Гурты Guda і “Стары Ольса” завершылі серыю канцэртаў “Тузін.Unplugged”, якія праходзілі з траўня 2011 года. Спявачкі з Guda толькі галасамі трымалі ўвагу ўсёй залы больш за гадзіну ды паказалі вясельны абрад, а “Ольсы” наогул зладзілі танцы на вуліцы.
Канцэрт пачаўся з дэманстрацыі апошняга кліпа гурта Guda “За гарою крэмянэю”.
Выканаўцы перанеслі прэзентацыю сваёй праграмы з гуртом Volk на пазнейшы тэрмін праз хваробу лідара гэтай каманды і вырашылі спяваць акапэла. Як пажартаваў вядоўца канцэрту Алег Хаменка, выць яны будуць на Піліпаўку (“воўчае свята” на Піліпаўку адзначаецца пры канцы восені). Адно было нязвыкла. Guda практыкуе голасны спеў, які паходзіць ад гучнага спеву на адкрытым паветры. Дзяўчаты нават распяваліся перад канцэртам на вуліцы. Аднак на гэтым канцэрце вырашылі спяваць у мікрафоны, што толькі ўзмацніла ўражанне ад іх выканання. “Нашыя сэрцы поўныя любові да вас”, — заявіла перад пачаткам сэту адна з удзельніц гурта, Вікторыя Міхно. Паміж песнямі спявачкі размаўлялі са слухачамі і адказвалі на пытанні, расказвалі, як прыйшлі да выканання такой музыкі. “Нас уразіла стаўленне да свету нашых продкаў”, — патлумачылі яны сваю захопленасць народнымі спевамі. А на пытанне, чаму ў кожнай з удзельніц розныя народныя строі, Вікторыя адказала: “Праўду кажуць, што ў вёсцы ва ўсіх мусяць быць аднолькавыя строі. Аднак мы – з розных вёсак. Мы нібы ўяўляем усю Беларусь у такім візуалізаваным выглядзе”. Слухачы нават пацікавіліся, хто з удзельніц гурта не замужам. Адказам было: “Тыя, хто з непрыкрытымі галовамі”. Пасля гэтага Guda выйшла да гледачоў, каб паказаць адзін з вясельных абрадаў.
У перапынку Алег Хаменка зладзіў розыгрыш падарункаў ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” і партала Tuzin.FM. Дзея была жартаўліва названая “торба-шоу”. А пытанні былі зусім не цяжкія: трэба было назваць, напрыклад, дызайнера сайта “гудаў” і аўтара аўдыёспектакля “Ладдзя роспачы”. Пасля выйшаў “Стары Ольса”, прычым зусім без наладкі. Музыкі вырашылі граць ужывую натуральна, то бок без падключэння інструментаў і без мікрафонаў. Як патлумачыў лідар каманды Зміцер Сасноўскі, пайшлі яны на гэты крок, каб прадэманстраваць, што такое сапраўдны чысты гук і жывы баланс інструментаў. Музыкі толькі вярнуліся з канцэрту, што давалі ва ўкраінскім Камянец-Падольскім, дзяліліся ўражаннямі ад паездкі ды адказвалі на пытанні. На песні “Карчма” Сасноўскі прапанаваў усім грукаць па сталах кубкамі, а пры канцы музыкі наогул вырашылі выйсці на вуліцу. На “біс” яны сыгралі на прыступках клуба, а гледачы ў гэты час вадзілі побач карагоды. Атрымалася надзвычай прыгожа.
Гала-канцэрт праекту “Тузін.Unplugged” адбудзецца ў межах фестывалю “ПІКНІК.BY” 30 чэрвеня на хутары Шаблі.
Тэкст: Мікалай Дубавіцкі
Фота: Аляксандр Ждановіч