Аксакал беларускай цяжкай сцэны Уладзіслаў «Lesley Knife» Наважылаў, вакаліст і фронтмэн гомельскага гурта Gods Tower склаў свой топ з пяці беларускіх песень адмыслова для Budzma.org.
Наогул у Палаца вельмі шмат песень, якія мне больш чым даспадобы. Я на іх літаральна рос, ды што казаць, «Канюшню» мы пʼяныя самі спявалі — яна для гэтага ідэальна пасуе. Але, дакладна кажу, найбольш прачутая песня для мяне, гэта менавіта «Коцік-бомж». Я натуральна плачу ад яе: тут усё вельмі моцна і тэкст, і музыка, і манера выканання. Вельмі простая, кранальная і жыццёвая гісторыя, ды яшчэ пра ката. Насамрэч, лічу гэтую песню адной з найбольш прачутых у беларускай музыцы наогул, вельмі крыўдна, што яе не зазначылі астатнія. Шчыра раю прыслухацца да гэтай гісторыі.
Ну, тут проста — у мяне доўгі час беларускі рок, школа беларускага року менавіта з гэтай песняй асацыявалася. У ёй маецца нешта кельцкае, у сэнсе тое, што робіць нас супрацьлеглымі імперыі. У пачатку дзевяностых мне наогул бачылася шмат паралеляў меж беларусамі і кельтамі. Гэтая песня не проста чапляе, яна яскравы прыклад моцнай мелодыі і пазітыўнага верша. Яна аж свеціцца. Гэта, без перабольшвання, адзін з выдатнейшых твораў беларускага року, ды і наогул тэма, якую трэба вывучаць у школе. Лічу гэты твор і гэты гурт сапраўды эпахальнымі.
Тут тая ж сітуацыя, як у выпадку з «Палацам», то бок вельмі цяжка вызначыцца з выбарам самай любімай песні, бо іх рэальна шмат. Я выбраў тую, што адразу ў памяці выявілася. Фраза «Ахіні нас, светлы анёл» — гэта, здаецца мне, можна карыстаць у якасці дэвіза на дзяржаўным гербе, нам гэтага якраз бракуе ўсім. Я б яшчэ абавязкова дадаў у гэты спіс «Гомельскі вальс» і «Бяжы, хлопец», яны ў мяне прыкладна на адным узроўні, ды яшчэ «Ура!» ад «Бонды», але месца не шмат, таму на гэтым спынімся.
Ой, з НД цяжка, там што не песня, то любімая, то заўжды разабраная на цытаты і спяваецца і гаворыцца ў самыя дзіўныя моманты жыцця. Я выбраў «Резиновый дом» з нагоды той жа, з якой рабіў выбар сярод песень «Палаца». Ад гэтай песні я таксама плачу, як кракадзіл, камяк у горле глытаю. Гэтая песня насамрэч адна з першых, якую я наогул пачуў з НД. Тут мелодыя, як у моцнай металічнай балады, і тэкст, які блізкі мне сваім сімвалізмам. Вобразы, якія ўражваюць і натхняюць плюнуць на ўсё і жыць далей — на маёй памяці на такое быў здольны толькі НД. Я і надалей буду сцвярджаць, што мы яшчэ вернемся да спадчыны Кулінковіча, Навумава і кампаніі. І гэта будзе значна вышэйшая адзнака, чым зараз.
Чытайце таксама: Топ-5 беларускіх песень ад фронтмэна гурта «Dzieciuki» Алеся Дзянісава
Думаў, чым можны завяршыць гэты няпоўны спіс, быў вымушаны абмеркаваць шмат варыянтаў, Тут нельга было абысціся без «Мроі» і таго, што з’явілася пасля яе, там вельмі багата што кранае. Таму я вырашыў звярнуцца да класікі і зразумеў, што вось без песні, у якой кожнае слова — праграма жыцця, нельга абысціся. Фактычна, маніфест. Хаця з музычнай кропкі гледжання яна троху наіўная, у гэтым таксама есць свой юнацкі максімалізм, і гэта ў свой час спрыяла фармаванню майго светапогляду, я ўдзячны гэтаму маніфесту. Ну, і наогул — гэта квінтэсенцыя 80-х. Гэта маё.