Высокі ўзровень адукацыі насельніцтва ды пагалоўная пісьменнасць, як высветлілася, не панацэя ў сучасным свеце. Гэта не самая горшая спадчына СССР. Але на фоне развіцця камунікацый, з’яўлення новых прафесій бачна, як лёгка чалавек можа выпасці з кантэксту жыцця.
Праз такую асэнсаваную патрэбу людзей паспяваць за сваім часам і з’явіўся Фестываль нефармальнай адукацыі, адкрыты ў цэнтры імя Ёханэса Рау 8 кастрычніка. Фестываль праходзіў у Беларусі ўжо трэці раз. У гэтым годзе да ўдзелу ў фестывалі далучыліся камерцыйныя арганізацыі. Ладзілі свае майстар-класы ды прэзентацыі беларускія і міжнародныя арганізацыі: адукацыйныя ініцыятывы (цэнтр «ПОСТ», партал btp.by), акторская студыя, прадстаўнікі экалагічных арганізацый («Экодом», «Зелёная сеть»); Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЭСКА і іншыя.
Прэзентацыя грамадзянскай кампаніі «Наш Дом», Віцебск
Актыўная падтрымка нямецкім адукацыйным цэнтрам сведчыць пра зацікаўленасць гэтым праектам. Гаворыць Уве Гартэншлегер, намеснік дырэктара Інстытута міжнароднага супрацоўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў (Бон, Германія):
— Мы — адзіная арганізацыя, дзейнасць якой накіраваная на адукацыю і развіццё дарослых у свеце. Апошнія дваццаць гадоў наша праца паспяхова ідзе ва Усходняй Еўропе і на тэрыторыі СНД. Мы бачым некаторыя індыкатары, якія, на наш погляд, сведчаць, што ў вашай краіне патрэбная менавіта нефармальная адукацыя. Беларуская нацыя старэе, у вас ёсць працаўнікі з неактуальнымі кваліфікацыямі. Маладыя і не надта маладыя людзі маюць патрэбу ў навыках удзелу ў грамадскім жыцці: як правільна выказаць меркаванне, абараняць свае інтарэсы.
Прэзентацыя студыі акторскага майстэрства
Калі параўноўваць нашыя краіны, то ў Германіі асноўная сістэма адукацыі дарослых – на ўзроўні муніцыпалітэту, у народных інстытутах. Калі мы кажам пра дарослых, то маем на ўвазе ўсіх, хто скончыў навучанне ў школе ці ВНУ. То бок чалавеку можа быць нават шаснаццаць гадоў. На шэсцьдзесят адсоткаў народныя інстытуты фінансуюцца мясцовым самакіраваннем і на сорак — слухачамі. Інстытуты існуюць у межах праграмы «Грутвіг». Яе назва паходзіць ад імені дацкага філосафа, які першы ажыццявіў гэтую праграму так званай ліберальнай адукацыі. Яна мае мэтай даць людзям, якія жадаюць навучацца, новыя магчымасці для гэтага, а таксама падвысіць узровень адукацыі ў Еўропе.
Беларусь мае пэўныя традыцыі ў кірунку дзейнасці нашай арганізацыі: у вас высокі ўзровень адукацыі. Існуюць інстытуцыі пад ведамствам міністэрстваў адукацыі, культуры і працы і сацыяльнай абароны… А вашай нефармальнай адукацыі замест раз’яднанасці не стае добрай структуры, як, напрыклад, у сістэме «Грутвіг».