наталлі Арсенневай
    Літаратура
    Выйшла новая кніга вершаў Андрэя Хадановіча
    Гісторыя
    Быць або не быць?! Першая вайна Вялікага Княства Літоўскага
    «Стрыжэ і піша». Сяргей Календа рыхтуе зборнік «бульварнага чытва»
    Гісторыя
    Архітэктурныя творы аўтара бела-чырвонага-белага сцяга прызнаныя Сусветнай спадчынай ЮНЕСКА
    Платформа гарадскіх экскурсій ULegend шукае ахвярадаўцаў на стварэнне мабільнага дадатку

Афіша

  • 22.09 — 21.09

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Лекцыя Сцяпана Стурэйкі «Не горш за Літву і Польшчу: гісторыя пераадкрыцця беларускай спадчыны ў БССР» у Вільні

  • 22.09 — 08.10Восеньскі салон у Мінску
  • 22.09 — 19.11Фотавыстава Андрэя Логінава «CHAROMUSHKI ODYSSEY 1930-2023» у Познані
  • 22.09Цыкл лекцый «Шыем строй» у Празе
  • 22.09Народзіны Школы беларускай традыцыйнай культуры ў Варшаве
  • 22.09Зміцер Лукашук прэзентуе кнігу «Беларуская нацыянальная ідэя ў выгнанні і на вайне» ў Гданьску
  • 23.09Экалагічнае свята «Жураўлі і журавіны Мёрскага краю»
  • 23.09Фэст «Восень у Завоссі» пад Баранавічамі

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • «Пашыраем беларускі космас». Вялікая размова з Алінай Коўшык пра развіццё беларускай культуры і выклікі сучаснасці
    • Палітычны хаўрус Міндоўг — Наваградак і пачатак Вялікага Княства Літоўскага
    • «Чырвоны Каліноўскі»: на сцягу антыфашыстаў у Іспаніі. Частка ІІ
    • Андрэй Дурэйка: «Філасофія калабарацыянізму — галоўная небяспека для беларускай культуры»
    • «Мне заўсёды быў чужы такі тупы беларускі нацыяналізм». Вялікая размова з Альгердам Бахарэвічам
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип