Гарадзенцы адзначаюць Дзень Святога Губерта

04.11.2011

3 лістапада ў горадзе над Нёманам распачаліся альтэрнатыўныя дні горада.

Першай часткай адзначэння было адкрыццё выставы ў гарадзенскай галерэі “Крыга”. Творы гарадзенскіх мастакоў былі спярша прэзентаваныя гукамі сярэднявечнай музыкі, а затым выступам гарадзенскіх лялечнікаў. Святы Губерт выяўлены на гербе горада, таму гэтае свята, якое гарадзенцы адзначаюць ужо не першы год, прыйшлося прысутным даспадобы. Герб горада ўяўляе сабой гістарычны герб з аленем Святога Губерта, які пераскоквае цераз агароджу, у яго залаты крыж паміж рагамі. Самая ранняя выява герба — на пячатцы 1565 года.

Трупа маладых лялечнікаў у тэатралізаванай форме прадставіла легенду пра Святога Губерта.

Затым настаяцель прыхода айцоў францысканцаў Юзаф Макарчык расказаў пра Святога Губерта, пра тое, як сын Бертрана, герцага Аквітанскага, стаў каталіцкім святым.

Вечарам гарадзенцаў чакала прадстаўленне ад гурта “Стары Ольса”. Больш за 200 чалавек прыйшло на канцэрт знакамітага гурта, што грае старадаўнюю музыку. Майстар і калекцыянер старадаўніх інструментаў, лідар гурта Зміцер Сасноўскі падчас канцэрту расказваў пра кожны інструмент, на якім гралі яго музыкі.

Заўтра дні Святога Губерта працягнуцца. Аб 11-й гарадзенцаў чакае турнір лучнікаў “Страла Святога Губерта”, што ладзіцца ваенна-гістарычным клубам “Гарадзенскі двузуб” ужо другі год.

А аматараў паслухаць выступы гісторыкаў запрашаюць на 4-ю навуковую канферэнцыю “Гарадзенскі палімпсест”, што пройдзе па адрасе: вуліца Будзённага, 48а-100. У ёй возьмуць удзел гісторыкі з Беларусі, Расіі і Польшчы.

Андрэй Мялешка