Працягваем вандраваць сцежкамі колішняй Дзісеншчыны, сёння Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. Нас чакае цікавы неараманскі касцёл, самае глыбокае возера Беларусі, адзін з меркаваных геаграфічных цэнтраў Еўропы, гісторыі прадпрымальных месцічаў, таямнічыя легенды, другі па велічыні валун у Беларусі і шмат іншых цікавостак. Што паглядзець, дзе спыніцца, чым пачаставацца ў самім Глыбокім мы распавядалі раней. А сёння прапануем наведаць наступныя мясціны: Празарокі — возера Доўгае — Зябкі — возера Шо — валун у цэнтры Еўропы.
Фота: planetabelarus.by
Празарокі
Наступным нашым прыпынкам будзе вёска Празарокі, якая ў пісьмовых крыніцах упершыню ўзгадваецца ў ХVI стагоддзі як маёнтак вялікіх князёў. Гаспадары Празарокаў часта змяняліся. А ў 1698 годзе новы гаспадар Юстын Шчыт запрасіў сюды манахаў-францішканаў, фундаваў тут будаўніцтва драўлянага касцёла і кляштара пры ім.
Фота: planetabelarus.by
На пачатку XVIII стагоддзя усе пабудовы згарэлі, а ў 1721 годзе смаленскі падхаружны Павал Корсак фундаваў новыя касцёл і кляштар у Празароках, якія зноў згарэлі ў 1892 годзе. У 1896 годзе быў атрыманы дазвол віленскага губернатара на адбудову ў Празароках новага каталіцкага храма, які можна пабачыць тут і сёння.
Фота: planetabelarus.by
Храм быў канчаткова адбудаваны ў неараманскім стылі з нетынкаванай чырвонай цэглы ў 1907 годзе. У 1950 годзе касцёл быў зачынены і пераўладкаваны мясцовай адміністрацыяй пад зернесховішча. Калі касцёл стаў уласнасцю калгаса, усе ўнутраныя аздабленні былі страчаныя. Толькі ў 1989 годзе храм быў вернуты вернікам. Аднаўленне касцёла распачаў мясцовы пробашч Люцыян Паўлік.
Яшчэ больш падарожжаў па Беларусі ў рубрыцы «Вандруем разам!»
Фота: planetabelarus.by
За касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі пахаваны заснавальнік беларускага нацыянальнага прафесійнага тэатра Ігнат Буйніцкі. У 1975 годзе на магіле быў усталяваны помнік.
Фота: planetabelarus.by
Ігнат Тарквіневіч (Цярэнцявіч) Буйніцкі нарадзіўся недалёка ад Празарокаў у фальварку Палівачы ў 1861 годзе. Буйніцкі запачаткаваў новую тэндэнцыю — прафесіяналізацыю народных традыцый. У 1907 годзе разам з дочкамі Аленай і Вандай ды сябрамі Ігнат Буйніцкі заснаваў аматарскі калектыў, які пачаў вандраваць не толькі па гарадах Беларусі, але выязджаў з выступленнямі ў Варшаву і Пецярбург.
У сцэнічным афармленні спектакляў трупы Буйніцкага выкарыстоўваліся элементы беларускага народнага выяўленчага мастацтва, акторы выступалі ў нацыянальных строях. «Бацька беларускага тэатру» беражліва ставіўся да захавання традыцыйнай харэаграфіі, імкнуўся асабліва не змяняць узор танца. Ігнат Буйніцкі ўжо на вялікай сцэне як выканаўца і пастаноўшчык паказаў невычэрпныя магчымасці і прыгажосць беларускіх народных танцаў. Буйніцкі стварыў «Першае таварыства беларускай драмы і камедыі», на базе якога ўтварыўся праз пэўны час Купалаўскі тэатр.
Ігнат Буйніцкі з дачкой Вандай у час выступлення на Першай беларускай вечарынцы ў Вільні. 1910 г.
Існуе легенда, што Буйніцкі і памёр у танцы падчас падрыхтоўкі вайсковай самадзейнасці ў Маладзечне, патрапіўшы на Заходні фронт падчас І Сусветнай вайны. Ён пажадаў быць пахаваным у сваім родным маёнтку Палівачы. Ягоныя сваякі так і зрабілі. Але за гады вайсковых ліхалеццяў і маёнтак, і магіла амаль зніклі, толькі напачтку 1970-х месца пахавання знайшлі Уладзімір Караткевіч разам з прафесарам Уладзімірам Няфёдам ды атрымалі дазвол перанесці ды перазахаваць парэшткі побач з касцёлам у Празароках. Апроч магілы Буйніцкага, у Празароках варта наведаць і музей у мясцовай школе, прысвечаны бацьку беларускага тэатра.
