У 2017 годзе Беларусь збіраецца з размахам адзначыць 500-гадовы юбілей кнігадрукавання. Дзяржаўныя ўстановы і грамадскія аб’яднанні рыхтуюць шэраг мерапрыемстваў з нагоды выдання першай друкаванай кнігі палачанінам Францыскам Скарынай у Празе у 1517 годзе.
Ужо ў гэтым годзе адбыўся конкурс драматургічных твораў «Францыск Скарына і сучаснасць», а Нацыянальная бібліятэка ў межах кампаніі «500-годдзя беларускага друку» адкрыла праз інтэрнэт доступ да сканаў старажытных беларускіх кніг. Фіналам святкаванняў павінны стаць Дзень беларускага пісьменства, які ў 2017 годзе пройдзе ў Полацку. Цікава, што 91 год таму горад на Дзвіне ўжо прымаў падобнае мерапрыемства — 30 снежня 1925 года на радзіме Францыска Скарыны прайшлі святочныя ўрачыстасці з нагоды 400-годдзя беларускага друку.
Чаму 400-годдзе друку святкавалі 91 год таму, дзе планавалі паставіць помнік Скарыне і для чаго фатаграфавалі Полацк з аэраплана? TUT.BY раскажа сваім чытачам, як у савецкай Беларусі адзначалі юбілей беларускага кнігадрукавання.
Адным з першых, хто выказаў ідэю адзначыць у 1925 годзе 400-лецце беларускага друку, быў гісторык, літаратуразнавец і палітык Вацлаў Ластоўскі. На старонках свайго часопіса «Крывіч», які выдаваўся ў Каўнасе, Ластоўскі прапанаваў для юбілейнай даты ўзяць за адлік год выдання Францыскам Скарынай кнігі «Апостал» на тэрыторыі ВКЛ у Вільні ў 1525 годзе. Цяперашняе святкаванне 500-гадовага юбілею вядзе адлік ад першага выдання, здзейсненага Скарынай у чэшскай Празе ў 1517 годзе. Як гэта ні дзіўна, ідэю былога прэм’ер-міністра БНР хутка падхапілі у БССР. Ужо на пачатку 1925 года ў беларускай савецкай прэсе пачалі з’яўляцца артыкулы пра падрыхтоўку да святкавання юбілея кнігадруку.
У сярэдзіне 1920-х у БССР на афіцыйным узроўні пачала праводзіцца беларусізацыя — палітыка дзяржаўнага і культурнага будаўніцтва краіны ў нацыянальным ключы. У межах палітыкі беларусізацыі ствараліся беларускамоўныя школы, пераводзілася на беларускую мову справаводства, пашыралася выданне газет і часопісаў на беларускай мове, павялічыўся набор у партыйныя і савецкія органы, а таксама ў шэрагі Чырвонай арміі прадстаўнікоў карэннай нацыі, то бок беларусаў. Таму не дзіва, што свята беларускага друку вельмі добра ўпісалася ў тагачасныя рэаліі савецкай Беларусі. Адзначаць 400-годзе прыняліся на самым высокім узроўні. У вясну 1925 года пры Інстытуце беларускай культуры (у 1929 годзе рэарганізаваны у Беларускую акадэмію навук) была створана Скарынінская юбілейная камісія, якая займалася справамі арганізацыі ўрачыстасцяў.
Сярод асноўных мерапрыемстваў, прымеркаваных да юбілею беларускага кнігадруку, была арганізацыя Першай Усебеларускай выстаўкі. Падрыхтоўка да яе ішла амаль цэлы год, экспазіцыя выстаўкі была адчынена для наведвальнікаў 6 снежня 1925 года ў памяшканнях Камуністычнага ўніверсітэту па вуліцы Ўніверсітэцкай (цяпер Кірава) у Мінску. Свае працы на выставе паказалі як мастакі з БССР, так і творцы з іншых рэспублік СССР. Усяго на выставе было каля 1000 твораў жывапісу, графікі і скульптуры.
Шэраг прац выставы быў прысвечаны першадрукару Францыску Скарыне. Так у экспазіцыі быў прадстаўлены бюст асветніка работы мінскага скульптара Абрама Бразера (1892−1942). Мінскі мастак Якаў Кругер (1869−1940) да выставы падрыхтаваў партрэт Ф. Скарыны, выкананы ў стылістыцы партрэтаў XVI стагоддзя.
Акрамя таго, беларускія мастакі ў 1925 годзе па загаду Інстытута беларускай культуры займаліся распрацоўкай так званага Скарынінскага шрыфту — стваралі кірылічны беларускі шрыфт для масавага ужытку на падставе графікі з кніг Францыска Скарыны. Першыя варыянты гэтага шрыфту выкарыстоўваліся пры афармленні плакатаў, кніг і часопісаў ужо ў 1925 годзе. Пазней шрыфт Скарыны быў ужыты на гербе БССР, зацверджаным у 1927 годзе.
