Фільм пра культур-герояў — звычайна чысты хлуд. Ван Гог з каменнай пысай Кірка Дагласа і ў добра адпрасаванай белай кашулі глядзіць у вакно, побач брунетка — і бац, вось вам “Сланечнікі”! Джым Морысан скача ля мора — а ягоны клавішнік Манзарэк тым часам закручвае драйвовы ўступ да “Light My Fire”. Хоп! І ўсе ў шакаладзе. Уладзімер Сямёнавіч свет наш Высоцкі, налеплены на фэйс Сярожы Безрукава, хрыпіць на канцэртах, бухае як чорт, сядзіць на ігле — і дзіўным чынам выцягвае невядома адкуль свае адчайна-саркастычныя зонгі. Нядаўнія Цой з Навуменкам з сярэбрэнікаўскага “Лета” карцінна пакутуюць у піцерскіх завулках брэжнеўскіх часоў — і ніяк не цягнуць на свае легендарныя тэксцікі. Кіно не можа не хлусіць. Пытанне толькі, ці гатовыя мы купіцца на чарговую “пастановачку”. Гэтым разам — пра багемных рапсодаў. Ці “Багемскую рапсодыю”.
I
Фрэдзі Меркюры — самая безабаронная з ахвяр папсовых баёпікаў. Бо ён сам экранізаваў уласнае жыццё цягам усёй бязглуздай, палымянай і трэш-карнавальнай кар’еры. Праз шызовыя строі, трыко з балеткамі і гульню з коміксавым гей-стайлам. Праз дзівацкія міксы банальнай лірыкі, цытат з глабальнага поп-архіву, ледзь не цыркавой пластыкі і хлапчуковай фанабэрыі. Праз абраную для сябе (зноў жа цытатай з чужой песні) ролю The Great Pretender — cупермахляра і звышпадманшчыка.
Фрэдзі і ягоныя “квіны” заўсёды давалі чаду — і, калі шчыра, ніколі не вылучаліся экзістэнцыйнай глыбінёй ды авангардным крэатывам. Яны рабілі хай-тэк попс — элегантна вульгарны і пазнавальна камфортны. Часам амаль карыкатурны. Амаль заўжды празмерны. Канарэечна бадзёры і абсэнтна меланхалічны.
Віктар Марціновіч: “Лета”, у якім мы жывём
Ракенрол з бурбалкамі. Радыё Га Га.
Сусветнай зоркай Меркюры зрабіў менавіта перфектна ўпакаваны ў папсовую абалонку мікс непадробнага таленту і дэкадэнцкага піжонства. Я — багема. Я — опера. Я — радыё. Я — смецце. Я чэмпіён. Соры, мы — чэмпіёны! Цяпер — у стужцы Браяна Сінгера. Прабачце, Дэкстэра Флэтчэра. Дакладней, Сінгера — Флэтчэра: першы зрабіў амаль усё, другі давёў да фінальнай кропкі.
Што можна выціснуць з генералаў забаўляльнага фронту (а Queen ніколі не прэтэндавалі на большае), каб хапіла на паўнавартаснае кіно для фанатаў, шкалаты і хіпстараў (а хто яшчэ павядзецца на эпас пра стадыённы олдскул)? Ясная рэч, гісторыю прарыву пасля канфлікту! Класічная схема: спачатку яны ніхто, потым героі, далей шыза ад поспехаў, зноў паразуменне і выхад на біс.
II
Так можна зляпіць кінчык пра каго заўгодна. Пра Джымі Хендрыкса: чорны хлопчык вучыць свет магіі электрычных аргазмаў. Пра Элвіса: нахабны маладзён ператварае ракенрол у культурны выбух, саступае біт-брыгадам і зноў знаходзіць сябе ў песнях сталага ўзросту. Пра Ленана з Макартні: хуліганскі старт, бітламанія, крызісны White Album і фінальны братэрскі канцэрт на даху. Ці нават пра Міхалка: “Раньше был алкаш и торчок, а теперь боксёр и качок!”.
Лухта. Разводка. Бачылі сто разоў. І ўсё адно, блін, прыемна. І ўсё адно, блін, працуе.
Бо народ хоча… чаго? Не вынаходніцтваў — наш Фрэдзік, дзякуй богу, не нейкі там Фрэнк Запа. Не праўды — дый хто яе ведае, тую праўду. Не навінаў — якія навіны з элітных могілак? А калі ты, зорны наш, яшчэ жывы — тым больш. Гундось сабе “Чужую мілую” і не выдзелвайся.
Народ хоча хутка і папросту. Каб было прыгожа. Зразумела. Падобна на вядомыя фоткі. І каб хіты нон-стоп.
Калі што, мы тут адпачываем. Чарговы слайд, пліз!
Гэта зубкі Фрэдзі — зрабі сабе так. А вось гітарка Браяна — рукамі не лапаць! А гэта ў нас хто? Роджэр з Джонам. Зусім не слухалі італьянскай оперы. Вось чаму “Рапсодыю” напісалі не яны.
Замест росту асобы героя — экранная ратацыя гардэробчыка. Эвалюцыя абгортак. Стадыя ўан: хіпозныя патлы, футравы палітон, джынсы клёш. Стадыя ту: бліскучы камбінезон, валасы шапачкай, белы шалік, мора гламуру. Стадыя тры: чорная скура, вузкія штанцы, фрызура баксёра, вусы, голда на шыі.
Паспяваеце сачыць? Вось вам яшчэ.
Яна хацела Фрэдзі. Ён хацеў Фрэдзі. Усе хацелі Фрэдзі, а Фрэдзі хацеў мастацтва. Дзеткі, бачыце, чым гэта скончылася?
III
“Квінаўскі” баёпік стоадсоткава пакаціць (зрэшты, ужо пакаціў) у нашым пракаце. Бо гэта чыста беларускае кінцо. Бяспечнае, як “Бураціна”. Павярхоўнае, як Wiki, і банальнае, як БТ. Нібыта пра ўсё — і ні пра што канкрэтна. Рушыць павольна. Нікога не крыўдзіць. Маўчыць пра галоўнае. Штосьці паказвае, але анічога не тлумачыць. Нармальная такая каляровая налепачка на твой прыпылены школьны дзённік узору 1985 года. Успомні, якім быў казлом.
Святыя, блазны ды пакутнікі глабальнага попсу 1960-х — 1980-х абнуліліся да банальных складнікаў побытовага культур-дызайну. Хочаш Queen? Трымай “Рапсодыю”: карагод двайнікоў пад залаты саўндтрэк.
Смак у тым, што большага ніхто й не чакае. На ракенрольных нябёсах час спыніўся. І гэта, здаецца, даспадобы ўсім.
Так, пра Фрэдзі Меркюры можна было б зняць штосьці цалкам іншае. Жорсткае. Хваравіта-нязручнае. Можа нават — божухна! — чорна-белае.
Пакорпацца ў каранях музычных прыхільнасцяў. Раскруціць культурны кантэкст. Пагуляцца з псіхалагічнымі матывацыямі ды квінаўскай стылістыкай. Зрабіць “мэеўскі” мантаж, “тэйлараўскі” рытм і “меркюрыеўскую” сторы.
Добра. І каму б мы гэта потым уцюхалі?
Максім Жбанкоў