Заняткі праходзяць двойчы на тыдзень, яны разлічаны на дзяцей 6-10 год. Памяшканне для заняткаў прадаставіла сямейная прастора Spring School. Там створаны ўсе неабходныя ўмовы, каб дзецям было ўтульна і камфортна займацца.
Ужо прайшло два заняткі гуртка. За гэты час дзеці пазнаёміліся і паспелі навучыцца вітацца і развітвацца па-беларуску, даведаліся, як гучаць па-беларуску іх імёны і прозвішчы, вывучылі назвы колераў на роднай мове.
Арганізавалі і праводзяць заняткі Кася Панкевіч і Дана Кавалёва.
«Гэта такі эксперыментальны гурток. Мы больш энтузіясты. Не выкладчыкі, ні я, ні Дана, — кажа Кася. — У мяне ёсць мэта, моцнае жаданне, каб дзеці тут, у Грузіі, маглі хто вывучаць беларускую мову, хто падтрымліваць. Мяне радуе, калі дзеці ўключаюцца, калі ім цікава. Тады гэта натхняе нешта цікавае шукаць, прыдумляць для гуртка».
Адносна далейшых планаў Кася гаворыць, што навучанне будзе весціся па тэмах: «Нашая задача —шукаць варыянты, каб вывучаць усё праз гульні, каб дзецям было цікава. Мне здаецца, што яно так запамінаецца лепей, больш натуральна. Спачатку будзем вывучаць нейкія базавыя тэмы, а потым, калі падцягнуцца тыя, хто зусім не ведае мовы, ісці глыбей, будзем чытаць на занятках, рызыгрываць па ролях. Мы глядзім на дзяцей, на іх узровень, на іх цікавасці, на запыты бацькоў. Пакуль не было запытаў адносна акадэмічнай адукацыі, і нам бы і не хацелася гэтым займацца, бо мы не выкладчыкі. Нам важна, каб дзеці ў беларускамоўным асяродку былі, вывучалі нешта новае, камунікавалі паміж сабой, а не вучылі правілы, але, канешне, нейкія базавыя правілы беларускай мовы з часам будзем патроху закранаць».
Навучанне ў гуртку праходзіць у інтэрактыўнай форме. Падчас другога занятка дзеці паспелі пагуляць, паспяваць песенькі , памаляваць, паглядзець кароценькі навучальны мульцік, паслухаць казку пра колеры на роднай мове, крыху пабегаць і пасмяяцца.
Частка дзяцей ужо добра ведаюць беларускую мову, каб ім не давялося сумаваць, пакуль малодшыя вывучалі назвы колераў на беларускай мове, выкладчыкі падрыхтавалі спецыяльна для іх больш складаныя заданні.
Пакуль заняткі наведвае 6-9 дзяцей, але выкладчыкі спадзяюцца, што з часам вучняў стане болей. Тым больш, што настаўнікі гатовыя адаптаваць праграму навучання пад канкрэтныя запыты бацькоў і вучняў у залежнасці ад узроўню валодання мовай.
Заняткі праходзяць па серадах і пятніцах па адрасе: Батумі, вул. Пушкіна, 95.
Пачатак а 16:30.
За падрабязнай інфармацыяй можна звяртацца ў тэлеграм @kasia_kam.
budzma.by