Габрэйскі гарадок з’явіцца ў Бабруйску ў 2017 годзе

Габрэйскі гарадок з’явіцца каля Бабруйскай крэпасці да 630-гадовага юбілею горада. Па ініцыятыве Бабруйскага гарвыканкама гісторыка-культурным помнікам яўрэйскай самабытнасці стане поле каля «Бабруйск-Арэны”. Аб’екты гарадка плануюць выканаць у натуральную велічыню.

– Гэта будзе адзіны падобнага роду этнаграфічны аб’ект у Беларусі, – сказаў намеснік старшыні гарвыканкама Аляксандр Маркачоў. – Для Бабруйска – гэта яшчэ адна архітэктурная жамчужына, якая зробіць наш горад больш прывабным для замежных гасцей. А разам з імі мы разлічваем не толькі нарасціць экспарт турыстычных паслуг, але і прыцягнуць прамыя замежныя інвестыцыі пад інфраструктурныя праекты, што, безумоўна, палепшыць гарадскі бізнес-клімат.

Як адзначыла лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне архітэктуры Галіна Левіна, першы ў Беларусі гісторыка-культурны комплекс, прысвечаны яўрэйскаму побыту, адлюструе гарадское жыццё.

– Хутчэй за ўсё гэта будзе не габрэйскае мястэчка, а гарадок. Бо мы з вамі знаходзімся ў горадзе, дзе жыло шмат годных габрэйскіх грамадзян. Не думаю, што гэта будзе штэтл. Гэта стане цэнтрам вывучэння культуры, якая засталася нам у спадчыну. Падключыцца і краязнаўчы музей, дапаможа з экспанатамі. Ды і гараджане змогуць прыняць удзел, – падзялілася ідэяй Галіна Левіна.

У 1897 годзе ў Бабруйску пражывалі больш за 34 тысяч чалавек, сярод іх звыш 20 тысяч габрэяў. У 1914 годзе ў горадзе налічвалася 25876 габрэяў.

 

bobrlife.by