Ганна Янкута: Лінгвістычнае фэнтэзі ў вершах

Ігара Кулікова можна назваць незвычайным беларускім паэтам з дзвюх прычынаў: па-першае, сваю другую кнігу ён выдаў усяго праз два гады пасля першай, па-другое, розніца паміж гэтымі кнігамі такая адчувальная, што паверыць у гэтыя два гады амаль немагчыма. Прычым другую кнігу, мяркуючы ўжо хаця б з вокладкі, аўтар паспрабаваў зрабіць як мага больш не падобнай да першай. Калі параўнаць “Свамову” (другая) з “Паваротам на мора” (першая, 2011), адразу заўважаеш, што “Свамова” атрымалася нашмат больш цэльнай і кампазіцыйна, і канцэптуальна. Выглядае на тое, што ў першую кнігу аўтар паскідваў усё, што ў яго было, каб дабраць аб’ёму: і празаічныя фрагменты, і пераклад, і верлібры, і вершы, з якіх пазней вырасла “Свамова” (некаторыя з іх у трохі змененым выглядзе перакачавалі з першага зборніка ў другі). Аднак большая частка вершаў у зборніку “Паварот на мора” можна ўсё ж аднесці да пэўнай цэльнай плыні не толькі ў творчасці Ігара Кулікова, але і ў сучаснай беларускай паэзіі: ствараецца ўражанне, што аўтар, шукаючы свой голас, застаецца збольшага верным духу свайго часу.

Зборнік “Свамова” стварае ўжо зусім іншае ўражанне. Калі ў папярэдняй кнізе адчуваецца, што аўтар шукае ў паэзіі сваю дарогу, то “Свамова” дэманструе актыўны пошук новай паэзіі ўвогуле, новага паэтычнага рашэння, якое зможа задаць новы кірунак сучаснаму творчаму мысленню. З аднаго боку, пошук чагосьці свайго здаецца сёння лагічным крокам для паэта, якому нецікава пісаць еўраверлібры альбо рыфмаваныя вершы ў трэндавай стылістыцы, з другога боку, на сённяшні момант у паэзіі было ўжо столькі пошукаў і эксперыментаў, пісалася столькі ўсяго новага, што любая сур’ёзная спроба прыдумаць нешта прынцыпова адрознае рызыкуе ператварыцца ў танцы на галаве.

Менавіта танцы на галаве і нагадвае кніга “Свамова”, асабліва калі прачытаць яе, не ведаючы канцэпцыі мовы, на якой яна пабудаваная. Давайце ўявім сабе чытача, які ніколі раней не чуў пра Ігара Кулікова, Міхася Баярына і пра іх цікавасць да санскрыту. Што пабачыць такі чытач, разгарнуўшы кнігу “Свамова”? Спачатку — разанаўскае слова “таява”, праўда, ужо ў іншым значэнні, потым — дзіўнаватыя вершы і пераклады з кучай неалагізмаў і граматычных дзівотаў, адны з якіх маюць цалкам празрысты сэнс, другія не расчытваюцца нават у кантэксце, а трэція ўвогуле ствараюць камічны эфект (напрыклад, як у вершы “Іспадчына”: “у кожным слове высмягну канечнасць). У перакладах да ўсяго гэтага дадаюцца ўласныя імёны, якія не стасуюцца з нашымі базавымі ўяўленнямі пра беларускую мову: Одін, Хрюм, Эадрік, Тэкк і інш. У канцы — слоўнік (“Слоўе”) для тых, хто вырашыў ва ўсім гэтым разабрацца і зразумець, што хацеў сказаць аўтар. Дарэчы, стварэнне слоўніка ўласных неалагізмаў — мабыць, адзінае новаўвядзенне Ігара Кулікова, хаця нават гэта нельга сцвярджаць з усёй дакладнасцю.

Кніга “Свамова” такому ўяўнаму неабазнанаму чытачу падасца хутчэй філалагічным казусам, чым зборнікам паэзіі. Нават калі пакінуць убаку незразумеласць асобных радкоў Ігара Кулікова, бо да іх можна паставіцца як да напісаных на малавядомай замежнай мове (мы ж можам атрымліваць асалоду ад вершаў, не да канца разумеючы іх сэнс і захапляючыся найперш іх гучаннем), асобныя выразы і словы ў тэкстах увесь час будуць вяртаць чытача з нябёс на зямлю: якое тут зачараванне, калі аўтар піша пра “неапалую падлу” (“Поўня пушчы”) ці пра тое, як “почты гавораць” (“Бітва пры Молдане”)? Сэнсавая неадпаведнасць добра вядомага беларускага слова “апалы” ці рускага слова “почта” таму тэксту, дзе гэтыя словы ўжываюцца, пакідаюць чытача ў лёгкай збянтэжанасці, якая добра апісваецца выразам “кагнітыўны дысананс”.

