У 1974 годзе — пяцьдзясят гадоў таму — у Канадзе зьявіўся першы том падручніка беларускай мовы для англамоўных, складзены пэдагоціцай, мовазнаўцай і дзяячкай беларускай грамады Канады Валянтынай Пашкевіч (1916-2004). Дарэчы, сама аўтарка прытрымлівалася формы — Валентына, піша Уладзіслаў Гарбацкі ў «Новым Часе».
Валянтына Пашкевіч
Другі том аўтарка апублікуе ў 1978. Падручнік стаўся першай беларускай практычнай граматыкай, выдадзенай на эміграцыі, якая не прыняла заведзенага на радзіме правапісу. Да сяньняшняга дня ў англамоўным сьвеце так і не зьявілася нічога іншага, нічога, што магло б замяніць вельмі практычную і дзьвюхмоўную працу канадыйскай беларускі. Вядома, вузкаспэцыялізаваныя працы па-ангельску, прысьвечаныя беларускай мове, выдаваліся: кароткі нарыс Дэ Брэя ў ягонай кнізе «Guide to the Slavonic Languages» (1969), беларускія граматыкі Чарльза Бідуэла й Пітэра Мэё. Аднак усе гэтыя кнігі былі напісаныя не як практычныя ўнівэрсальныя падручнікі мовы, а спэцыялізаваныя працы для мовазнаўцаў.
Так, у прадмове мовазнаўца пазначыла, што за аснову была ўзятая граматыка Б. Тарашкевіча, а таксама Я. Лёсіка. Улічваючы дух часу ды маючы моўна-пэдагагічную кампэтэнцыю, а таксама абапіраючыся на новыя канадыйскія рэаліі, аўтарка да ўсяго асучасьніла граматыку. Вартасьць кнігі палягала яшчэ і ў тым, што яна служыла ня толькі вучням, але і настаўнікам-іцам. Адзін зь першых рэцэнзэнтаў падручніка нью-ёркскі славіст Томас Бэрд адразу адзначыў «гераічны вычын» аўтаркі — упершыню пададзенае тлумачэньне беларускае граматыкі на дзьвюх мовах!
Гераічны вычын В. Пашкевіч палягае яшчэ і ў тым, што вымушаная асучасьніць прыклады і правілы граматыкаў Тарашкевіча і Лёсіка, яна тым самым выдала ў пэўнай ступені абноўленую тарашкевіцкую граматыку. Так, напрыклад, В. Пашкевіч значна выразьней і паўней падала ў двухтамовіку інфармацыю пра займеньнікі, у прыватнасьці, пра прыналежныя займеньнікі. Дапаможнік, такім парадкам, стаўся ці ня першай абноўленай тарашкевіцкай граматыкай, выдадзенай пасьля 30-40-х гадоў ХХ ст. У той час у савецкай Беларусі тарашкевіца ўспрымалася (і ўспрымаецца дасюль), як эмігранцкі, варожы, «буржуазны» варыянт, а таму там выдаваліся выключна падручнікі і граматыкі зрусіфікаванай мовы. Беларуская эміграцыя ў сваю чаргу здаўна мела патрэбу ў сучаснай граматыцы. Такім парадкам, Валянтына Пашкевіч задаволіла тагачасныя чаканьні беларускай эмігранцкай супольнасьці і да ўсяго прапанавала важны пэдагагічны інструмэнт англамоўным зацікаўленым у беларускай мове. Варта пазначыць, што ў той самы час у БССР не выйшла ніводнага дапаможніка беларускай мовы, скіраванага на заходнюю публіку. У Савецкай Расеі і Ўкраіне выходзілі моўныя падручнікі расейскай і ўкраінскай моваў для англамоўных, нямецкамоўных — нічога падобнага не назіралася ў БССР.
Зрэшты, улічваючы тое, што да сяньняшняга моманту ані ў Беларусі, ані ў дыяспары не зьявілася новай граматыкі клясычнай беларускай мовы, дадзены падручнік дасюль выконвае ролю важнай граматычнай крыніцы для тых, хто працуе на тарашкевіцы. Дарэчы, падручнік выкарыстоўваўся ня толькі англамоўнымі асобамі, часта па ім вывучалі мовы беларусісты франкамоўнай Канады, Францыі і Нямеччыны.г
«Fundamental Byelorussian — Беларуская мова»
Па многіх спрэчных на сяньня момантах тарашкевіцкай граматыкі ў працы В. Пашкевіч ёсьць дасюль слушныя, адназначныя адказы. Напрыклад, у пытаньні правапісу прыналежных займеньнікаў аўтарка падае здаўна вядомыя беларускай мове формы: ягоны, ягоная, ягонае; ейны, ейная, ейнае і іхны, іхная, іхнае. Скарочаных русіфікаваных варыянтаў на манэр тых, якія ўвайшлі ў савецкую беларускую мову (яго, яе, іх) мовазнаўца нават не прыгадвае.
Просты і без асаблівых выключэньняў ёсьць адказ В. Пашкевіч у такім сяньня блытаным для многіх новатарашкевічанцаў пытаньні, як родны склон назоўнікаў множнага ліку. Калі на капыл расейскай мовы савецкая беларуская мова пачала актыўна выкарыстоўваць формы чыстае асновы, то бок без ніякага канчатку (галоў, слоў, настаўніц, станцый і пад.), то ў тарашкевіцы абсалютная бальшыня назоўнікаў у родным склоне множнага ліку маюць канчаткі (за выняткам рук, ног).
Цікавая і багатая слоўнікавая частка кнігі — кожная кніга мае беларуска-ангельскі й ангельска-беларускі слоўнікі: у першай кнізе налічваецца адпаведна 9256 і 7650 слоўнікавых артыкулаў, а ў другой, адпаведна — 5128 і 4411. Апрача базавых словаў у слоўніку падаюцца рэдкія, спэцыялізаваныя лексэмы: сьвятая дзяньніца, гара-званіца, кантычка, бабка, усмажаны падсьвінак і многія іншыя сымбалічныя ключавыя словы традыцыйнай беларускай культуры.
Наагул кніга «Беларуская мова» В. Пашкевіч заслугоўвае ўхвалы з прычыны таго, што яна перадусім строга, мэтадычна навучае, але і захоўвае правапіс, граматыку, фанэтыку, альфабэт ад ідэалягічнага, ненатуральнага ўплыву расейскай мовы праз пасярэдніцтва наркамаўкі. Вось чаму В. Пашкевіч нават і ня ўздумала на старонках падручніка хаця б коратка прыгадаць пра асновы савецкай беларускай мовы, каб чытацтва магло арыентавацца ў розных стандартах мовы.
Апрача выключна моўных дзейсных парадаў у падручніку месьцяцца важныя экстралінгвістычныя, дасюль актуальныя матэрыялы: напрыклад, аўтарка належыць да тых, хто прынцыпова з даўніх часоў адрозьнівала паняткі Літва і Летува (Лятува). У падручніку яна выразна азначае гістарызм Літва і сучасны назоў Лятува (Летува) у дачыненьні да цяперашняй балцкай краіны.
Такім парадкам, ад пачатку мовазнаўчы дапаможнік стаўся таксама і цікавай сацыялінгвістычнай крыніцай, у тым сэнсе, што быў створаны без усякай сувязі зь Менскам і скіраваны выключна на патрэбы дыяспары. Таму натуральна аўтарка выбрала выратаваны ад русіфікацыі і прыняты ў эміграцыі правапіс.
Сустракаюцца ў працы і кур’ёзныя, сьмелыя моманты: так, сярод назваў месяцаў падаецца больш дакладны і вядомы з часоў Скарыны назоў чырвень, чырвец, хоць і менш распаўсюджаны цяпер за вэрсіі чэрвень.
Выпрабаваны часам і паслужыўшы пяцьдзясят гадоў шматлікім беларус-к-ам ды замежным беларусіст-к-ам, дапаможнік «Fundamental Byelorussian — Беларуская мова», нарэшце, будзе перавыдадзены беларускай грамадой Канады. Па ўсім відаць, ён будзе таксама абноўлены: пачынаючы з ангельскай састарэлай назвы ў загалоўку Byelorussian (на Belarusian ці Belarusan — ?) і завяршаючы тэкстамі для чытанкі, якія мусяць ахопліваць сучасныя рэаліі і вабіць чытацтва новых генэрацыяў.
А Валянтына Пашкевіч прадэманстравала яшчэ раз магутнасьць асобы, чалавечага духу і нікчэмнасьць беларускіх інстытуцыяў і міністэрстваў як за саветамі, так і цяпер, якія часта застаюцца на службе ў імпэрыі і расейскай мовы.