Гарадзенскі пісьменнік мае патрэбу ў дапамозе

Гарадзенскі пісьменнік Алесь Чобат ўжо амаль 2 месяцы знаходзіцца ў шпіталі і дзякуе ўсім за дапамогу. Ён амаль страціў зрок.

Пра ягоны стан расказвае пісьменніца Данута Янаўна Бічэль:

— У дадзены момант я якраз іду да яго ў шпіталь. Заўтра ў яго важны дзень — МРЭК, камісія, павінна вызначыць яго лёс. Ягоныя вочы амаль не бачаць — бывае, прыйду, а ён бачыць толькі нейкі фон. Вока яму закапваюць штодня. Усяго было зроблена 3 аперацыі пад агульным наркозам, адна аперацыя адмысловым лазерам і адна пад мясцовым наркозам. Пасля МРЭК ён паедзе ў цемру — да свайго бацькі ў Скідзель. Праз месяц жа яго зноў пакладуць на аперацыю ў Мінск.

Данута Янаўна расказвае пра лёс пісьменніка, які прыйшоў ў літаратуры, як кажуць, ад станка. І просіць дапамогі ва ўсіх беларусаў.

— Калі вы можаце дапамагчы — званіце наўпрост мне, бо ён забывае зарадзіць тэлефон ці не адказвае на яго. Дапамога яму вельмі патрэбная. Мы, канечне, спадзяемся на МРЭК. Аднак і проста грашовая дапамога таксама неабходная. Бо грошы патрэбныя для таго, каб заехаць у Скідзель.

Электронная бібліятэка kamunikat.org піша пра Алеся Чобата наступнае:

Алесь Чобат нарадзіўся 23 жніўня 1959 г. у мястэчку Скідзель. У 1981 г. скончыў Беларускі тэхналагічны інстытут у Мінску. Быў канструктарам ліцейных формаў, намеснікам старшыні Гарадзенскай Рады БНФ «Адраджэнне» і каардынатарам выбарчай кампаніі Рэгіянальнага блока «Саветы-1990». Працаваў рэпарцёрам і аглядальнікам мясцовых газет, экскурсаводам музея М. Багдановіча ў Гародні.

Першая літаратурная публікацыя ў тыднёвіку «Ніва» (Беласток; 07.10.1990).

3 1994 г. належыць да нацыянальнага Саюза пісьменнікаў, з 1995 г. — да міжнароднага ПЭН-Клуба. Аўтар паэтычных зборнікаў «Год» (1992), «Новая Галілея» (1995), «Тутэйшая сага» (Смаленск, 2000), «Край мой шчаслівы» (2007) і кніг па аналітычнай гісторыі Беларусі «Зямля святога Лукі» (2002, польскі пераклад — 2003), «Легенда пра чатырох мушкецёраў» (2004).

Пераклаў з польскай мовы кнігі Чэслава Мілаша (2005—2006), Караля Вайтылы і Яна Паўла ІІ (2003, разам з Д. Бічэль).

Мне асабіста першы раз ўдалося пабачыцца з Алесем Чобатам пры канцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі ў музеі Багдановіча я праходзіў музейную практыку. Менавіта тады мяне здзівіў гэты доўгавалосы дзядзька побач з гарадзенскай пісьменніцай Данутай Бічэль, якая ў той час была дырэктаркай музея Багдановіча.

А потым давялося чытаць ягоныя творы.

Каб дапамагчы Алесю Чобату — тэлефануйце Дануце Янаўне Бічэль. Яе тэлефоны: хатні +375152 745516 і мабільны +37533 6220811.

Андрэй Мялешка
Фота: svaboda.org