Настаяцеля Свята-Мікалаеўскай царквы ў Крычаве Андрэя Ігнатушку тры гады таму прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці, бо ён зруйнаваў некалькі метраў вала археалагічнага помніка, каб пабудаваць царкоўную лаўку. Але гэтая гісторыя мае невялічкі працяг і да яе дадалася яшчэ адна прыкрая з’ява — старажытнае гарадзішча абазначылі з памылкамі на 200 гадоў.
Штрафам пакаралі, але будаваць не забаранілі
Вясной 2020 года настаяцель Мікалаеўскай царквы на Замкавай гары ў старадаўнім Крычаве зруйнаваў некалькі метраў вала гарадзішча, каб пабудаваць царкоўную лаўку. Тады дзякуючы публікацыі ў СМІ, а таксама неабыякавым актывістам у галіне аховы спадчыны яго прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.
Замкавая гара ўваходзіць у спіс аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Крычаўскага раёна, таму праваслаўны бацюшка быў аштрафаваны за тое, што нанёс шкоду помніку археалогіі. Таксама варта нагадаць, што гэта быў ужо не першы прэцэдэнт з руйнаваннем часткі вала гарадзішча. Яшчэ летам 2012 года айцец Андрэй заняўся ўладкаваннем уваходнай часткі на Замкавую гару (і адпаведна на царкоўную тэрыторыю), зруйнаваўшы добрых некалькі метраў вала.
Будаўніцтва царкаўнай лаўкі і зруйнаванне вала гарадзішча ўвесну 2020 года
Адміністрацыйнае правапарушэнне аднак не перашкодзіла дабудаваць царкоўную лаўку, бо практычна праз год яна была ўзведзена і заставаліся толькі працы па вонкавай і ўнутранай аддзелцы. Атрымліваецца, што настаяцеля крычаўскай царквы аштрафавалі, але не забаранілі дабудаваць царкоўкую лаўку.
Узведзены корпус царкоўнай лаўкі на месцы часткі вала ўлетку 2020 года
На сёння прайшло ўжо тры гады з часу руйнавання часткі вала, і царкоўная лаўка не проста пабудавана цалкам, а актыўна дзейнічае. Больш за тое, мясціна, дзе знаходзіцца лаўка, нават і блізка не нагадвае, што некалі тут была частка вала старадаўняга гарадзішча.
Цяперашні выгляд царкоўнай лаўкі. Лета 2023 года
Ліст ад райвыканкама, які аказаўся адпіскай
Акрамя штрафу і ўпарадкавання дакументацыі па ўзвядзенні царкоўнай лаўкі настаяцелю праваслаўнага храма прыпісалі таксама заняцца кансервацыяй рэштак цагляных збудаванняў, размешчаных на царкоўных землях.
Працытуем урывак з ліста Крычаўскага райвыканкама, які быў апублікаваны на сайце газеты «Новы час»:
«Уласніку Мікалаеўскай царквы дадзена прадпісанне аб забароне правядзення будаўнічых і зямельных работ па ўзвядзенні царкоўнай лаўкі да поўнага афармлення неабходнай дакументацыі і правядзення работ па кансервацыі рэштак цагляных збудаванняў, размешчаных на царкоўных землях.
Настаяцель Мікалаеўскай царквы будзе прыцягнуты да адказнасці ў адпаведнасці з арт. 21.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях».
Але збольшага ліст Крычаўскага райвыканкама аказаўся адпіскай, бо ў рэчаіснасці, як паведамляе mogilev media, унікальныя абарончыя збудаванні XVI–XVII стагоддзяў пакрысе і няўмольна развальваюцца. Помнік абарончай архітэктуры эпохі ВКЛ і Рэчы Паспалітай, які некалі быў зроблены з цэглы-пальчаткі, павінен як мінімум быць закансерваваны (што між іншым і прапісана ў райвыканкамаўскім лісце), а максімум рэкаструяваны і падрабязна вывучаны. Важна заўважыць, што ў пазнейшы час цаглянае збудаванне магло выкарыстоўвацца як ляднік, дзе захоўвалі запасы харчавання. Да сённяшняга часу ходзяць легенды пра падземны ход, які вядзе ад байніц абарончага збудавання да берага Сожа.
Цаглянае абарончае ўмацаванне XVI–XVII стагоддзяў на Замкавай гары ў Крычаве
Памылкі ў даціроўцы помніка археалогіі
Акрамя Замкавай гары на тэрыторыі Крычава знаходзіцца яшчэ адно старадаўняе гарадзішча, з якога паўстаў горад — Гарадзец або Цвінтар. З гэтым важным аб’ектам археалогіі горада звязана яшчэ адна прыкрая з’ява. На сённяшні дзень каля Гарадца знаходзіцца банер, на якім старадаўняе гарадзішча датуецца ІХ—ХІІ стагоддзямі, што з’яўляецца абсалютна няправільнай храналогіяй.
Банер з няправільнай даціроўкай каля гарадзішча Гарадзец
Новая пластыкавая таблічка, якая пазначае гісторыка-культурную каштоўнасць горада, зроблена з той жа самай няправільнай даціроўкай.
Таблічка, якая пазначае аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны, з няправільнай даціроўкай
Прадстаўнікі ўлады ад культуры папросту ігнаруюць археалагічныя даследаванні, якія паказалі іншыя даціроўкі помніка археалогіі. А яны сведчаць пра тое, што першае ўмацаванае паселішча на Гарадцы з’явілася яшчэ ў жалезным веку (ІІІ ст. да н. э.) і заснавана было прадстаўнікамі балцкай днепра-дзвінскай культуры. Паселішча існавала да ІV ст. н. э., пасля чаго назіраецца доўгі перапынак і гарадзішча нікім не засяляецца.
Новае жыццё на Гарадцы пачынаецца толькі ў канцы ХІ — пачатку ХІІ стагоддзяў. А гэта значыць, што стваральнікі банера памыліліся на два стагоддзі, бо гарадское паселішча было заснава і заселена ў канцы 1000-х, а не ў IX стагоддзі, то-бок 800-я гг.
Жыццё на Гарадзішчы віравала да пачатку XIV стагоддзя, пакуль не перакачавала на новы ўмацаваны дзядзінец — Замкавую гару. Атрымліваецца, што даціроўка часу завяршэння жыцця на Гарадцы, указаная на банеры, таксама памылковая — гэта не ХІІ-е, а пачатак XІV стагоддзя.
Таксама адзначым, што гісторык і археолаг Андрэй Мяцельскі, які даследаваў гарадзішча некалькі год запар, выказвае меркаванне аб існаванні на Гарадцы язычніцкага свяцілішча на працягу Х—ХІ стагоддзяў.
Хведар Прылёпаўскі, budzma.org
Чытайце яшчэ: На раскопках пад Мінскам знайшлі яшчэ адзін Трызуб князя Ізяслава