Калі зірнуць на спісы самых папулярных выданняў non-fiction за мінулы год, вочы разбягаюцца ад разнастайнасці. У Расіі, напрыклад, гэта і кніга ад доктара пра сапраўдную сутнасць лекаў і медыцыны, і шалёная маляванка для дзяцей ад сучаснага мастака, і адкрыцці пра амаральную сутнасць капіталізму ад гарвардскага палітолага, і дапаможнік па выхаванні дзяцей ад амерыканскай эмігранткі ў Францыю. Сёння назваць нон-фікшнам можна ўсё што заўгодна, калі толькі гэта не раман, не верш і не хрэстаматыя па сусветнай літаратуры для восьмых класаў агульнаадукацыйных школ з беларускай мовай навучання. Разабрацца ва ўсім гэтым дакументальным вар’яцтве амаль немагчыма, калі толькі вы не сябар журы Пулітцэраўскай прэміі ў галіне журналістыкі. Але калі ўжо разабрацца немагчыма, то можна прынамсі на ўсё гэта зірнуць. Хоць адным вокам. Але вельмі пільным.
Non-fiction: праблема перакладу
Значэнне ангельскага паняцця non-fiction, якое ўварвалася ў славянскія мовы, атабарыўшыся там у выглядзе простай і такой папулярнай транслітарацыі “нон-фікшн”, лёгка выводзіцца з самой структуры слова: non-fiction — гэта значыць, “не-фікшн”, то бок усё тое, што не ёсць белетрыстыкай. Такое адмаўленне белетрыстычнай сутнасці літаратуры нон-фікшн адразу ж развязвае крытыкам і даследчыкам рукі: сюды пачынаюць залічваць і эсэ, і гістарычныя працы, і падарожныя нататкі, і навуковыя артыкулы, і слоўнікі, і біяграфіі, і мемуары, і лісты, і журналісцкія публікацыі, і энцыклапедыі, і шмат усяго іншага. Больш звыклы ж для славянскага вуха тэрмін “дакументальная проза”, наадварот, звужае сферу ўплыву такога роду літаратуры: часцей за ўсё пад дакументальнай прозай разумеюцца творы, заснаваныя на рэальных падзеях. Гэта могуць быць белетрызаваныя гістарычныя працы, займальныя біяграфіі знакамітых людзей, апісанні быту экзатычных і не вельмі краінаў, але сюды ніякім чынам ужо не трапляюць слоўнікі, энцыклапедыі ці працы па квантавай фізіцы.
Каб трошкі ўпарадкаваць нон-фікшн і аддзяліць у ім тое, што з мастацкай прозай не звязанае ўвогуле, ад таго, што да літаратуры дачыненне ўсё ж мае, даследчыкі ўвялі яшчэ некалькі тэрмінаў, якія, па сутнасці, апісваюць адну і тую ж з’яву: creative non-fiction (творчы нон-фікнш), literary non-fiction (літаратурны нон-фікшн), narrative non-fiction (наратыўны, апавядальны нон-фікшн). Творы, напісаныя ў такім жанры, усё яшчэ маюць справу з дакладнымі фактамі і рэальнымі падзеямі, але падаюцца ў мастацкай форме і іх апісанне патрабуе ад аўтара сур’ёзнага літаратурнага таленту. У славянскіх мовах адпаведнікам гэтых вызначэнняў лічыцца паняцце “літаратурная журналістыка”, што падразумявае жанр, у якім журналісцкая праца спалучаецца з пісьменніцкай. Атрымліваецца нешта сярэдняе паміж эсэ і рэпартажам, дзе строгае апісанне рэчаіснасці перамяжоўваецца з агульначалавечымі развагамі і дзе абавязкова прысутнічае аўтарская пазіцыя, хай сабе і не выказаная наўпрост.
Там, дзе нас няма
Пакорпаўшыся ў кнігах на паліцах, якія ў еўрапейскіх кнігарнях аддадзеныя пад дакументалістыку ці, у больш вузкім сэнсе, літаратурную журналістыку, адразу разумееш, што наш свет надзвычай вялікі і багаты на розныя дзівосы. Побач з абавязковымі працамі, прысвечанымі быту людзей у Паўночнай Карэі, гісторыі Камбоджы перыяду “чырвоных кхмераў” і ўспамінам ахвяраў хатняга гвалту, можна знайсці і зборнік эсэ пра кнігі, якія не дайшлі да нашых дзён, і працу пра развіццё крыміналістыкі ў эпоху Шэрлака Холмса, і безліч падарожных нататак — гэтых густоўна аформленых і стракатых “Афрык з захаду на ўсход за сто дзён” ці “Вандровак пра краіне старажытных мая”. Ва ўсім гэтым хапае і кітчу, не нашмат лепшага за ўсялякія “Таямніцы амерыканскіх генных даследаванняў” ці “Хто насамрэч выйграў Грамадзянскую вайну ў Расіі?” (таксама ж нон-фікшн!), але ёсць і працы, якія чытаюцца не горш за творы лаўрэатаў усіх магчымых літаратурных прэміяў.
