Улады зьменшылі плошчу яшчэ аднаго біялягічнага заказьніка. Цяпер у Берасьцейскай вобласьці

Савет міністраў Беларусі пастанавіў пераўтварыць біялягічны заказьнік «Спораўскі» рэспубліканскага значэньня і зацьвердзіў яго новыя межы, піша «Радыё Свабода».

Zakaźnik «Sporaŭski»
Заказьнік «Спораўскі». Ілюстрацыйнае фота

Як вынікае з апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове ўраду, з назвы заказьніка выключылі слова «біялягічны», скарацілі плошчу і перадалі ва ўпраўленьне чатыром райвыканкамам Берасьцейскай вобласьці.

Агульная плошчы заказьніка цяпер будзе складаць 19 202,54 гектара замест ранейшых 19 384 гектараў.

Кіраваць заказьнікам, тэрыторыя якога знаходзіцца ў Бярозаўскім, Драгічынскім, Іванаўскім і Івацэвіцкім раёнах Берасьцейскай вобласьці, будуць раённыя выканкамы. Найбліжэйшым часам яны мусяць гэта зарэгістраваць.

Заказьнік «Спораўскі» стваралі для захаваньня ўнікальных мэзатрофных нізінных балот і лясоў зь месцамі расьсяленьня дзікіх жывёл і месцамі, дзе растуць дзікарослыя расьліны, што ўключаныя ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Сёлета ў ліпені стала вядома аб зьмяншэньні плошчы ельніку «Калінкавіцкія» на 63,21 га — да 108,29 га, бо там ад засухі пацярпела 41,1% плошчы ельнікаў.

У лістападзе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольля Беларусі ўхваліла пастанову аб спыненьні функцыянаваньня батанічнага помніка прыроды рэспубліканскага значэньня «Астраўныя ельнікі Добрускія» ў Добрускім раёне Гомельскай вобласьці.