У папярэднім артыкуле, прысвечаным гісторыі пратэстаў сучаснай Беларусі, мы распавялі пра самыя гучныя і адметныя мітынгі і маршы канца ХХ стагоддзя, сёння мы ўспомнім пратэсныя акцыі ў перыяд апошніх 20 гадоў.
Кастрычніцкая плошча 19.03.2006 г.
Наступнай вялікай акцыяй пасля Маршу Свабоды 1999 года стала так званая «Джынсавая рэвалюцыя» што адбылася пасля чарговых выбараў прэзідэнта 19 сакавіка 2006 года.
Пачатак вясны 2006-га быў вельмі сцюдзёны і марозны, але няледзячы на гэта, 19 сакавіка некалькі дзясяткаў тысяч чалавек сабралася на мітынг у цэнтры вечаровага Мінска на Кастрычніцкай плошчы, каб выказаць сваю незадаволенасць і ўпэўненасць у фальсіфікацыі выбараў. 20 сакавіка на плошчы прайшоў чарговы мітынг, на якім была прынятая «Дэкларацыя народа Беларусі», што патрабавала правядзення новых, сумленных, выбараў. У той жа вечар дэманстранты пачалі ўсталёўваць намётавае мястэчка.
21 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы ўсталявалі 18 намётаў, а колькасць удзельнікаў у дзень налічвала ад 500 да 3000 чалавек. Ноччу ў намётавым мястэчку знаходзілася каля 300 чалавек. Супрацоўнікі ДАІ забаранялі рух транспарту па прылеглай да плошчы паласе, а міліцыянты забаранялі рух па плошчы, а таксама правяралі заплечнікі і торбы мінакоў на наяўнасць прадуктаў харчавання. Усё гэта рабілася для таго, каб не дапусціць перадачу ежы пратэстоўцам.
Камунальныя службы заварылі на плошчы каналізацыйныя люкі, каб удзельнікі акцыі не мелі магчымасці хадзіць «да ветру». Тых, хто выходзіў да прыбіральні ў найбліжэйшыя ўстановы, арыштоўвалі і везлі на Акрэсціна. Да 23 сакавіка колькасць намётаў павялічылася да 35, але ў ноч з 23-га на 24-га намётавы лагер на «Плошчы Каліноўскага», як яе назвалі ўдзельнікі пратэсту, быў разбураны. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі каля 500 чалавек.
Падчас існавання намётавага мястэчка яго наведвалі кандыдаты ў прэзідэнты выбараў 2006 года Аляксандр Мілінкевіч і Аляксандр Казулін, а таксама амбасадары з Нямеччыны, Вялікабрытаніі, Францыі, Чэхіі і яшчэ некалькіх еўрапейскіх краін.
Намётавы лагер у сакавіку 2006 г.
Чарговая акцыя пратэсту пачалася на той жа плошчы, але ўжо 19 снежня 2010 года. Пасля восеньскай «адлігі» і невялікіх паслабленняў у бок дэмакратыі, калі на вуліцах краіны незалежныя апазіцыйныя кандыдаты актыўна праводзілі мітынгі, пікеты і зборы подпісаў у падтрымку кандыдатаў у прэзідэнты, «Плошча 2010» была жорстка разагнаная і зачышчаная за некалькі дзясяткаў хвілін.
Мітынг пачаўся ўвечары на Кастрычніцкай плошчы, дзе сабралася ад 20 да 40 тысяч чалавек з удзелам апазіцыйных кандыдатаў. Усе мітынгоўцы патрабавалі новых, сумленных, выбараў без Лукашэнкі.
Кастрычніцкая плошча 19.12.2010
Цікавы факт: калона кандыдата Уладзіміра Някляева нават не дайшла да Кастрычніцкай плошчы. Удзельнікі на чале з Някляевым былі спыненыя супрацоўнікамі міліцыі, моцна збітыя і затрыманыя. Уладзіміра Някляева ў непрытомным стане адвезлі ў шпіталь.
Пасля мітынгу ўдзельнікі рушылі пешшу па праспекта Незалежнасці да Дома ўрада, дзе і працягнуўся мітынг. Даволі хутка некалькі чалавек з натоўпу пачалі біць шыбы і дзверы ў Доме ўрада (хутчэй за ўсё, гэта была правакацыя). Унутры будынка знаходзіліся падраздзяленні спецназа. Праз некалькі хвілін на плошчы з’явіліся аўтазакі АМАП, які пачаў з асаблівай жорсткасцю збіваць і затрымліваць людзей. У тую ноч затрымалі некалькі сотняў чалавек, большасць атрымала штрафы ці суткі, а некаторыя — турэмныя тэрміны разам з кандыдатамі ў прэзідэнты, якіх абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў.
З успамінаў аднаго з удзельнікаў «Плошчы-2010»: «Я ішоў на плошчу з мэтай паспрыяць палітычным зменам у Беларусі. Было рамантычнае спадзяванне, што 19 снежня 2010 улада ў краіне рэальна можа змяніцца па прыкладзе Украіны ці Грузіі. Здавалася, дастаткова было, каб шмат народу выйшла ў Мінску на вуліцу, можа, з міліцыяй паштурхалася ці будынак які заняло. І будзе ўсім шчасце... Калі табе 20, гэта цалкам нармальныя чаканні. Адзін з самых яскравых успамінаў той ночы — мабыць, калі з-пад Дома ўрада пачаў адступаць некуды ўбок ланцужок міліцыі. Урэшце на пэўны момант АМАП цалкам сышоў з подступаў да будынка. Была кароткая наіўная эйфарыя, маўляў, "яны адступаюць", "мы перамаглі". Ключавыя словы тут — "кароткая" і "наіўная".
