VI Міжнародны фестываль паэзіі “Pobocza 2009” адбыўся з 9 па 13 верасня ў польскім горадзе Вейцбарк. У фестывалі ўзялі ўдзел каля трыццаці паэтаў з Польшчы, Славеніі, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Украіны. Беларусь на форуме ў гэтым годзе прадстаўлялі Леанід Дранько-Майсюк, Барыс Пятровіч і Эдуард Акулін.
Леанід Дранько-Майсюк
У межах фестывалю адбыўся шэраг паэтычных сустрэч у гімназіях, ліцэях, школах і бібліятэках Вейцбарка, Семпульнага Краю і Быдгашчы з прэзентацыяй творчасці ўдзельнікаў фестывалю. Акрамя таго, падчас паэтычных спатканняў была арганізаваная дыскусія на тэму: “ Паэзія — узбочына ці цэнтр культурнага жыцця Еўропы”. Яркай падзеяй фестывалю сталі два аўтарскіх канцэрты, якія для ўдзельнікаў імпрэзы і яе гасцей даў паэт і бард Эдуард Акулін.
Эдуард Акулін
Па выніках фестывальных дзён выйшаў паэтычны альманах “Pobocza” з творамі яго ўдзельнікаў у перакладзе на польскую мову.
Галоўная задача фестывалю – аб’ядноўваць і ўзаемаўзбагачаць культурную прастору сучаснай Еўропы – была паспяхова выканана, дзякуючы велізарнай працы па арганізацыі і правядзенні форуму, якую каторы год ускладае на сябе “Краёвае культурнае таварыства” Вейцбарка і паэтычны квартальнік “Pobocza” ў асобах іх кіраўнікоў Адама Астроўскага і Паўла Шыдэля.
На першым фотаздымку: Барыс Пятровіч
Тэгі: Польшча