Аўтарка тысячы скульптур і тысячы вершаў. Гісторыя Бальбіны Світыч-Відацкай — адной з першых беларускіх скульптарак

Гэтая жанчына стала адной з першых (а некаторыя даследчыкі лічаць, што нават першай!) беларускай скульптаркай. Бальбіна Світыч-Відацкая нарадзілася і большую частку жыцця пражыла ў Беларусі, але стала знакамітай мастачкай і паэткай у Польшчы. Яна перажыла голад, вайну, асабістыя страты і здолела стварыць больш за тысячу твораў, мела каля 70 выставаў у розных краінах свету. Распавядаем гісторыю жыцця жанчыны, якая бачыла чалавека скрозь гліну і вечнасць.

Balbina Switycz-Widacka
Бальбіна Світыч-Відацкая. Фота з суполкі ў Фэйсбуку 

На адукацыйнай платформе «Васьміног» выйшаў навучальны курс пра дзесяць малавядомых беларускіх жанчын ХІХ-ХХ стагоддзяў. Яны зрабілі значны ўплыў на развіццё культуры, навукі і іншых сфераў дзейнасці ў Беларусі, аднак цяпер малавядомыя шырокай аўдыторыі. Разам са стваральніцай курсу Лікай Юр’евай Budzma.org распавядае пра гэтых жанчын.

Маленькая Байка

Бальбіна — яна не любіла гэта імя, таму ўсе называлі яе Байка — нарадзілася ў 1901 годзе ў Магілёве, аднак большую частку дзяцінства правяла на Кобрыншчыне. 

Бацька Бальбіны працаваў лекарам. Падчас эпідэміі шкарлятыны ён захварэў і заразіў дочак, у хуткім часе тры дзяўчынкі памерлі. У бацькі ў адчаі ад перажытага гора здарыўся сардэчны прыступ, і ён памёр. Маці была на той час цяжарнай, яна памерла пры родах, немаўля таксама загінула. Такім чынам з усёй сям’і выжыла толькі трохгадовая Бальбіна. Яе выратавала тое, што яна на той момант была ў бабулі пад Варонежам.

На выхаванне дзяўчынку ўзяла сваячка матчынага брата — ксяндза Уладзіслава. Сам ён не мог апекавацца Бальбінай, таму аддаў яе на выхаванне сям’і Віткоўскіх. Яны не мелі сваіх дзяцей і ўсе высілкі кінулі на выхаванне і адукацыю Бальбіны.

Baĺbina Svityč-Vidackaja, prykladna 1928 hod
Бальбіна Світыч-Відацкая, прыкладна 1928 год. Фота: Zakład Fotograficzny Garzyński Kraków, Архіў ASP у Кракаве

Так, яна закончыла гімназію ў Брэсце, а пасля, у 1929 годзе — Кракаўскую акадэмію мастацтваў. Дзяўчына была адной з найлепшых вучаніц рэктара Акадэміі, знакамітага скульптара Канстанціна Ляшчкі — з ім яна абменьвалася лістамі да канца жыцця. Пазней Бальбіна распавядала, што яе ўгаворвалі ісці ў медычную школу, але яна абрала мастацтва.

«Мой бацька быў лекарам, мой названы дзядуля таксама. Але ў мяне былі іншыя планы, звязаныя з любоўю да мастацтва з дзяцінства. Так што я скончыла Акадэмію прыгожых мастацтваў у Кракаве, спецыялізуючыся на скульптуры ў прафесара Канстанціна Ляшчкі».


Baĺbina Svityč-Vidackaja padčas navučannia ŭ Krakavie
Бальбіна Світыч-Відацкая падчас навучання ў Кракаве. Фота з суполкі ў Фэйсбуку

Праца на Кобрыншчыне

Калі Байка прыязджала на вакацыі дадому, то прывозіла свае творы, зрабіўшы там цэлую галерэю. Дом, дзе жылі Віткоўскія, і цяпер стаіць у Кобрыне — дарэчы, мясцовыя казалі, што ў яго сутарэннях знаходзілі кавалкі пабітых фігур і падраныя карціны. Хто ведае — мо, гэта была Байкіна спадчына. 

Вярнуўшыся з Кракава, Бальбіна ў 28 гадоў пачала настаўнічаць у гімназіі Кобрына — выкладала выяўленчае мастацтва. Таксама зладзіла там і майстэрню. Захаваліся ўспаміны адной з вучаніц Байкі — Галіны Пятровай.

«Пані Відацкая называла мяне сваёй пераемніцай. Калі яна пачынала ўрокі, заўсёды пыталася: «Галінка, што ты сёння намалявала?» Памятаю кватэру спадарыні Відацкай, паўсюль былі скульптуры — на шафках, на сталах».

Калі сёння прагуляцца старымі каталіцкімі могілкамі ў горадзе, можна ўбачыць выявы анёлаў. Мясцовыя сцвярджаюць, што іх вырабляла Байка. 

Яна была цікавай жанчынай і мела свае прывычкі, як і ўсе з нас. Адна з іх — ставіць гадзіннікі на пяць хвілін наперад, каб пазбегнуць спазненняў. На шмат якіх фотаздымках можна пабачыць вялікія гадзіннікі, якія яна вельмі любіла. Вядома таксама, што яна працавала вельмі хутка, як маланка. Часам магла ўстаць ноччу і зрабіць эскізы ці нават персанажаў з гліны, калі прыходзіла натхненне. Яна мела фатаграфічную памяць — гэта дапамагала ёй з вялікай дакладнасцю выяўляць людзей. Часам Байка піла каву ў горадзе і назірала за людзьмі, а потым — пераносіла кадры, якія запомніла, у скульптурную форму.

