Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы, запісаныя падляскай беларускай

Пісьменніца і журналістка Ганна Кандрацюк прэзентавала ў Варшаве сваю кнігу «У прысценку старога лесу».


1.JPG Ганна Кандрацюк

Падляская пісьменніца Ганна Кандрацюк 27 красавіка прэзентавала ў Варшаве сваю кнігу «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы». Сустрэча з чытачамі прайшла ў Беларускім доме. Старшыня ўстановы Алесь Зарэмбюк павіншаваў аўтарку бел-чырвона-белым букетам.

2.JPG
  Алесь Зарэмбюк і Ганна Кандрацюк

У кнізе сабраныя рэпартажы (а фактычна дакументальныя апавяданні), якія спадарыня Ганна зрабіла для беластоцкай штотыднёвай газеты «Ніва» ў вёсках Белавежскай пушчы па абодва бакі беларуска-польскай мяжы. «Ніва» — адно з галоўных СМІ беларусаў Польшчы. Дасюль выходзіць акрамя электроннага папяровы варыянт. Апошні нумар перыядычнага выдання можна было атрымаць на прэзентацыі, а старыя нумары заўсёды дасяжныя ў Беларускім доме. Ганна Кандрацюк працуе журналісткай «Нівы» з 1993 г.

31.JPG

Ганна Кандрацюк — падляская беларуска, нарадзілася ў вёсцы Кутлоўка пад Гайнаўкай. Там дасюль жыве яе маці. У гэтай жа вёсцы адбываецца дзеянне першага аповеда са змешчаных у кнізе. Чытач адразу трапляе на провады ў армію (у Кутлоўцы кажуць «адпраўка»), якія назірае вачыма маленькай Ганны. На календары 1969 год. Чуваць гукі гармоні і бубна, песні. Суседа Косціка выпраўляюць «у далёкую Польшчу». Цікава, што зусім у іншым канцы краіны, на Падгаллі, таксама можна пачуць «у нас» і «ў Польшчы». Перад чытачом паўстаюць падляскія таямніцы: «Лямант і плач абрынуўся, як з зачараванй хмары. Ніхто толкам не прыкмеціў, як памірала старая Дамінка...» А потым можна пачытаць, як старую вярнулі з таго свету. З іншых апавяданняў чытач даведаецца пра падляскіх знахарак і шаптух. Дарэчы, цяпер Ганна Кандрацюк працягвае працаваць над гэтай тэмай.

Містыка прасякае пушчанскае жыццё: птушка б’ецца ў вакно — людзі вераць, што гэта прадказвае набліжэнне смерці. І сапраўды: сям’ю, якая дапамагала партызанам, даносчык выдаў немцам. «Сыходзячы свет вясковага Падляшша» — ахарактарызаваў атмасферу, якая пануе ў кнізе, вядоўца прэзентацыі Зміцер Бартосік.

3.JPG
Ганна Кандрацюк і Зміцер Бартосік.

Ёсць у кнізе і вясёлыя побытавыя замалёўкі. Чытач даведаецца, як жыхары пушчы заляцаліся, кахалі, бралі шлюб. Разгортваецца палатно пушчанскага жыцця па абодва бакі беларуска-польскай мяжы даўжынёй амаль паўтара стагоддзя, ад біяграфіі святара Юрыя Сцепанюка (1881–1918), кананізаванага як святы пакутнік Георгі з Палічнай, да паўставання плоту на мяжы ў 2022 г. Між гэтымі падзеямі — сусветныя войны, бежанства, усталяванне мяжы між БССР і Польшчай, лютаванне праклятых жаўнераў, уступленне Польшчы ў Еўрасаюз, і кропкі часу, істотныя для мясцовай супольнасці — пажар у царкве ў Амелянцы, яўленне Божай Маці ў Ражкоўцы, прыезд Чэслава Мілаша ў Гайнаўку і Белавежу...

У аповедах адчуваецца блізкасць мяжы, яна выступае нябачнай гераіняй. Калі Ганну Кандрацюк спыталі, ці ёсць розніца між беларусамі ў Беларусі і Польшчы, аўтарка адказала, што сярод людзей старэйшага пакалення, якія яшчэ памятаюць даваеннае жыццё, калі мяжы не было, і розніцы няма, а вось сярод моладзі ўжо розніца вельмі адчуваецца. «Гэта першая трансгранічная кніжка, якая злучае людзей, раздзеленых мяжой», — сказала аўтарка на прэзентацыі.

5.JPG

Бадай, другая скразная тэма ў кнізе — праваслаўе. Гэта істотная частка ідэнтычнасці жыхароў пушчы: і беларусаў Польшчы, і людзей па беларускім баку мяжы. Сама Ганна Кандрацюк спявае ў царкоўным хоры, а яе гераіні з Навіцкавічаў Камянецкага раёна адмаўляюцца весяліцца перад тэлекамерай у пост, хаця прыезд работнікаў тэлебачання прыроўніваюць да вялікага свята. Тут і праявы народнай, некананічнай рэлігійнасці: чытач «вандруе» ва ўрочышча Крыначка і да святоў грушкі, даведваецца пра секту Ільі Клімовіча, што дзейнічала ў міжваенны час.

Кніга напісана троху дзіўнай для беларуса з Беларусі мовай. Гэта не мясцовая падляская гаворка, але і літаратурныя нормы беларускай мовы часам парушаюцца. Быццам бы размаўляеш з чалавекам, які добра засвоіў беларускую ў школе, але жыве ўсё ж у польскамоўным асяродку. А дома ў яго размаўляюць «по-своему» (тут могуць быць дыскусіі, дыялект гэта беларускай мовы, ці ўкраінскай, ці падляская мікрамова). У выпадку Ганны Кандрацюк так і ёсць: яна гаворыць па-свойму з роднымі, сябрамі і землякамі, а піша на літаратурнай беларускай і па-польску.

«Я паляшучка, — казала аўтарка на прэзентацыі. — Беларуская мова захапляе мяне музычнасцю». І распавяла, што яшчэ не маючы 20 гадоў вырашыла — будзе працаваць для беларусаў.

Рэкамендуем чытаць новы твор Ганны Кандрацюк разам з кнігай яе калегі Уршылі Шубзды «Бацькаўшчына колеру зямлі», дзе сабраныя рэпартажы з паўночнага Падляшша пра жыццё беларусаў-католікаў. Пра яе прэзентацыю мы пісалі тут.

6.JPG

«У прысценку старога лесу» — шостая кніга Ганны Кандрацюк (калі не лічыць перавыданняў і перакладаў). Раней выйшлі:

«W stronę Tarasiewicza» (два выданні, 2002 і 2004 гг.) — пра кампазітара падляскага паходжання Яна Тарасевіча;

«Царская трызна» (2007) — зборнік апавяданняў пра жыццё на Падляшшы;

«Дзядоўскае турнэ з Анатолем С.» (2010) — пра паэта Анатоля Сыса;

«Białoruś. Miłość i marazm» (2013) — эсэ з падарожжаў па Беларусі;
«Па Прыпяці па Нобель» (у 2017 г. выйшла па-беларуску і ў 2020 г. па-польску) — таксама падарожныя эсэ, з вандроўкі ўздоўж вярхоўяў галоўнай палескай ракі.

Плануюцца пераклады беларускамоўных кніжак Ганны Кандрацюк на польскую мову.

Фота аўтаркі

Алена Ляшкевіч, budzma.org