Вядомы літоўскі гісторык, сузаснавальнік Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі ў інтэрв’ю budzma.org распавядае пра свой погляд на так званую праблему літвінізму, якой у апошнія месяцы заклапочаныя літоўскія ўлады. Чаму, на думку, гісторыка, літвінізм — гэта ўнутраная праблема Літвы? Як правільна — Baltarusija ці Gudija? Як пашыраць камунікацыю паміж беларускімі і літоўскімі навукоўцамі?
Русціс Камунтавічус — доктар гуманітарных навук, дацэнт Універсітэта Вітаўта Вялікага (Коўна), дырэктар Інстытута Вялікага Княства Літоўскага, адзін з заснавальнікаў Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі
Праблеме літвінізму нядаўна быў прысвечаны адмысловы круглы стол у Сейме Літоўскай Рэспублікі. Пра вынікі паседжання пад назвай «Літвінізм»: Паходжанне, уплыў і выклікі для адносін паміж беларусамі і літоўцамі» можна прачытаць тут.
Перадгісторыя
Першая ластаўка так званых літвіністаў была запушчаная ў публічную прастору ў гадавіну беларускіх пратэстаў. 9 жніўня на партале DELFI з’явілася зацемка пра спрэчку п’янага беларуса ў віленскім бары з літоўскім ваенным у запасе і відэаролік. П’яны, які назваўся беларусам, сцвярджаў, што Вільня належыць беларусам, а літоўцы насамрэч — гэта жамойты, якія скралі назву краіны і народа.
Адзін відэаролік, іншых сведчанняў «усё больш частых праяў літвінізму», прынамсі, відэасведчанняў — знайсці не ўдалося, пры гэтым часта вядзецца пра відэа такіх праяў у множным ліку.
Неўзабаве гісторыя ў бары атрымала шырокі розгалас. Даволі хутка на гэты конт выказаўся старшыня Камітэту па нацыянальнай бяспецы і абароне Літвы Лаўрынас Кашчунас, які заявіў, што беларуская апазіцыя ў Літве мусіць занепакоіцца ўсё больш заўважнымі «праявамі літвінізму». На яго думку, недапушчальна выказваць прэтэнзіі на гістарычную спадчыну Вільні і Літвы.
Сваю заяву зрабіў і Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы. Паводле ДДБ, літвінізм — гэта радыкальны кірунак беларускага нацыяналізму, які адмаўляе балцкае паходжанне Вялікага Княства Літоўскага і княскіх дынастый, які сумняецца ў прыналежнасці значнай тэрыторыі разам з Вільняй да Літоўскай Рэспублікі. Пры гэтым ДДБ не бачыць на гэты момант пагрозы ад прыхільнікаў літвінізму, але «некаторыя інцыдэнты ці выказванні прыхільнікаў ідэалогіі ў сацыяльных сетках выклікалі рэзананс у літоўскай інфармацыйнай прасторы і стымулявалі дыскусіі наконт рызык, звязаных зa гэтым відам дзейнасці».
У якасці аргумента на карысць сцверджанняў пра актывізацыю радыкальнага літвінізму прыводзяцца пасты ў сацыяльных сетках і на інтэрнэт-форумах.
Ужо пасля дыскусіі ў Сейме ў сеціве з’явілася відэа: трое мужчын з аўтаматамі прамаўляюць пагрозы на адрас Літвы на літоўскай мове з беларускім акцэнтам. На думку ДДЛ, ролік «сапраўдных беларускіх патрыётаў» ёсць інфармацыйнай аперацыяй, аўтарамі якой з’яўляюцца спецслужбы або службы бяспекі варожых краін.
Што палохае літоўскія ўлады
Русціс Камунтавічус — доктар гуманітарных навук, дацэнт Універсітэта Вітаўта Вялікага (Коўна), дырэктар Інстытута Вялікага Княства Літоўскага, адзін з заснавальнікаў Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі.
«Літвінізм, які палохае нашы ўлады ці якім палохаюць, у літоўскім вызначэнні — гэта такая радыкальная плынь у беларускім грамадстве, якая сцвярджае, што Вялікае княства было менавіта беларускай дзяржавай, што літоўцаў сённяшніх было там вобмаль, што ВКЛ — гэта спадчына беларусаў, а літоўцам можна пакінуць толькі правы на Жмудзь, — кажа Русціс Камунтавічус. — Але галоўнае ў такім вызначэнні — гэта другая частка, што на базе такога разумення гісторыі ВКЛ Беларусь хоча адабраць Вільню. Менавіта так нашы спецслужбы фармулююць разуменне літвінізму. У публічных дыскусіях па тэлебачанні прадстаўнікі дзяржавы гавораць пра менавіта гэтыя два кампаненты».