Калі праводзіць паралелі з пратэстамі, якія працягваюцца са жніўня — ахвярнасць беларусаў і адсутнасць выразных планаў у лідараў пратэсту. І ў 2010-м было, і ў 2020-м. Галоўная розніца — маштабы! 2010-ы шмат для каго з апалітычнай публікі прайшоў незаўважна. 2020-ы запомняць усе. Больш за тое, працэс яшчэ трывае і працягвае закручваць у сябе беларусаў: сям’ю за сям’ёй, чалавека за чалавекам. Пратэсты 2020-га, мабыць, як кавід: страшна, непрыемна, але сэнс — каб усе перахварэлі».
Плошча Незалежнасці 19.12.2010
Вясной 2011-га вельмі моцна абвастрыліся пытанні сацыяльна-эканамічнага характару. Разам з курсам абмену валют раслі цэны на прадукты і іншыя тавары. Таксама павялічвалася колькасць незадаволеных праз жорсткасць разгону «Плошчы-2010» і вялікія турэмныя тэрміны пасля 19 снежня 2010.
У пачатку чэрвеня чацвёрты раз за год былі павышаныя цэны на бензін, і гэтым разам паліва паднялося ажно на 30%. Шмат незадаволеных кіроўцаў арганізавалі акцыю «Стоп-бензін». 7 чэрвеня больш за сто кіроўцаў заблакавала рух на праспекце Незалежнасці. Заторы расцягнуліся ад Галоўпаштамта да Цэнтральнага ўніверсама, а з іншага боку — ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Перамогі. Кіроўцы спынялі свае аўто, ставілі на аварыйныя сігналізацыі, адкрывалі капоты і стваралі лакальныя заторы. Нягледзячы на тое, што арганізатары акцыі заклікалі крайнюю правую паласу пакідаць вольнай для грамадскага транспарту, гэта атрымлівалася не заўсёды. Праз гэта транспарт спыняўся, людзі выходзілі і пляскалі ў ладкі падтрымліваючы кіроўцаў на праспекце Незалежнасці. У выніку цэны на бензін былі зніжаныя па загадзе Аляксандра Лукашэнкі.
Падчас маўклівых акцый у чэрвені 2011 г.
Нягледзячы на гэта, увечары наступнага дня на Кастрычніцкай плошчы сабралася каля 400 чалавек. На заклік у сацыяльных сетках людзі збіраліся маленькімі суполкамі і час ад часу пляскалі ў ладкі. Месяц акцыі праходзілі па ўсёй Беларусі. Менавіта падчас такіх акцый упершыню з’явіліся так званыя «ціхары» ці «хапуны».
Ціхар — чалавек у цывільным адзенні, які без прад’яўлення дакументаў і тлумачэнняў хапае мітынгоўцаў і зацягвае іх у бус ці аўтазак.
Большасць акцый заканчвалася затрыманнем удзельнікаў і штрафамі. У 2013 годзе Аляксандр Лукашэнка атрымаў Шнобелеўскую прэмію міру за забарону публічнага пляскання ў ладкі.
2 красавіка 2015 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў так званы Дэкрэт № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». У канцы лютага 2017-га скончыўся апошні тэрмін выплатаў. 17 лютага адбыўся «Марш абураных беларусаў», які накіроўваўся ад Кастрычніцкай плошчы па праспекце Незалежнасці да Міністэрства па падатках і зборах Беларусі. Цягам усяго сакавіка на «Марш недармаедаў» выходзілі ва ўсіх гарадах Беларусі. Самая буйная акцыя супраць Дэкрэта № 3 адбылася на Дзень Волі 25 сакавіка ў Мінску. Мітынгоўцам не дазвалялі сабрацца на плошчы каля кінатэатра «Кастрычнік». Былі зачыненыя станцыі метро «Плошча Якуба Коласа», «Акадэмія навук» і «Парк Чалюскінцаў». У гэтым раёне таксама не спыняўся наземны транспарт. Большая частка людзей сабралася на плошчы Якуба Коласа, адкуль рушыла па праспекце Незалежнасці да Кастрычніцкай плошчы. Большасць прыглелых вуліц была перакрытая аўтазакамі і супрацоўнікамі міліцыі. У выніку марш быў жорстка разагнаны супрацоўнікамі АМАП.
Дзень Волі 2017 г.
У розных гарадах мітынгі працягваліся ўвесь 2017 год. У выніку амаль усе выплаты былі вернутыя, а 25 студзеня 2018 быў падпісаны Дэкрэт № 1, згодна з якім асобы, што раней прызнаваліся плацельшчыкамі збору, былі ад яго вызваленыя.
Вядома што самыя масавыя акцыі, мітынгі і пратэсты адбыліся ў 2020 годзе і працягваюцца цяпер. І гэта той самы перыяд гісторыі, які пішацца ў нас на вачах, дзе кожны беларус з’яўляецца сведкам таго, што адбываецца. Усе папярэднія пратэсты — гэта вялікі ўплыў і веды, з якімі беларуская нацыя выходзіць сёння на вуліцы.
Антон Шаранкевіч, Budzma.by