«Чатыры чалавекі паляцелі да Месяца і былі далей за ўсіх ад Зямлі. І гэтыя два тыдні былі для мяне літаральна перапоўненыя сімвалізмам, паралелямі і самымі разнастайнымі эмоцыямі». Піша Марыя Грыц і разважае пра тое, чаму гэтая гісторыя «не пра іх, а пра нас. Нашая агульная місія».

Марыя Грыц. Фота з асабістага архіва
Вось глядзіце: чатыры чалавекі розных краін былі ў тысячах кіламетраў ад дому — і вернуцца дадому раней, чым я, хаця ад мяне да радзімы адлегласць менш за сто кіламетраў.
Які дзіўны жарт лёсу, праўда?
Але ж якое гэта было шчасце — сачыць за навінамі! Як даўно я не прачыналася і не лезла ў сацсеткі, каб даведацца і парадавацца, што з камандай усё ў парадку. Ох, я нават не ведала, што так моцна сумавала па гэтым: не спаць усю ноч, абнаўляць старонку, чытаць і глядзець. Асабліва калі касмічны карабель аблятаў Месяц — вочы заплюшчваліся, але я не здавалася да пятай гадзіны раніцы.
Аказваецца, мне бракавала дзівіцца натхняльным здымкам нашай планеты і спадарожніка, плакаць ад замілавання, калі Джэрамі Хансэн прапанаваў назваць новы кратар у памяць памерлай жонкі капітана місіі Рыда Уайсмана. Ад гэтых словаў расчуліліся не толькі людзі ў NASA.
Мяркую, зашчыпала ў горле ва ўсіх, хто глядзеў трансляцыю ці чытаў навіны. Як жа гэта чалавечна і кранальна.
Калі каманда ляцела да Месяца, я раптам зразумела: у гэтай гісторыі ўдзельнічаюць не толькі чатыры чалавекі.
Мы з дачкой малявалі ракеты і планеты, глядзелі відэа палёту, вывучылі песеньку пра Сонечную сістэму і нават запланавалі хатнюю пастаноўку. Абменьваліся са знаёмымі фоткамі і эмоцыямі.
Малюнак з асабістага архіву Марыі Грыц
А колькі новых рэчаў я даведалася, адказваючы на дзіцячыя пытанні! Як удзельнікі і ўдзельніца місіі ходзяць у прыбіральню, што ядуць у космасе, дзе спяць, і чаму мы не можам патэлефанаваць ім праз тэлеграм, каб паказаць малюнкі. Нават падумвала здаць які тэст на веданне розных інжынерных штук, бо не заўважна накапала сабе яшчэ адну, цяпер ужо тэхнічную спецыяльнасць.
У нейкі момант, яшчэ нават да старту, гэта перастала быць «іх місіяй». «Артэміда» ператварылася ў нашу штодзённасць і агульную гісторыю. Нават пасля паспяховага прываднення каманды, і асабліва калі мы забываліся дыхаць падчас іх уваходу ў атмасферу.
Можа, так і працуе нешта вялікае: яго робяць адзінкі, але яно забірае ў свой вір усіх, нават максімальна далёкіх людзей.
Але навошта такія высілкі, столькі чалавечых і планетарных намаганняў і рэсурсаў ідзе немаведама куды, калі на Зямлі працягваюцца войны і столькі нявырашаных праблем?
Памятаеце, як жартавалі: Гагарын паляцеў у космас, а каўбасы ў крамах не дадалося. І сапраўды: экалагічныя крызісы, палітыка, выгнанне, рэпрэсіі, хваробы — праблемы невычэрпныя...
А, можа, менавіта таму мы павінны падтрымліваць і ведаць пра такія праекты — каб у нас былі ролевыя мадэлі, пытанні і адказы іншага маштабу.
Бо гэтая навуковая магія не можа пакідаць абыякавымі.
Астранаўты місіі «Артэміда-2»: Крысціна Кох, Джэрамі Хансан, Віктар Гловер, Рыд Уайсман. Фота: NASA / Getty Images
Крысціна Кох — неймаверная ролевая мадэль для жанчын і дзяўчат. Мая дачка пастаянна прасіла распавядаць пра яе, і я перарыла паўінтэрнэту ў пошуках інтэрв’ю і выступаў.
Яна сапраўды неймаверная асоба! Але...
У той жа час сеціва поўнілася абмеркаваннямі яе знешнасці, сэксуальнасці і жартамі пра тое, што яна далей за ўсіх жанчын збегла ад кухні. Самая дасведчаная ўдзельніца каманды, адна з самых разумных людзей на планеце — і ўсё адно такая агідная рэакцыя.
Нейкая дзіўная мяшанка прарыву ў фантастычную будучыню і сярэднявечнага цемрашальства. Фу, страшна думаць, што і гэта таксама мы можам перадаць нашым дзецям разам з марамі пра зоры.Няўжо мы можам адолець касмічныя выклікі, але не здольныя да базавай павагі?
Мы вельмі далёка лятаем і вельмі павольна змяняемся.
Касманаўты і касманаўткі кажуць: з космасу не бачна межаў. Гэта гучыць вельмі банальна, пакуль не ўглядаешся ў здымкі і відэа адтуль, пакуль не бачыш Зямлю — адну, цэлую, без падзелу на «сваіх» і «чужых», жывую, крохкую, пад тонкім слоем атмасферы.
І ў галаве раптам узнікаюць словы Максіма Багдановіча:
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?
І з гэтым нічога не зробіш.
Чатыры чалавекі паляцелі да Месяца і назад. Але гэта гісторыя не пра іх, а пра нас. Нашая агульная місія.
Мы пабачылі, што здольныя на неверагоднае і адначасова застаёмся вельмі прыземленымі. Што мы дзелімся радасцямі і спачуваем, спрачаемся, злуемся — і пры гэтым ляцім разам у невядомае.
І, можа быць, самае важнае акурат у тым, каб у нашых штодзённых справах, у змаганнях і працах, у турботах і горасцях мы не забываліся ўздымаць вочы ўгару, каб пабачыць неймавернае спрадвечнае, часткай якога мы ўсе і з’яўляемся.
Марыя Грыц, budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org