Дырэктарам Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек — на цяперашні момант самага папулярнага тэатра ў краіне — у красавіку быў прызначаны 49‑гадовы Вячаслаў Леаненка. Як высветліла «Люстэрка» з дапамогай «Кіберпартызан», гэта выхадзец з сілавых структур, маёр міліцыі, які да гэтага працаваў у сферы аховы.
Фота: Тэатр лялек
Пасада дырэктара тэатра заставалася вакантнай з лютага гэтага года, пасля звальнення мінулай кіраўніцы Таццяны Тоўсцік (у калектыве сцвярджалі, што яна сышла сама, каб вярнуцца да выкладчыцкай працы).
Вячаслаў Леаненка з 2024 года лічыўся ў Тэатры лялек намеснікам дырэктара. Аднак на сайце тэатра не было ніякай інфармацыі пра тое, хто гэты чалавек, не з’явілася там яго біяграфія і цяпер, калі Леаненку прызначылі дырэктарам. Звестак пра яго ў нейкіх адкрытых крыніцах няма.
Гэта незвычайна для чалавека, які становіцца кіраўніком буйнога тэатра: як правіла, такія пасады атрымліваюць чыноўнікі са сферы культуры, згадкі пра якіх ёсць як мінімум у дзяржаўнай прэсе. У той жа час адсутнасць публічнай інфармацыі звычайна сведчыць пра сілавое мінулае чалавека. Мы праверылі яго даныя з дапамогай «Кіберпартызан» — падазрэнні апраўдаліся.
Вячаслаў Леаненка скончыў Акадэмію МУС у 2001 годзе, працаваў у сталічнай міліцыі і да 2008‑га даслужыўся да маёра. У 2012 годзе 35‑гадовага міліцыянера звольнілі з пасады старшага экперта-крыміналіста Заводскага РУУС Мінска да заканчэння тэрміну кантракта па згодзе бакоў (абставіны невядомыя). Адразу пасля гэтага Леаненка ўладкаваўся ў «Еўрагандаль» (сетка «Еўраопт») у службу аховы і ў 2015‑м стаў намеснікам начальніка аховы. У 2017 годзе перайшоў у «Дабраном» (сеткі «Капеечка», «Маяк» і «Дабраном»).
У лістападзе 2023 года Леаненка раптам зноў аказаўся патрэбны дзяржаве і паступіў на працу ў Заводскую раённую арганізацыю грамадскага аб’яднання «Белая Русь» (цяпер ператворана ў галоўную партыю ўлады) на невядомай пасадзе. А ўжо праз два месяцы, у студзені 2024-га, быў прызначаны намеснікам дырэктара Тэатра лялек.
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.