У межах кампаніі святкавання 400-годдзя беларускага друку ўрадам БССР былі выдзелены сродкі на набыццё арыгіналаў 6 кніг скарынінскай бібліі, выдадзенай у Празе ў 1517−1519 гады. Сёння гэтыя кнігі знаходзяцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
У восень 1925 года Скарынінская камісія ІнБелКульта яшчэ не вызначылася з дакладнай датай святкавання юбілею, але пэўны шэраг мерапрыемстваў быў ужо акрэслены. Так планавалася, што асноўныя ўрачыстыя мерапрыемствы будуць праходзіць у Полацку, там жа збіраліся ўсталяваць памятную дошку і нават помнік Скарыне. Памятную дошку хацелі павесіць і ў Мінску. Да юбілейнай даты павінны быў выйсці зборнік навуковых прац прысвечаных жыццю і дзейнасці беларускага першадрукара. Таксама планавалася распаўсюдзіць звесткі пра Францыска Скарыну праз савецкія перыядычныя выданні. І калі ўзгаданы зборнік быў выдадзены толькі ў 1926 годзе, то азнаямляльныя артыкулы пра Скарыну з’явіліся ў беларускай прэсе ўжо ў 1925 годзе: матэр’ялы былі надрукаваны ў дзіцячым піянерскім часопісе «Беларускі піонэр», часопісе ЦК ленінскага камсамола «Малады араты», у выданні Наркамата асветы часопісе «Асьвета», у літаратурным часопісе «Полымя» і інш.
У сувязі са значнасцю постаці Францыска Скарыны для беларускага кнігадруку савецкія ўлады БССР нават правялі шэраг перайменаванняў дзяржаўных устаноў і нават вуліцы ў Мінску ў гонар асветніка. Так, напрыклад, полацкая друкарня «Полацкі араты», якая выпускала рускамоўную газету «Полоцкий пахарь», з 1926 года стала называцца друкарня «Полацкі араты» імя Ф. Скарыны.
Не толькі мастакі і скульптары творча пераасэнсоўвалі вобраз Францыска Скарыны. Беларускія паэты і пісьменнікі ў 1925 годзе таксама прысвячалі першадрукару свае творы.
Галоўныя ўрачыстасці з нагоды 400-годдзя беларускага друку адбыліся ў Полацку 30 снежня, напярэдадні свята 25 снежня ў полацкім краязнаўчым таварыстве адбыўся агульны сход, прысвечаны юбілею.
Афіцыйныя мерапрыемствы па святкаванні юбілею беларускага друку не абмежаваліся толькі 1925 годам, праца над папулярызацыяй спадчыны Скарыны працягнулася і ў 1926 годзе. У гэтым годзе выйшаў у свет зборнік навуковых артыкулаў «Чатырохсотлецьце беларускага друку», над якім у Інстытуце беларускай культуры працавалі ўвесь мінулы год. У зборніку былі размешчаны працы такіх знакамітых беларускіх і расійскіх даследчыкаў, як Антон Ясінскі (1864−1933), Мацей Любаўскі (1860−1934), Уладзімір Пічэта (1878−1947), Мікола Шчакаціхін (1896−1940) і інш. У выданні было багата ілюстрацый, а вокладка мела арыгінальны выгляд — малюнак, зроблены ў эклектычным стылі, спалучаў элементы афармлення скарынаўскай Бібліі 1517 года, шрыфт Скарыны і савецкую сімволіку. Над вокладкай зборніку працавала настаўніца мастацкага тэхнікума ў Віцебску Марыя Лебедзева.
Акрамя таго, спецыяльна для зборніка полацкім фатографам Юдэлем Бермантам быў зроблены шэраг фотаздымкаў Полацка. Каб зняць агульны від горада, фотамастак нават скарыстаўся аэрапланам.
1925 знакавы год для беларускай культуры. Веды пра Францыска Скарыну, першага беларускага друкара, дзякуючы пэўнай палёгцы ў ідэалогіі савецкай краіны, дайшлі, мабыць, да кожнай сялянскай хаты, да кожнага працоўнага закутка — так шырока асвятлялася дзейнасць першадрукара ў беларускай савецкай прэсе таго часу. Дзясяткі мастацкіх твораў і навуковых прац праслаўлялі прагрэсіўную дзейнасць ураджэнца Полацка. Безумоўна, такі «разгул нацыяналізму» спадабаўся далёка не ўсім. Ужо ў 1927 у бальшавіцкай партыі Беларусі пачаліся раздавацца крытычныя водгукі наконт палітыкі беларусізацыі і яе ўхілу ў бок нацыяналізму. У 1930 годзе па сфабрыкаванай справе аб «Саюзе вызвалення Беларусі» на лаве падсудных апынулася вялікая колькасць тых мастакоў, літаратараў, навукоўцаў і краязнаўцаў, якія яшчэ некалькі год да гэтага актыўна працавалі над захаваннем і распаўсюдам спадчыны Францыска Скарыны ў Беларусі і за яе межамі. Шмат хто з іх не перажыў тых хваляў рэпрэсій, што абрынуліся на краіну ў 1930-я гады.
Крыніцы: газеты «Савецкая Беларусь» (1925), «Полоцкий пахарь» (1925, 1926), часопісы «Полымя» (1925), «Асьвета» (1925), «Беларускі піонэр» (1927), зборнік «Чатырохсотлецьце беларускага друку» (1926).
Уладзімір Садоўскі, TUT.BY
Глядзіце таксама: