Хто такія беларусы, чым мы адрозніваемся ад іншых і які лёс чакае нашу нацыю? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні «Салідарнасць» спрабуе знайсці разам з гісторыкамі, культуролагамі, пісьменнікамі. Сённяшні суразмоўца ў мэтах бяспекі пажадаў застацца не названым.
— Многія эксперты, з якімі даводзілася размаўляць, адзначалі, што, мабыць, ні адна нацыя не зведала столькі перашкод на шляху свайго фармавання, як беларусы. Войны, расійская акупацыя, русіфікацыя, паланізацыя і многае-многае іншае. І тым не менш беларусы ёсць. Што дапамагло нам выжыць?
— Вы хочаце даведацца, якім чынам народ, чыя тэрыторыя амаль кожнае пакаленне была полем бітвы, і суседзі якога пастаянна намагаліся далучыць яго да сябе, здолеў выжыць, і не толькі выжыць, а яшчэ і пабудаваць уласную дзяржаву? Але ж тут мы нічым асаблівым ад іншых невялікіх народаў Еўропы не адрозніваемся.
Беларусы з большага нацыя сялянская. У любой краіне і ў любы час менавіта сяляне былі тымі, хто стагоддзямі захоўваў народную культуру і мову. Калі вышэйшыя слаі насельніцтва схіляліся спачатку да паланізацыі, а пасля да русіфікацыі, то абсалютная большасць сялян працягвалі жыць звычайным уласным жыццём, якое да ХХ ст. асабліва рэзка ніколі не змянялася.
Якія б змены палітычнага альбо сацыяльнага характару ні адбываліся ў дзяржаве, большасць сялян гэта датычыла даволі слаба. Усе заваёўнікі глядзелі на іх як на шэрую масу, не вартую пільнай увагі. Адзінае, што яны лічылі неабходным навязаць гэтай масе — гэта рэлігія.
Аднак сялянам ў асноўным было ўсё адно, што польскі касцёл, што расійскае праваслаў’е. Яны не бачылі ў гэтым вялікай розніцы. Што тыя, што тыя маліліся Хрысту, толькі кожны па-свойму. Гэтага шэраговаму простаму чалавеку з вёскі зазвычай было дастаткова. Ён не бачыў у тым вялікай супярэчнасці.
Думаю, акурат гэты спрадвечны сялянскі кансерватызм і дапамог беларусам спачатку захавацца як асобнаму народу, а пасля на гэтым падмурку збудаваць сябе ўжо як нацыю мадэрнага тыпу.
— А якія асобныя рысы беларускага характару вы вылучылі б? Што нам замінае, а што, наадварот, дапамагае?
— Гэта якраз у працяг мінулага пытання. Замінаюць і дапамагаюць адначасова нам адныя і тыя ж рысы. Спакой і неагрэсіўнасць. Любоў да парадку і нелюбоў да радыкальных змен. Паважлівае стаўленне да законаў і нормаў. З аднаго боку, гэта ўсё вельмі добрыя моманты, шмат што з гэтага і дапамагло нам выжыць.
Але, з іншага боку, часам бываюць такія сітуацыі, калі немагчыма змагацца са злом іншым сродкам, як толькі адказваючы агрэсіяй на агрэсію.
Уявіце сабе сітуацыю, каб Вітаўт разважаў над маральным бокам бітвы пад Грунвальдам альбо гетман Астрожскі над негуманнасцю страляніны з гармат па жывых людзях. Мяркую, калі б яны пераймаліся такімі думкамі, у нас бы сёння не было б нават падставы для падобнай размовы.
Таму час ад часу трэба ўмець быць і непрыемнымі.
— Якія падзеі найбольш моцна паўплывалі на фармаванне беларускага менталітэту. Самая трагічная, на ваш погляд, падзея нашай гісторыі, наступствы якой мы адчуваем па сёння?
— Думаю, што не буду дужа арыгінальным, калі скажу, што гэта чарада войнаў, якія прайшлі па нашай зямлі. Уменне выжываць у любых умовах і стала для нашага народа падмуркам для фармавання нацыянальнага менталітэту. Гэта далёка не так дрэнна, як шмат хто можа падумаць. Іншага выйсця часам проста не было.
Самая трагічная гістарычная падзея? Я б сказаў, што гэта хутчэй абставіны. І яны маюць назву, тэрыторыю і знаходзяцца на ўсход ад нашых межаў. Якая б форма ўлады не існавала ў Расіі, у форме імперыі яна заўсёды будзе прадстаўляць пагрозу для суседзяў.
Абсалютна не важна, якую назву носіць гэта краіна і хто ёй кіруе. Носіць гэты чалавек тытул цара-імператара альбо першага сакратара ЦК ці прэзідэнта. Пакуль існуе імперская ментальнасць, пагроза будзе існаваць заўжды.
— А самая важная падзея, якая дала штуршок для развіцця нацыі?
— Безумоўна, гэта атрыманне незалежнасці і стварэнне Рэспублікі Беларусь у 1991-1992 гадах. Тое, што праз два гады да ўлады прыйшоў Лукашэнка, сітуацыю кардынальна не змяніла. Беларусы працягвалі сваё развіццё як нацыя. Нягледзячы на перашкоды з боку дзяржавы, беларуская нацыя, я думаю, паступова дафармавалася. У незалежнай дзяржаве і не магло быць інакш.
Пакуль існуе Рэспубліка Беларусь, і нават у такім выглядзе, як сёння, гэты працэс будзе ісці, толькі з рознай ступенню хуткасці. Але калі Беларусь будзе канчаткова інкарпараваная ў Расію праз праект так званай Саюзнай дзяржавы, ён калі і не спыніцца цалкам, то моцна запаволіцца.
Імперыя ў стане пераварыць многія народы.
Для прыкладу паглядзіце, што сёння засталася ад карэлаў. Адрозніць іх ад звычайных расейцаў зараз немагчыма.
— Са многімі з нашых суседзяў мы мелі агульную гісторыю, пачынаючы ад часоў ВКЛ, Рэчы Паспалітай і далей. І тым не менш адрозніваемся і ад украінцаў, і ад літоўцаў, і ад палякаў, і ад рускіх. Чаму так? Чым мы не падобныя на іншых?
— Ад расейцаў нас адрознівае адсутнасць імперскай ментальнасці і прагі да тэрыторый. Беларусу дастаткова яго маленькага кавалка зямлі, чужога яму не патрэбна.
Палякі маюць такую ж самаю схільнасць да стварэння імперыі, проста ім моцна не пашанцавала з суседзямі. Калі ў цябе з аднаго боку немцы, а з другога Расія, то самім бы захавацца нейкім чынам. З гэтай задачай яны справіліся цалкам, і сёння Польшча зноў стала цэнтрам прыцягнення для суседніх народаў, як гэта было стагоддзі таму.
Украінцы пабудавалі сваю ідэнтычнасць на памяці аб казаках і іх барацьбе. Гэта адзін з чыннікаў таго, чаму яны вельмі лёгкія на ўздым і часта гатовыя змагацца за сваё да апошняга.
Плюс да таго трэба дадаць, што Украіна мае ўнутры сябе рэгіёны, якія сфармаваліся амаль не зазнаўшы русіфікацыі, бо яны ў складзе Расійскай імперыі не былі. Я кажу зараз пра захад Украіны. І нават калі ў часы СССР Заходнюю Украіну спрабавалі зрусіфікаваць, вынік быў вельмі слабы. У беларусаў такога паслаблення ніколі не было.
З літоўцамі ментальна, як мне падаецца, мы дужа падобныя. Думаю, акадэмік Сядоў меў пэўную рацыю ў сваіх высновах, калі казаў, пра моцны балцкі субстра у працэсе этнагенезу беларусаў. Аднак літоўцы ў разуменні Масквы ўсё ж такі іншы, балцкі народ, а не славянскі. А паколькі для тамашніх русіфікатараў яны прадстаўлялі меншую цікавасць, то і змаглі захаваць сваю ідэнтычнасць у большай ступені.
— А наколькі моцна адрозніваюцца беларусы ад сваіх продкаў? Якімі мы былі воінамі, як праяўлялі сябе ў ваенных канфліктах? І што не так з намі зараз?
— З намі усё так. Зараз любяць вінаваціць беларусаў у пасіўнасці і нежаданні ісці на смерць дзеля высокіх ідэалаў. Аднак трэба памятаць, што вайна і ўсё з ёй звязанае заўсёды была прэрагатывай даволі невялікай праслойкі. Той жа шляхты, якая і праяўляла сябе на полі бітвы. Гэта быў яе абавязак перад дзяржавай.
Звычайны ж селянін ішоў на вайну з неахвотай, але тады вайна была досыць прывычнай справай, таму і ішлі. Шмат вы зараз адшукаеце ў свеце жадаючых ваяваць за гэтыя высокія ідэалы? Наўрад ці.
Таму маем зараз тое, што маем. Калі пабытовыя патрэбы грамадства задавальняюцца, большасць будзе максімальна пазбягаць вайны. Гэта натуральная з’ява.
— Ці будуць беларусы сёння змагацца за сваю краіну, калі навісне пагроза акупацыі?
— Акупацыя ўжо адбылася. Калі чырвона-зялёны сцяг зменіцца на будынках беларускіх аблвыканкамаў на бела-чырвона-сіні, гэта, безумоўна, стане трыгерам для пэўнай часткі людзей. Але калі гэта не пацягне за сабою рэзкіх сацыяльных змен, то наўрад ці для вялікай.
Больш таго, гэта можа спрацаваць і ў адваротным кірунку. Няспынныя рэпрэсіі беларусаў ўжо стамілі, народ прагне спакою. Таму з’яўленне там, напрыклад, любога іншага сцяга, калі гэты сцяг зможа забяспечыць спакой і дабрабыт, думаю, нават не выкліча моцнага абурэння.
Але спадзяюся, што да такіх радыкальных момантаў ўсё ж такі не дойдзе.
Як не ператварыцца ў этнаграфічную секту, чаму шкодзяць заявы кшталту «ўсе нармальныя з’ехалі» і ці забярэ Пуцін Беларусь у якасці суцяшальнага прыза альбо пераможнага трафея? Адказы на гэтыя пытанні чытайце ў наступнай частцы інтэрв’ю, якое з’явіцца ў бліжэйшы час.