У. Караткевіч на адкрыцці помніка І. Буйніцкаму ў в. Празарокі, 1975 г.
Возера Доўгае
Далей прапануем рушыць да возера Доўгае. У першую чаргу яно вядомае як самае глыбокае возера Беларусі, максімальная глыбіня ад яго дна да паверхні складае амаль пяцьдзясят чатыры метры. У той жа час па плошчы возера невялікае, моцна выцягнутае па форме. За чысціню (празрыстасць возера дасягае сямі метраў) і глыбіню возера называюць беларускім Байкалам. Вось такое глыбокае маленькае Доўгае возера.
Фота: planetabelarus.by
Лічыцца, што ад часу ўтварэння возера, а гэта каля дванаццаці тысяч год таму, у Доўгім захаваўся рэліктавы рачок лімнакалянус, чырвонакніжная рыба сняток, рэліктавыя водарасці. З возерам звязана шмат загадкавых момантаў — беларускія дайверы распавядаюць пра падводныя норы, роўныя брукаваныя пляцоўкі і іншыя дзівосы, якія патрабуюць даследавання.
Фота: planetabelarus.by
На адным з берагоў Доўгага месціцца ўрочышча Галубаў сад. Назву ўрочышча атрымала ад прозвішча свайго колішняга ўладальніка Канстанціна Голуба, які ў 20-я гады мінулага стагоддзя збудаваў тут свой маёнтак і заклаў прысядзібны парк з экзатычнымі раслінамі побач з ім. Але падчас І Сусветнай вайны палац быў зруйнаваны, да нашых дзён тут захаваліся толькі рэшткі парку. Галубаў сад знаходзіцца на тэрыторыі гідралагічнага заказніка «Доўгае», створанага для захавання мясцовай флоры і фаўны ў 1979 годзе.
Фота: wikimedia.org
У ваколіцах возера Доўгае аматары воднага, роварнага, пешага, коннага турызму абавязкова знойдуць якім чынам бавіць час. Тут пралягаюць чатыры экалагічныя маршруты: пешы «Азёрны край у цэнтры Еўропы» працягласцю 15 км, роварны «Легенды беларускага Байкалу» — 55 км, водны «Па Шошы» — 49 км і конны «Партызанскімі сцежкамі» — 20 км.
Фота: planetabelarus.by
Зябкі
Ля возера Доўгае месціцца вёска Зябкі, якую таксама няварта абмінаць. Зябкі вядомыя з XVI стагоддзя, але па вялікай колькасці курганоў у ваколіцах можна меркаваць, што людзі пасяліліся тут задоўга да гэтага часу. Зябкі размяшчаюцца на старажытным, так званым «Альгердавым шляху» — дарозе з Вільні на Полацк. Альгердаў шлях, бо менавіта па ім князь Альгерд тры разы хадзіў на Маскву.
Фота: zyabki.by
У 1901 годзе праз Зябкі была пракладзена чыгунка. Сёння ля яе можна пабачыць будынак вакзала і ваданапорную вежу, збудаваныя ў 1906 годзе.
Фота: fotobel.by
Пасля І Сусветнай вайны ў Зябках асаблівых падзеяў не адбывалася, хіба ў 1919 годзе падчас савецка-польскай вайны месцічы распавядаюць пра першы танкавы бой з боку Чырвонай арміі, калі два з трох танкі былі падбітыя, а адзін захрас у балоце. Але ж бой ў 1920 годзе правільна прааналізавалі і спрагназавалі за танкамі вялікую будучыню.
Пасля савецка-польскай вайны Зябкі ўвайшлі ў склад Польшчы. Для мясцовай адміністрацыі было пабудавана некалькі дамоў, якія захаваліся да нашых дзён.
