Пры старых шляхах, каля храмаў, на ўскрайках нашых вёсак, мястэчак і гарадоў, а таксама на старых могілках можна спаткаць крыжы, высечаныя з валуноў. Яны розныя па памерах і формах. На некаторых ёсць надпісы, літары, знакі, лічбы і нават малюнкі. Па сёння шмат дзе на тэрыторыі Беларусі такія крыжы лічаць лекавымі. Пра іх апавядае партал «Слушна».
Крыху гісторыі
Крыж — адзін з найважнейшых сімвалаў у рэлігіі, мастацтве і геральдыцы. Ён з’явіўся задоўга да хрысціянства і выкарыстоўваўся ў разнастайных рытуалах пакланення сілам прыроды, пра што сведчаць археалагічныя раскопкі ва ўсіх кутках свету.
У 4 стагоддзі хрысціянская рэлігія прызнала крыж у якасці свайго сімвала.
Каменныя крыжы вядомыя амаль па ўсёй Еўропе, найбольш ў яе заходняй частцы. Навукоўцы адзначаюць, што больш за ўсё іх на тэрыторыі Беларусі. Асабліва шмат на Віцебшчыне. На сёння ў нас улічана больш за 400 месцазнаходжанняў каменных крыжоў. На некаторых сярэднявечных могільніках захавалася больш за дзясятак такіх помнікаў.
Некаторыя каменныя крыжы спрадвеку лічацца народнымі святынямі. Да іх носяць кветкі, манеты, ручнікі, садавіну і гародніну. Кожны з такіх крыжоў мае сваю даўнюю гісторыю, да некаторых з іх і сёння па пэўных святах ідуць хрэсным ходам. Пра такія помнікі існуе шмат паданняў і павер’яў.
Тураўскія, цудатворныя...
Каменны крыж ва Ўсіхсвяцкай царкве ў Тураве
У першую чаргу гэта крыжы Тураўшчыны. Іх называюць цудатворнымі. Як абвяшчае паданне, у 10 стагоддзі, пасля ўвядзення хрысціянства, па рэках Дняпро і Прыпяць супраць цячэння прыплылі каменныя крыжы, адпраўленыя ў Тураў з Кіева. Усяго іх было дзесяць, паводле некаторых звестак, дванаццаць. Пасля прыбыцця ў Тураў яны былі ўстаноўлены на ганаровым месцы каля ракі, дзе і прастаялі каля тысячы гадоў. Ва ўсе часы, мясцовыя жыхары шанавалі іх як святыню. Пакланіцца гэтым крыжам прыплывалі людзі з усёй Прыпяці. Лічылі, што яны цудатворныя і вылечваюць хворых.
У 1930-я гады ўсе крыжы былі патопленыя. Але ў 1937 годзе, чатыры крыжы ўсплылі ў розных месцах і ў розны час. У наш час два каменныя крыжы вышынёй каля двух метраў даволі доўга знаходзіліся ў тураўскай Усіхсвяцкай старадаўняй царкве, але не так даўно другі перанеслі ў новую капліцу паблізу Кафедральнага сабора свяціцеляў Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх, дзе паставілі на спецыяльным пастаменце.
Каменны крыж каля сабора свяціцеляў Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх
Крыжы і сёння карыстаюцца папулярнасцю ў вернікаў, каля іх заўсёды свежыя кветкі, асабліва шмат паломнікаў наведвае іх, як і тысячу гадоў таму, 27 верасня на Уздзвіжанне па праваслаўным календары. Лічаць, што менавіта ў гэты дзень крыжы валодаюць вялікай лекавай сілай і дапамагаюць ад усіх хвароб.
«Чэсны крыж» з Пагосту
Каменны крыж на могілках у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна
На Уздзвіжанне пакланяюцца і вялікаму «Чэснаму крыжу» у царкве на могілках у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна. Гэты крыж таксама калісьці ўсплыў тут пасля яго патаплення ў Тураве. Паводле падання, крыж прыплыў па Прыпяці і доўгі час ляжаў на беразе. Распавядаюць, нібыта святар Ананій цалкам аслеп. Аднойчы ў сне ён пачуў голас, які наракаў, чаму крыж знаходзіцца ў такім стане, і што неабходна знайсці месца, каб паставіць яго. Святар пабудаваў капліцу і змясціў там крыж. Зрок вярнуўся да яго. Пазней, на месцы капліцы быў пабудаваны храм у гонар Уздзвіжання Крыжа Гасподняга, дзе гэты крыж знаходзіцца і дагэтуль.
Яшчэ адзін каменны крыж, які прыцягвае ўвагу вернікаў і падарожнікаў, знаходзіцца на Барыса-Глебскіх могілках каля Турава.
Крыж на барысаглебскіх могілках
Яго называюць «растучым», бо вераць, што крыж вырастае з зямлі штогод на некалькі сантыметраў. А яшчэ кажуць, крыж здольны выпраменьваць цеплыню, і часам снег вакол яго растае. Лічаць, што гэта адзін з крыжоў, якія патапілі ў мінулым стагоддзі бязбожнікі . Ёсць версія, што падчас паводкі яго знайшоў мясцовы жыхар. Ён пабаяўся, што праз такую знаходку ў яго могуць узнікнуць вялікія праблемы, і вырашыў цішком закапаць крыж на могілках.