Цяпер паглядзім на кнігу “Свамова” вачыма чытача, які прынамсі пабываў на яе прэзентацыі і пачуў тлумачэнні аўтара і рэдактара. З усяго, што там казалася, я выдзеліла два важныя для разумення новага зборніка Ігара Кулікова моманты. Першае — гэта немагчымасць атрымаць культуру ў спадчыну, з чаго вынікае неабходнасць ствараць яе наноў. Адсюль — эксперыменты з мовай і неалагізмы, якія ў ідэале мусяць мець два ці нават тры значэнні, што даюць шырокую прастору для інтэрпрэтацыі верша — разгадвання загадкі. Другое — прага (воля) да стварэння свайго, чагосьці, што было б сапраўды беларускім. Адсюль — скрайні пурызм, адмова ад любых пазычаных словаў і іх замена ўсё тымі ж неалагізмамі, сканструяванымі на аснове беларускіх і старабеларускіх ці стараславянскіх каранёў, часта паводле стараангельскіх ці санскрыцкіх мадэляў. У адрозненне ад вершаў Алеся Разанава, якія спалучаюць самыя розныя эксперыменты з мовай і формай, вершы Ігара Кулікова здаюцца аднастайнымі і пазбаўленымі разанаўскай універсальнасці. У адрозненне ад вершаў Антона Францішка Брыля, у якіх выкарыстоўваюцца асобныя старабеларускія словы і робіцца стылізацыя пад эпічныя і фальклорныя формы, вершы Ігара Кулікова перагрувашчаныя архаікай: нават тэкст пра ўніверсальнае здаецца старадаўнім малачытэльным заклёнам. У гэтым, безумоўна, ёсць свая прыгажосць, але назваць гэта новым шляхам развіцця паэзіі не выпадае.

Калі паспрабаваць вызначыць, чым ёсць паэзія Ігара Кулікова ў сённяшняй вельмі стракатай беларускай літаратуры, я б назвала яе паэзіяй альтэрнатыўнай у тым сэнсе, у якім гэтае слова выкарыстоўваецца ў выразе “альтэрнатыўная гісторыя”. Калі альтэрнатыўная гісторыя — гэта спроба зразумець, якой дарогай пайшла б гісторыя, калі б у мінулым нешта адбылося трошкі інакш (як, напрыклад, у кнізе Стывена Фрая “Як ствараць гісторыю”, дзе расказваецца пра свет пасля Другой сусветнай вайны без Гітлера, які загінуў у маленстве), то альтэрнатыўная паэзія Ігара Кулікова — гэта паэзія, якая магла б існаваць цяпер, калі б у даўнія часы мова развілася трохі па-іншаму. Напрыклад, як ісландская, у якой новыя словы не пазычаюцца, а ствараюцца на аснове спрадвечных каранёў. Такі сабе варыянт лінгвістычнага фэнтэзі ў вершах.

Чытаючы вершы з кнігі “Свамова”, адразу ж згадваеш двух славянскіх паэтаў першай паловы ХХ стагоддзя: рускага Веліміра Хлебнікава і паляка Баляслава Лесьмяна. Характэрнай рысай творчасці абодвух было выкарыстанне неалагізмаў. Велімір Хлебнікаў адмаўляўся ад лексемаў неславянскага паходжання і занураўся ў глыбіні словаў, спрабуючы выцягнуць з рускіх каранёў новыя значэнні і выкарыстаць увесь іх словатворчы патэнцыял (яскравы прыклад — верш “Заклён рогатам”) — не дзіўна, што яго вершы на беларускую мову перакладаў Алесь Разанаў, які відавочна паўплываў на творчасць Ігара Кулікова. Баляслаў Лесьмян выкарыстоўваў неалагізмы больш ашчадна, аднак яны займаюць важнае месца ў яго паэтыцы, называючы прыдуманыя паэтам абстрактныя паняцці, часцей за ўсё з агульным значэннем “пустэча”, “адсутнасць”, “знікненне” (на аснове польскіх каранёў) — у польскім літаратуразнаўстве для іх вызначэння выкарыстоўваецца тэрмін “лесьмянізмы”. Тагачасная паэзія (у тым ліку беларуская — варта згадаць хаця б Язэпа Пушчу) увогуле прапаноўвала чытачу самыя розныя моўныя эксперыменты, у тым ліку такія экстрэмальныя, як знакамітае “дыр бул шчыл” Аляксея Кручоных. Не гаворачы нават пра непасрэднае літаратурнае наследаванне, можна згадаць шмат папярэднікаў “Свамовы”.

Але чым бы насамрэч ні была “Свамова” — наследаваннем Веліміру Хлебнікаву ці спробай стварэння мовы для перакладу стараангельскага ці старагерманскага эпасу, — відавочна адно: праект гэты разавы. Свамова ў такім выглядзе, у якім яна прадстаўленая ў зборніку, паказала свае магчымасці і можа разглядацца як цікавы філалагічны факт, аднак наступныя тэксты, створаныя ў гэтым рэчышчы, хутчэй за ўсё будуць проста вар’іраваць тыя самыя мадэлі словаўтварэння і, адпаведна, шматзначна асэнсоўваць тыя самыя рэчы. Аднак калі ўлічыць, як моцна другі зборнік Ігара Кулікова адрозніваецца ад першага і як відавочна аўтар заангажаваны паэтычнымі пошукамі, цалкам магчыма, што праз некалькі гадоў ён прапануе чытачам нешта кардынальна новае. Калі не ў сусветных маштабах, то ў маштабах уласнай творчасці. Асобныя тэксты ў зборніку, такія як “Страла”, даюць на гэта трывалую надзею.

 

Замовіць кнігу ў інтэрнет-краме