Пры гэтым, як падкрэслівае Русціс Камунтавічус, «калі пачынаеш паглыбляцца, то не знойдзеш цытат навукоўцаў, цытат гісторыкаў, якія б пацвярджалі такое вось існаванне літвінізму ў беларускай навуковай супольнасці».
«Ну, можна ўбачыць прозвішча беларускага гісторыка Алеся Краўцэвіча, але Краўцэвіч не прадстаўляе менавіта такой радыкальнай пазіцыі літвінізму. Гэта значыць, ён тут ні пры чым. А з палітыкаў беларускіх, так, у нас часам цытуюць Зянона Пазьняка, ды й нават не цытуюць, а проста кажуць, што Пазьняк хацеў адабраць Вільню ў Літвы.
Гадоў 10 таму ў нас з’явіўся аповед пра тое, як прыкладна ў 1990 годзе беларуская дэлегацыя на чале з Пазьняком прыехала ў Літву на нейкія абмеркаванні, і Пазьняк прапанаваў з Вільні зрабіць кандамініум (аб’ект у сумесным валоданні — budzma.org). Я спрабаваў знайсці хоць нейкія дакументы, якія б пацвярджалі гэта, вядома, іх няма, няма ніякіх пратаколаў і г. д. Вось і ўвесь кандамініум», — кажа літоўскі гісторык.
Паводле Русціса Камунтавічуса, інфармацыя пра «менавіта такі літвінізм беларусаў, які пагражае Літве, бярэцца з форумаў»: «Ёсць нейкія форумы. Але прычым тут яны? Як гэта суадносіцца з навукай?
То-бок, з беларускага боку не бачна ні гісторыкаў-радыкалаў, ні нейкіх груп людзей з такімі поглядамі — палітычных ці грамадскіх, ні нейкіх вайсковых арганізацый. Наконт беларусаў — радыкальных прыхільнікаў літвінізму ў Літве — наогул нонсэнс.
Што, зараз Ціханоўская прыйдзе і пачне гаварыць? Гэта нейкае прыкрае непаразуменне. Гэтыя вось форумы містычныя... Там ніводнага прозвішча няма, ананімныя».
Літоўская гістарыяграфія ў міжваенны час: пра беларусаў увогуле ніхто не пісаў
Як кажа Русціс Камунтавічус, незалежнасць Літвы ў міжваенны час паспрыяла развіццю літоўская гістарыяграфіі: «Тады ўжо ўніверсітэцкія гісторыкі пісалі і выдавалі менавіта літоўскія працы, падручнікі, даследаванні рабілі. У БССР 1920-х — 1930-х, зразумела, было ўсё па-іншаму. І тады ў Літве канчаткова ўкаранілася ідэя, што Вялікае княства — гэта літоўская дзяржава, а беларусы — гэта такая шэрая маса, якую мы заваявалі ў сярэднія вякі, і незразумела, якім месцам яны да таго ВКЛ. Пра беларусаў увогуле ніхто ў нас не пісаў. У вас жа не было сваёй дзяржавы ў міжваенны час, тады беларусам самім гэтае Вялікае княства не было цікавым. Ну такі вось і вынік».
Зрухі ў камунікацыі беларускіх і літоўскіх гісторыкаў
Паводле Русціса Камунтавічуса, пэўныя зрухі ў камунікацыі беларускіх і літоўскіх гісторыкаў пачаліся ў 1990-х, калі Беларусь стала незалежнай, гербам стала «Пагоня».
«Але гэтыя сустрэчы цягам вельмі нядоўгага часу, вядома, асаблівага ўплыву пакінуць не паспелі. Ну і ўсё, прыйшоў 1994-ты, за ім 1995-ты — у вас вярнулася ўсё гэта савецкае. І літоўцы ўбачылі, што беларусам зноў нічога не трэба ад спадчыны ВКЛ. Нашы гісторыкі і супакоіліся, — дадае ён. — Нашы гісторыкі не адмаўляюць, канечне, фактаў супольнага жыцця ў ВКЛ літоўцаў і беларусаў, але вы можаце паглядзець нашы падручнікі — беларусы там заваяваная шэрая маса, як я ўжо казаў».