Кніга Аляксандры Фулер “Давай не пойдзем увечары да чорта” (Don’t let’s go to the dogs tonight, 2001) расказвае пра дзяцінства аўтаркі, дачкі брытанцаў, што пераехалі ў Афрыку, у Радэзіі (цяпер Зімбабвэ), Мазамбіку і Замбіі, якое праходзіла на фоне грамадзянскай вайны. Чытач бачыць тагачасныя падзеі вачыма спачатку маленькай дзяўчынкі, а пасля падлетка, што не ўспрымае вайну як нешта надзвычайнае, бо вайна робіцца часткай жыцця: нельга ехаць у суседні горад без аховы, яшчэ раней, чым пісаць і чытаць, трэба вучыцца страляць і дапамагаць параненым. Аднак вайна ў кнізе — толькі фон, бо на першы план выходзяць звычайныя жыццёвыя гісторыі, часам смешныя, часам трагічныя, вельмі паэтычна і цёпла напісаныя ўспаміны пра розныя бытавыя дробязі, якія запомніліся аўтарцы з дзяцінства, і спроба зразумець бацькоў, расізму якіх аўтарка не можа раздзяліць, але да якіх ставіцца з вялізнай пяшчотай, а таксама спроба разабрацца з тым, як гэта — быць белай афрыканкай.
У кнізе Малгажаты Шэйнэрт “Дом чарапахі” (Dom żółwia), прысвечанай Занзібару, гісторыя гэтай краіны расказваецца даволі незвычайным чынам: праз гісторыю дамоў, якія даюць аўтарцы магчымасць паказаць, што ў выніку застаецца пасля таго, як заканчваецца тая ці іншая падзея. Адштурхоўваючыся ад нязначных эпізодаў у жыцці таго ці іншага свайго героя (які і на востраў трапіў ці не выпадкова), Малгажата Шэйнэрт расказвае пра тое, што адбывалася з ім потым і які след пакінуў на ім Занзібар. Сама цікавасць польскай журналісткі да такога экзатычнага рэгіёна падаецца не такой ужо і выпадковай: занзібарскую прынцэсу Сальме, адну з гераіняў кнігі Малгажаты Шэйнэрт, лёс занёс ажно ў польскі горад Быдгашч.
Non-fiction па-беларуску
Існуе меркаванне, што на савецкай прасторы развіццё дакументальнай літаратуры моцна падштурхнула Другая сусветная вайна: асэнсаванне яе падзеяў, перадумоваў і вынікаў выклікала хвалю публікацыяў, многія з якіх цяпер лічацца класікай савецкай дакументалістыкі. Адна з такіх прац — “Блакадная кніга” А. Адамовіча і Д. Граніна, зрэшты, як і іншыя кнігі Алеся Адамовіча. З ваеннай тэмы пачала і Святлана Алексіевіч, напісаўшы ў 1985 годзе кнігу “У вайны не жаночае аблічча” (“У войны не женское лицо”). Тэма вайны — натуральная для дакументальнай прозы, якая часта прадугледжвае новы погляд на пастаўленую праблему і патрабуе пэўнай адстароненасці ад падзеяў. У адрозненне ад гонза-журналістыкі, калі аўтар вядзе рэпартаж з “поля бою” і аказваецца эмацыйна ўцягнутым у тое, што апісвае, дакументалістыка патрабуе ад аўтара ўзважанай і праверанай часам пазіцыі.
Цікава тое, што беларускі нон-фікшн тэматычна амаль ніколі не выходзіць за межы Беларусі. Варта перагледзець, напрыклад, кнігі з “Бібліятэкі Свабоды”, і адразу робіцца зразумела, што замежныя рэаліі цікавыя беларусам толькі тады, калі гаворка вядзецца пра беларускую эміграцыю, — возьмем хаця б успаміны Івонкі Сурвілы “Дарога: Стоўбцы — Капенгаген — Парыж — Мадрыд — Атава — Мінск” (2008). Адзіным выключэннем, ды і тое вельмі ўмоўным, падаецца тут кніга Аляксандра Лукашука “След матылька. Освальд у Мінску” (2011): хай сабе апісаныя ў ёй падзеі адбываюцца ў Мінску, гісторыя, якая стаіць за цікавасцю да Лі Харві Освальда, усё ж з Беларуссю амаль не звязаная. Аўтары большасці беларускіх дакументальных кніг спрабуюць асэнсаваць тое, што не атрымлівалася асэнсаваць цягам ХХ стагоддзя: трагічную гісторыю нацыі, уласную спадчыну і ідэнтычнасць. У выніку праблема айчыннага нон-фікшна пачынае нагадваць праблему айчыннага ж рамана: існуе немалая імавернасць, што адзін крок ад нацыянальнай праблематыкі ў бок універсальнасці падвысіць цікавасць і да першага, і да другога не толькі за мяжой, але і ўнутры краіны. Прычым для гэтага зусім не абавязкова выпраўляцца ў Радэзію ці Занзібар.
Ганна Янкута