Да крыжа вернікі збіраюцца 11 мая — у дзень памяці Свяціцеля Кірылы Тураўскага, які з’яўляецца нябесным ахоўнікам горада і ўсяго Беларускага Палесся. Па павер’ях, гэты каменны крыж здымае галаўны боль, нармалізуе ціск крыві, дапамагае ад розных хвароб.
На левым беразе ракі Сьцьвігі, за 8 км на поўдзень ад Турава, знаходзіцца вёска Рычоў. Каменны крыж у гэтай вёсцы таксама называюць Цудадзейным. Расказваюць: адна жанчына саслепла, і ў сне ёй быў голас, што трэба ісці да каменнага крыжа, ачысціць яго і выпіць ягоныя крошкі з вадой. Калі яна прачнулася, то так і зрабіла, пасля чаго хутка ачуняла.
У вёсцы Вільча гэтага ж раёна шануемы каменны крыж знаходзіцца на могілках. Каля яго моляцца і просяць здароўя. Крыж ўпрыгожаны штучнымі кветкамі і стужкамі, а на яго вяршыні і перакладзінах ляжаць манеты. Раней побач знаходзіўся курганны могільнік. Па легендзе, занатаванай у пачатку 20 стагоддзя, крыж пастаўлены на магіле шведскага князя, забітага ў час вайны, а ў курганах пахаваны шведскія воіны.
Каменныя «дзевачкі»
Каменная дзевачка
Шэраг лекавых каменных крыжоў ёсць на тэрыторыі Лельчыцкага раёна Гомельшчыны. Так, у вёсцы Данілевічы каменны крыж, які называюць «Каменнай Дзевачкай», мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Яму пакланяюцца напярэдадні Вялікадня — у Чырвоную суботу. Жанчыны збіраюцца да крыжа ў 5-6 гадзін раніцы, нясуць яму ручнікі, хусткі, фартушкі, каралі і інш. Старыя аброкі здымаюць, спальваюць на вогнішчы і ўскладаюць новыя.
Паводле падання, тут даўней было вялікае поле. Адна жанчына жала жыта са сваёй дачкой-падлеткам. Набліжалася навальніца. Трэба было спяшацца збіраць снапы, і маці прыспешвала дачку, але тая прысела адпачыць, сказаўшы, што моцна стамілася. Маці раззлавалася на дзяўчынку, не стрымалася і ў гневе крыкнула: «А што б ты каменем стала!» У гэтую ж хвіліну пацямнела, грымнуў гром, з усіх бакоў запалалі маланкі. Калі неба праяснілася, то замест дачкі жанчына пабачыла каменны крыж.
Доўга прастаяў крыж у полі, і толькі на пачатку 20 стагоддзя мясцовы святар вырашыў перанесці яго на царкоўныя могілкі. Як толькі крыж перанеслі, у вёсцы пачаліся трагедыі: мор хатняй жывёлы, пажары, гінулі людзі. Вяскоўцы вярнулі крыж на месца, і няшчасці перапыніліся. Цяпер кожны ведае: крыж не чапай, быць бядзе!
Праходзячы паўз святыню, кожны мясцовы абавязкова павінен нешта даць «дзевачцы», хоць пару семак. Кажуць: здарылася бяда, захварэў хто, ідзі да «дзяўчынкі», пагавары з ёй, папрасі дапамогі, абароны і абавязкова дай ёй што-небудзь.
Маладых хлопцаў, якія сыходзілі на службу ў войска, усёй вёскай праводзілі на ўскраіну селішча. Недалёка ад каменя развітваліся, каб хлопцы вярнуліся дадому здаровымі і цэлымі. Іх маці падыходзілі да «дзяўчынкі»,,,, маліліся і прасілі засцерагаць сыноў ад усялякіх няшчасцяў.
Каменны крыж каля вёскі Ліпляны
Ва ўрочышчы Каменная Баба каля вёсцы Баравое таксама ёсць крыж з падобным паданнем. Яго называюць Дзевачка, Дзяўчына, Ева, Еўка. На пакланенне крыжу ідуць на другі дзень Вялікадня. Старыя аброкі здымаюць і навязваюць на дрэвы, а на крыж ускладаюць новыя фартушкі, хусткі, стужкі. Каля каменя моляцца, просяць прабачэння за грахі і збавення ад хвароб. Побач ставяць мёд, бярозавы сок ды г. д. Яшчэ гадоў 20 таму насілі дзяцей, якія плакалі па начах. Верылі, што пасля гэтага дзіця супакойвалася.
У Ліплянах крыж знаходзіцца на могілках ў асобнай агароджы. Сюды яго перанеслі перад Другой Сусветнай вайной з урочышча Чумное. Па павер’ях, крыж пазбаўляе ад болю ў суставах. Яму ахвяруюць стужкі, грошы, цукеркі.
Чытайце яшчэ: Камень, костка, крыж ды іншыя старадаўнія абярэгі ў беларусаў