Пра другую хвалю ўвагі і літвінізм як унутраную праблему Літвы
Другая хваля ўвагі да таго, што ў літоўскай навуковай супольнасці называюць літвінізмам, адбылася, на думку гісторыка, ў 2005–2010 гадах, «калі з розных прычын Лукашэнка пачаў узгадваць ВКЛ як у тым ліку і беларускую дзяржаву, дзесьці нават супадаў з апазіцыяй, карацей, пачаў вяртаць сабе Вялікае княства, так бы мовіць». Да таго ж, пачаўся вялікі інфраструктурны праект з замкамі ВКЛ на беларускай тэрыторыі.
«Цікава, але ў Літве тады Сейм аб’явіў пра тое, што ў краіне будзе два сцягі — стаў набіраць папулярнасць другі сцяг, на якім «Пагоня». Пэўна, занепакоіліся магчымымі прэтэнзіямі беларусаў на «Пагоню», — кажа Русціс Камунтавічус. — Атрымаўся феномен псіха-антрапалагічны, у Аўкштайціі сцяг з «Пагоняй» стаў вельмі папулярны. Мяне дзівіць гэты феномен, бо сцяг «Пагоня» — гэта, хутчэй, гаворыць пра імперскае разуменне гісторыі Літвы, таго княства, якое было на агромністых тэрыторыях.
Некалькі тыдняў таму была дыскусія на радыё, дзе прагучала прапанова прыняць новы закон аб сцягу, які яшчэ больш падвысіць узровень паралельнага сцяга з «Пагоняй». І 6 ліпеня, на Дзень каранацыі Міндоўга, прапаноўваецца вывесіць яго на мяжы з Беларуссю, каб паказаць, хто ёсць хто. Мне гэты трэнд не падабаецца.
Што здарылася 6 ліпеня? Міндоўг атрымлівае карону караля на ўмовах передачы Жамойціі немцам. Якое гэта аб’яднанне Літвы, якое гэта дзяржаўнае свята? І гэта адказ, чаму ў Жамойціі якраз яго не святкуюць. Гэты імперскі наратыў, лічу, вельмі неадэкватны па ўсіх параметрах. Ён нічога не злучае, а проста кажа, што мы — вялікія, а ўсе іншыя нейкія не вельмі...
Карацей, калі гаворка ідзе пра літвінізм, тут, на маю думку, праблема нашая, літоўская, унутраная. Пра гэта я ў Літве гавару адкрыта. Мне здаецца, літвінізм — гэта не пра тое, што беларусы хочуць адабраць у нас нешта ці ў іх вельмі нізкі ўзровень гісторыі. Высокі ён ці нізкі, тут увогуле не цікава нікому. Проста гэта нашая ўнутраная праблема, што мы хочам быць нашчадкамі імперыі ВКЛ, малая нацыя, 2 мільёны. Мы жадаем быць вялікімі.
Можа, гэта добра ў параўнанні з беларусамі, якія нічога не жадаюць. А тут вось жадаюць».
Пра першую літоўскую кнігу пра беларусаў
Кніга «Gudijos istorija. Baltarusijos istorija»
Кніга «Gudijos istorija. Baltarusijos istorija» выйшла ў 2021 годзе.
Паводле Русціса Камунтавічуса, на хвалі цікавасці да беларускіх падзей 2020 года цікавасць да кнігі была, хоць не было вялікіх дыскусій. Першы наклад быў увесь раскуплены, другі зрабілі ў 2022 годзе, кнігі яшчэ ёсць у продажы.
«Гэта кніга не пра тое, якая гісторыя была ў Беларусі, а пра тое, як мы яе бачым. Пра тое, як бачаць беларусы і як бачаць літоўцы. Гэта для літоўскага чытача. Мая мэта — каб самі літоўцы пачалі лепш разумець, чаму гісторыю мы бачым па-рознаму. І неяк мне ўдалося так напісаць, што я атрымаў пазітыўныя рэцэнзіі і ад беларускага гісторыка Алеся Краўцэвіча, і пазітыўную рэцэнзію, вельмі добрую, вельмі цёплую ад літоўскіх навукоўцаў, якія, скажам так, вельмі не падзяляюць поглядаў Краўцэвіча, я іх называю правымі. Яны ў часопісе Voruta напісалі вельмі цёплую, мілую, адэкватную рэцэнзію. Тое, што і Краўцэвіч, і Voruta сышліся ў ацэнцы кнігі, мне самому кажа, што я напісаў зразумелую розным бакам працу», — кажа Русціс Камунтавічус.