Baĺbina Svityč-Vidackaja
Бальбіна Світыч-Відацкая на ганку дома ў Кобрыне. Фота з суполкі ў Фэйсбуку

Мастацкая вядомасць

Калі Байцы быў 31 год, яна стварыла свой першы вядомы бюст Тадэвуша Касцюшкі. Ён стаяў ля ўваходу ў школу вёскі Сяхновічы Жабінкаўскага раёна — колішнім радавым маёнтку Касцюшкі, дзе цяпер знаходзіцца мясцовы музей. У траўні 2025 года стала вядома, што бюст знеслі. Дзе цяпер захоўваецца твор мастацтва, дакладнай інфармацыі няма.

Biust Tadevušu Kasciušku
Бюст Тадэвушу Касцюшку перад музеем у Малых Сяхновічах. Фота: Яндэкс Карты

Бюст Касцюшкі зрабіў Байку знакамітай. Яна пісала для музеяў партрэты кампазітараў, пісьменнікаў, гістарычных дзеячаў. Ёй нават прысудзілі дзяржаўную прэмію, паводле якой яна магла стажыравацца ў Італіі, аднак праз вайну паехаць не атрымалася. 

Baĺbina Svityč-Vidackaja, 1939 hod
Бальбіна Світыч-Відацкая, 1939 год. Фота з Вікіпедыі

Падчас вайны жанчына заставалася ў Кобрыне, спрычынілася да ратавання габрэяў з мясцовага гета: іх сваякі дагэтуль пішуць словы падзякі Байцы. Аднак у 1944 годзе, калі ёй было 43 гады, разам з мужам і дзвюма дочкамі яна пераехала ў Польшчу. Перад ад’ездам Світыч-Відацкая раздала свае творы суседзям і сябрам.

Плённы польскі перыяд

У Польшчы сям’я жыла ў Бяла-Падлясцы, Выжыску, Брадніцы, Влоцлаўку і Гіжыцку.

Бальбіна Світыч-Відацкая так апісвала ў сваёй біяграфіі пошукі свайго месца ў Польшчы: «Пасля вайны я два гады была супрацоўнікам аддзела культуры і мастацтва ў Выжыску Быдгашчанскага павета. У мяне былі выставы ў Быдгашчы (узнагароды і адзнакі) і ў Брадніцы (...). Потым маёй тэрыторыяй былі Вармія і Мазуры».

У 1949 годзе Бальбіна стала ўдавой; яе муж памёр ад сардэчнага прыступу ва ўзросце 53 гадоў.

У 1954 годзе мастачка пераехала ў Ольштын, які стаў для яе найбольш плённым месцам працы. Яна стварыла бюст Адама Міцкевіча для плошчы ў цэнтры горада. 

 

Baĺbina Svityč-Vidackaja skančvaje pracu nad biustam Adama Mickieviča
Бальбіна Світыч-Відацкая сканчвае працу над бюстам Адама Міцкевіча. Фота зроблена ў майстэрні мастачкі ў 1965 годзе. Фота з суполкі ў Фэйсбуку

Таксама Байка стварыла некалькі скульптур для мясцовага парку, у тым ліку — сімвал горада, фантан з кампазіцыяй «Рыба з дзіцем». Для гэтай скульптуры, як і для некаторых іншых, Байцы пазіраваў унук. 

Skuĺptura «Ryba z dziciem»
Скульптура «Рыба з дзіцем» — адна з візітовак Ольштына. Фота з Вікіпедыі

Цяпер у Ольштыне мясцовая ратуша хоча дамагчыся таго, каб чатыры скульптуры Байкі былі ўключаны ў рэестр Ваяводскай кансервацыі помнікаў. Так працы, створаныя ў 1960-я гады, змогуць быць лепш абароненымі. Папулярызацыяй яе творчасці ў Ольштыне цяпер займаецца Беата Бракоўска — за гэта жанчына атрымала прэмію паспяховых кабет рэгіёна. Беата вядзе ў Фэйсбуку суполку пра Бальбіну .

Калі Байка пераехала ў Польшчу, у яе адкрыўся яшчэ адзін талент — паэтычны. Яна напісала больш за тысячу вершаў, эпіграм і эротыкаў — гэта польскі паэтычны жанр любоўнай лірыкі. 

Памяць пра Байку

Байка памерла ў 71 год, пакінуўшы пасля сябе вялікую спадчыну. Яе пахавалі ў Брадніцы (горад у Куяўска-Паморскім ваяводстве Польшчы). 

Яе ўнук Каміль Салярскі распавядаў, што яна заўсёды адчувала сябе маладой, таму называла яго сынам, а ён яе — Байкай. На жаль, у яе было хворае сэрца, і Каміль узгадваў, што яна заўсёды казала, што яе сэрца цяжкое, нібыта камень — як у сапраўднай скульптаркі.

У яе гонар усталявана мемарыяльная шыльда на будынку Вармінска-Мазурскага ўніверсітэта, дзе месцілася яе майстэрня. Там напісана: «Сваёй скульптурай яна палюбіла Вармиію і Мазуры». Яе творы захоўваюцца ў музеях Польшчы, а адна з вуліц Ольштына носіць яе імя. 

Miemaryjaĺnaja šyĺda na budynku Varminska-Mazurskaha ŭniviersiteta
Мемарыяльная шыльда на будынку Вармінска-Мазурскага ўніверсітэта. Фота з суполкі ў Фэйсбуку

Гісторыю Бальбіны Світыч-Відацкай ды іншых выдатных беларусак можна паслухаць на Spotify.