Нараджай, цярпі і будзь шчаслівай. Ганна Златкоўская пра тое, якой павінна быць жанчына ў вачах дыктатуры

21.01.2026
Лукашэнка абвясціў 2026 годам жанчыны. Толькі забыўся дакладна распавесці, якая гэта жанчына. Таму што нават у такой сітуацыі ёсць розніца. Калі вы адпавядаеце пэўным пунктам — гэты год прысвечаны вам! Калі не — выбачайце. Вас чакае другі лёс. Ганна Златкоўская разважае пра тое, якой павінна быць жанчына ў вачах дыктатуры, каб з гонарам несці 2026 год на сваіх плячах.

Hanna Złatkoŭskaja
 Ганна Златкоўская. Фота з асабістага архіву

Забяспечваць стабільны дэмаграфічны прырост насельніцтва

Галоўнае для жанчыны — нараджаць. Кропка. Чым больш, тым лепш. А тое, як выхоўваць дзяцей, на якія грошы іх расціць і ў якіх умовах, чалавека з вусамі не турбуе. 

Ён упэўнены, што жанчына-маці можа ўсё: нараджаць, будаваць кар’еру, быць паспяховай. Бо ж усім вядома, што жанчына з маленькімі дзецьмі — найлепшая кандыдатура на любую працу, і кожны з вялікім жаданнем толькі і чакае, як наняць сабе работніцу, якая перыядычна будзе сыходзіць на бальнічныя. Альбо ў дэкрэт. Нараджаць жа — найперш за ўсё. 

Было б нядрэнна, каб разам з заклікам любой цаной станавіцца маці дыктатар абавязаў выплачваць годную фінансавую дапамогу, гарантаваў абавязковую выплату аліментаў у выпадку разводу, забяспечваў належнае медыцынскае абслугоўванне, а не шматгадзінныя чэргі ў паліклініках або грубае стаўленне ў радзільнях. Але гэта па-за межамі ягоных інтарэсаў.

Але вішанька на торце — чаму ў турмах па палітычных артыкулах знаходзяцца тыя самыя маці? І хто клапоціцца пра іх дзяцей? Пытанне рытарычнае, бо адказ відавочны.

І мы пераходзім да наступнага пункта.

Быць упрыгожаннем, а не лідарам

Проста як белы дзень! Годная жанчына рэжыму не лезе ў палітыку, бо гэта справа мужчын. Яна не выказваецца наконт палітыкі, не скардзіцца, не намагаецца змяніць свет. Яе задача — моўчкі пагаджацца з галоўным мужыком, які ведае, што правільна, а што не. 

Нават калі раптам усё ж такі стала побач і займаешся палітычнай справай — рабі, як кажа спадар. Намінальная функцыя. Добра — калі яшчэ і прыгожая. З гэтым нават спраўляюцца некаторыя жанчыны: яны пакорліва глядзяць у рот і ядуць з рукі — больш і не трэба.

Ну а калі выйшла за межы — вітаем на Акрэсціна, а пасля — у калоніі. Альбо бывай, дарагая Беларусь, і прывітанне, жыццё эмігранта. 

Моцныя жанчыны-лідары дыктатуры не патрэбныя. Яны не ўпрыгожваюць, а робяць жыццё лепшым. А найлепшым у краіне можа быць толькі адзін чалавек. А ў яго — вусы і раздзьмутае эга.

Цярпець, цярпець і яшчэ раз цярпець

BiłbordСацыяльныя білборды на вуліцах Мінска. Фота: Салідарнасць

Ну хіба ты не жанчына? Захоўвай сям’ю, слухайся мужа, будзь пакладзістай і цярплівай. Б’е — значыць любіць: старадаўняя «славянская традыцыя», краіне не патрэбны закон аб барацьбе з хатнім гвалтам. Гэта ўсё заходнія забабоны, дзе існуе абарона жанчын ад насілля — быццам ім больш няма чым заняцца. А раптам мы яшчэ і правы чалавека пачнём абмяркоўваць, а тым больш правы жанчын — жах!
Не-не, сапраўдная беларуская жанчына церпіць. Пабоі, знявагі, здзекі. Ды і ісці няма куды — усе прытулкі прыкрылі. Не трэба нікуды збягаць, глядзі пункт першы — нараджай, і будзе табе шчасце, нават калі яно ў сіняках. Ты — зручнае прыкладанне хатняга быту, якое не патрабуе абнаўлення; мужчына — галоўны ў доме, проста змірыся і жыві ціха.

Рэзюмэ

Быць «сапраўднай» жанчынай у Беларусі проста. Шчасце складаецца з простых рэчаў: муж, дзеці, маўчанне.

Ты — гаспадыня, кухарка, прыбіральшчыца, упрыгожанне дома і свайго мужыка. На першым плане заўсёды ён, а потым — ты. Нічога не патрабуй, нічога не заўважай, нават калі зусім кепска. Таму што ў Беларусі ўсё добра — гэта краіна для жыцця, дзе кожнаму чалавеку адведзена свая роля. 

Калі бачыш несправядлівасць, недахоп дзіцячых садкоў і лекараў, абураешся дрэннымі паводзінамі настаўнікаў, выступаеш супраць насілля ўвогуле, пытаешся, на што ідуць твае падаткі, дапамагаеш добрым людзям, чытаеш сапраўдныя навіны, а не дзяржаўную хлусню — выбачай. Дзяржаве такія людзі не патрэбныя. І гэта не твой год. І не год твайго любімага дзіцяці.

BiłbordСацыяльныя білборды на вуліцах Мінска. Фота: Салідарнасць

Гэта год той, якая радасна пляскае ў ладкі, з абажаннем гледзячы на непрэзідэнта, пагаджаючыся жыць у любых, нават самых дрэнных, умовах дзеля вялікай мэты — захаваць краіну паслухмяных грамадзян, якія забыліся, што такое быць свабодным чалавекам. Калі за твае меркаванні цябе не адпраўляюць у турму, калі за гвалт караюць і ад яго абараняюць, калі ты можаш быць кім заўгодна, а не толькі Маці, калі дзяржава існуе для цябе, а не ты для дзяржавы — і тым больш не дзеля аднаго саманазванага ўладара і ягоных прыслужнікаў.

Але мы ніколі не раскажам ні дыктатару, ні ягоным прыхільнікам, што насамрэч тых, хто бачыць яго недарэчнасць і хлусню, вельмі шмат, значна больш, чым падаецца. І колькі б дубінкай ні махаў — немагчыма задушыць жаданне перамен і веру ў тое, што яны абавязкова настануць.

Ганна Златкоўская, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org