Адну з беларускіх рэцэнзій на кнігу можна прачытаць тут.
Трагедыя беларусаў як «шанец для літоўцаў, каб стаць больш гуманнымі»
На думку аўтара, «без беларусаў мы не былі б зараз такімі, якія ёсць, беларусы, як люстэрка для літоўцаў, беларусы ўвесь час побач, але яны вельмі іншыя, вельмі адрозніваюцца ад нас».
«І асабліва цяпер, калі ў нас дэмакратыя, а ў беларусаў дыктатура і нас падзяляе мяжа. У вас вельмі вялікая трагедыя, калі яна не будзе скарыстана як шанец для літоўцаў, каб стаць больш гуманнымі, то тады ваша трагедыя — вельмі вялікі кошт, які плацяць беларусы. Так, у нас, літоўцаў, ёсць шанец стаць больш гуманнымі, больш чалавечнымі. А якая яшчэ мэта можа быць у чалавека?» — лічыць літоўскі гісторык.
Baltarusija ці Gudija?
У сучаснай літоўскай мове адносна Беларусі існуе дзве назвы — Baltarusija і Gudija.
«Сваёй кнігай вельмі моцна распачаў кампанію, каб была Gudija. Патлумачыў літоўскай аўдыторыі, што Baltarusija — гэта Белая Расія, гэта з СССР. Усе ведаюць, што ў міжваенны перыяд, калі Літва была незалежнай, ніякай Baltarusija ў нас не было. Была Gudija на ўсіх картах. Другая назва з’явілася, калі ў Літву прыйшоў СССР.
Gudija — гэта самае першае слова, якое ёсць у літоўскай мове для беларусаў, ёсць у самым першым слоўніку XVII стагоддзя. Прапаную выкарыстоўваць Baltarusija толькі, калі гаворка пра савецкі перыяд Беларусі і калі гаворка пра рэжым Лукашэнкі. І гэта павольна ўваходзіць неяк у літоўскае разуменне — мая гэта заслуга ці гэта глыбінныя працэсы, не ведаю. Gudija — гэта наша гістарычнае агульнае, гэта цёплае, добрае, гэта нашы саюзнікі, нашы сябры», — кажа Русціс Камунтавічус.
Русціс Камунтавічус — доктар гуманітарных навук, дацэнт Універсітэта Вітаўта Вялікага (Коўна), дырэктар Інстытута Вялікага Княства Літоўскага, адзін з заснавальнікаў Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі.
Як пашыраць камунікацыю паміж навукоўцамі?
«Гэта цяжкое пытанне, нейкая тэндэнцыя нядобрая тут, — гаворыць Русціс Камунтавічус. — Вось мы размаўляем падчас Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі, які праводзіцца з 2013 года, чаму тут няма літоўцаў? Калі б нам была цікавая Беларусь, лічылі б яе сябрам, што, літоўскія навукоўцы не прыехалі б? Я бачыў двух чалавек. Ну добра, пяць. І калі ў Коўне праводзіўся, таксама не так шмат было. Калі мы сябры і цікавыя адно аднаму, калі нам цікава дыскусіі праводзіць, і секцыя ж ёсць «Вялікае княства», то павінна было быць тут літоўцаў нашмат больш... Іншых месцаў для літоўцаў паразмаўляць з беларускімі гісторыкамі няма.
Думаю, у вачах многіх гісторыкаў Літвы я — нейкі ненармальны гісторык, які любіць беларусаў.
«Але што застаецца рабіць, трэба працягваць рабіць такую пляцоўку як кангрэс і працягваць хоць такі дыялог. Так як гэта робіць Ян Маліцкі і Studium Europy Wschodniej, бо ў асяроддзі польскіх інтэлектуалаў таксама была думка, што мы вельмі розныя, нам вельмі цяжка, я маю на ўвазе адносіны Польшчы, Літвы, Беларусі, Украіны. Але яны робяць гэта.
Маліцкі кажа: калі мы не будзем нічога рабіць, тады ўвогуле які сэнс нашай экзістэнцыі? — падкрэслівае Русціс Камунтавічус. — Калі мы будзем плыць па цячэнні, што мы за людзі такія? І чаму я, літоўскі гісторык, павінен абараняць літоўскі сённяшні наратыў пра літвінізм і таму падобнае, які мне падаецца неразумным».
Рыгор Сапежынскі, budzma.org