Ганна Мядзведзева: “Гэта жыццё, гэта лёс”

hanna-miadzvedzeva
— Тое, што мы беларусы, я ведала заўжды. Нават дзядуля, які з Бранскай губерні, называў сябе беларусам. Нават назва ў яго вёскі беларуская — Сачылава.

Тады на беларускай  мове ўвогуле не размаўлялі нідзе: не было ні беларускіх класаў, ні нават беларускіх школ. У нас дома таксама не размаўлялі па-беларуску, толькі асобныя словы. Напрыклад, бабуля мне заўсёды казала: “Дабранач!”. Я пайшла ў першы клас у 1975 годзе. Але, як я памятаю, мне заўжды набывалі чытаць беларускія кніжкі. Яшчэ мая бабка добра гатавала спрадвечныя беларускія стравы: дранікі, мачанкі; цялячы бок у прэсным цесце (тады фальгі не было), гусь з бруснічным сочывам (не кетчупам альбо маянэзам); халаднікі, вельмі шмат бульбы.

Потым, ужо ў час перабудовы, дзесьці ў 1986-1987 годзе, сярод моладзі пачаў уздымацца беларускі рух, і я ў Траецкім прадмесці пазнаёмілася з нейкімі хлопцамі. Выпадкова, але праз тое, што мне вельмі спадабалася іх беларуская мова. Яны мяне запрасілі ў “Талаку” – тады было такое аб’яднанне. Мы там вучылі беларускія песні… Вось, падаецца, і ўсё.

Мой стрыечны брат, які жыве ў Маскве, з паходжання беларус. Але толькі з паходжання. У яго нават у пашпарце “беларус” напісана праз два “с”. Ён заўжды смяяўся з таго, як як кажу па- расійску: “Когда завтра приду со школы”. А ён кажа: “Как это – “со …”? Из школы!» Цяпер некаторым беларускім словам мне цяжка знайсці адпаведнік у расійскай мове. Калі руйнуюць будынак, то яго менавіта руйнуюць, а не “сносят”. “Сносят” – няправільнае, няёмкае. Адразу бачна, што з хаты робяць руіны. “Няўрымслівы” лепш за “непоседливый”. Беларускія словы больш сакавітыя, яны адлюстроўваюць самую сутнасць таго, што мы кажам.

Быць беларускай – гэта жыццё, гэта лёс. Я не скажу, што мы горшыя ці лепшыя за іншыя нацыі. Мы проста іншыя, са сваімі адметнымі рысамі: як непамерным цярпеннем.

Ганна Мядзведзева, супрацоўніца будаўнічай фірмы

Аб праекце як я стаў беларусам