Фота: zyabki.by
Яшчэ адной адметнасцю Зябкаў з’яўляецца млын, пабудаваны тут у 1930-я гады самым заможным мясцовым яўрэем Рафалам Ітманам. Невыпадкова Рафал стаў самым заможным, бо быў вельмі кемлівы. Каб не сплочваць велізарныя падаткі за пабудову млына, ён папярэдне дамовіўся і аформіў яго на паляка з мясцовай адміністрацыі, з якога польская дзяржава падаткі не спаганяла. Але кіраваў млыном асабіста.
Фота: fotobel.by
Дзеля пабудовы млына Ітман запрасіў двух інжынераў з Нямеччыны, абсталяванне яны таксама прывезлі са Старога свету. Жорны рухала паравая машына. Побач была ўзведзена вялікая колькасць гаспадарчых пабудоваў для абслугоўвання млына. Сюды з’язджаліся малоць збожжа з усяго наваколля. Месцічы распавядаюць, што з гэтай мэтай людзі стаялі ў чэргах па 3 дні. Млын спыніў сваю працу толькі ў 2000-я гады.
Фота: fotobel.by
Фота: fotobel.by
Возера Шо
Вандруючы па Глыбоччыне варта наведаць і яшчэ адзін меркаваны цэнтр Еўропы, які знаходзіцца ў ваколіцах возера Шо. Зараз для зручнасці яго перанеслі ў Полацк, але ж паводле навуковай працы беларускіх даследчыкаў Аляксея Саламонава і Валерыя Аношкі, апублікаванай у 2000 годзе, цэнтр гэты знаходзіцца акурат у межах возера Шо. Так яно ці не, спрачацца навукоўцам, а турысту варта зазірнуць сюды па маляўнічыя краявіды.
Фота: planetabelarus.by
Возера Шо неглыбокае, мае глыбіню каля трох метраў, таму актыўна забалочваецца. З возера выцякае рэчка Шоша, шматлікія крыніцы злучаюць Шо з суседнімі азёрамі Доўгае і Івесь.
Фота: planetabelarus.by
Пра возера Шо існуе некалькі легендаў. Самая вядомая з іх пра крыжы, што і сёння можна сустрэць пад вадой ля паўднёвага берага возера. З гэтымі крыжамі звязаная легенда пра дачку каменячоса прыгажуню Любаву і воіна Мікулу, якія пакахалі адно аднаго. Але Мікула пайшоў з войскам полацкага князя на вайну з Кіевам і не вярнуўся адтуль, бо ажаніўся там з заможнай князёўнай. Любава ад такой навіны захварэла і памерла ад моцнай тугі. Перад смерцю яна папрасіла бацьку пахаваць яе на беразе возера і паставіць на магіле светла-шэры каменны крыж.
Фота: planetabelarus.by
У Мікулы жыццё на чужыне таксама не склалася: паміралі дзеці і жонка адышла ў іншы свет. Па вяртанні дадому Мікула даведаўся пра смерць Любавы ды пайшоў наведаць яе магілу. Але Любава і мёртвая не дазволіла здрадніку наблізіцца да яе: раптоўна на возеры ўзняліся хвалі, і могілкі схаваліся пад вадой. Да гэтага часу рыбакі да возера Шо ходзяць лавіць рыбу «на крыжы».
Фота: traveling.by
Валун у Цэнтры Еўропы
Далей рушым да вёскі Шо. Насамрэч цікавіць нас не зусім яна, але валун, які быў нядаўна знойдзены на самым ускрайку Галубіцкай пушчы побач з возерам Белае, паўднёвей вёскі Шо. Хоць валун і меншы за самы вялікі Чортаў камень, які знаходзіцца ў Шумілінскім раёне Віцебскай вобласці, але таксама ўражвае сваімі памерамі.
Фота:fotobel.by
Валун выходзіць на паверхню на схіле невялікага ўзгорка, мае даўжыню 6.1 м, шырыню 4 метры, бачную вышыню каля 3-х м. Але, відавочна, што большая частка каменя знаходзіцца ў зямлі. Упэўнена можна сказаць, што гэта адзін з самых вялікіх вядомых у Беларусі валуноў. Раней ён быў незаўважным, бо цалкам заімшэў. Некалькі год таму яго знайшлі мясцовыя леснікі і Глыбоччына займела яшчэ адзін помнік прыроды, які абавязкова варта пабачыць.
Фота: racyja.com
Вандруйце разам з «Будзьма!». Працяг будзе.
ПЖ, budzma.org