FSP X абвяшчае конкурс арт-аб’ектаў для фестываля

22.06.2018 Конкурсы

FSP X зноў адкрывае конкурс на стварэнне арт-інсталяцыі для фестывалю. Аўтар лепшай ідэі атрымае грант на рэалізацыю праекта. У склад журы ў гэтым годзе ўвойдуць вучні Школы архітэктурнага мыслення, якая ў мінулым годзе выйграла конкурс і стварала свой арт-аб’ект на FSP.

landart2_preview

Арганізатары арт-пікніка Freaky Summer Party абвяшчаюць конкурс для маладых архітэктараў, скульптараў, мастакоў і дэкаратараў. Пераможца атрымае грант 777 рублёў для рэалізацыі свайго праекта на тэрыторыі фестывалю 28-29 ліпеня ў парку Дрымлэнд.

Да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца інсталяцыі, скульптуры, арт-аб’екты, лэнд-арт, а таксама іншыя малыя архітэктурныя формы. Пры праектаванні абавязкова ўлічваць:

Экалагічнасць. Матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца ў праекце павінны падвяргацца паўторнай перапрацоўцы або бяспечнай утылізацыі.

Адаптацыя да ўмоў надвор’я. Канструкцыя павінна быць устойлівая да парываў ветру, уплыву сонца і дажджу.

Мабільнасць. Інсталяцыя павінна быць лёгка рухомай пры неабходнасці яе перамяшчэння або мантажу.

Унікальнасць. Знойдзеныя на  Pinterest выявы-рэферэнсы да ўдзелу ў конкурсе не дапускаюцца.

Бяспека. Праект павінен быць бяспечным і не ўяўляць сабой пагрозу жыццю і здароўю для наведвальнікаў фэсту.

Інтэрактыўнасць і карысць. З праектам можна ўзаемадзейнічаць: разглядаць з розных ракурсаў, чапаць, фатаграфавацца, пранікаць унутр, на ім можна сядзець, ляжаць, гуляць.

Лепшым праектам у мінулым годзе стала інсталяцыя пра жывёл занесеных у Чырвоную кнігу, прапанаваная Школай архітэктурнага мыслення для дзяцей. На два дні жывёлы, якіх ўявілі дзеці па апісаннях з кнігі, сталі рэальнымі фотазонамі на дзіцячай пляцоўцы Kidsters.

«Нашая школа працуе з дзецьмі, таму мы хацелі зрабіць для дзяцей нешта не проста забаўляльнае, але і пазнавальнае. Праект быў эксперыментам і спробай даць дзіцяці ў яго ці яе невялікім узросце адчуць сябе прафесіяналам. Дзеці нават больш адказна падыходзілі да задачы, ведаючы, што іх малюнкі стануць арт-аб’ектамі. Так атрымаліся нашы ўяўныя жывёлы, з якімі з задавальненнем фатаграфаваліся не толькі дзеці, але і іх таты», – тлумачаць Алена Карпілава і Аляксандр Новікаў, заснавальнікі Школы архітэктурнага мыслення.

У гэтым годзе ў журы конкурсу нароўні з арганізатарамі фестывалю ўвойдуць дзеці – гэта вучні Школы архітэктурнага мыслення, якія ўжо два гады трэніруюцца сумяшчаць веды з розных дысцыплін і прымяняць архітэктурнае мысленне на практыцы.

Пад кіраўніцтвам заснавальнікаў Школы – мастацтвазнаўцы Алены Карпілавай і архітэктара Аляксандра Новікава – дзеці ацэняць працы канкурсантаў і выставяць свае балы. Пераможца будзе вызначаны па сярэднім бале, атрыманым ад усіх членаў журы. З поўнымі ўмовамі конкурсу можна пазнаёміцца на сайце.

Для ўдзелу неабходна да 1 ліпеня 2018 года запоўніць форму на сайце artpicnic.by і даслаць візуалізацыю праекта.

Паводле арганізатараў