Выстава пад назвай “Гарадзенская Троя” паказала найлепшыя знаходкі з археалагічных раскопак старажытнай Горадні. Тут можна пазнаёміцца з гісторыяй археалагічных даследаванняў Горадні ХХ — пачатку ХХІ ст. і 645-ю экспанатамі, большасць з якіх звычайна можна ўбачыць толькі ў кнігах па археалогіі Беларусі і гісторыі Горадні.
Адкрывалі выставу дырэктар Гарадзенскага гісторыка-археалагічнага музея і гарадзенскія археолагі. Пра знаходкі, прадстаўленыя ў экспазіцыі, расказала Наталля Кізюкевіч, загадчык аддзела археалогіі музея:
— На выставе прадстаўленыя вынікі шматгадовага даследавання нашага горада пачынаючы ад сенсацыйных адкрыццяў Язэпа Ядкоўскага і заканчваючы фактычна 2012 годам. На выставе ёсць прадметы з фондаў нашага музея, а таксама знойдзеныя археолагамі — Семенчуком, Піваварчыкам.
Археолагі расказалі пра рамантычнасць свайго занятку, пра тое, што знаходкі могуць трапляцца на кожным кроку. Убачыць дасягненні прыйшлі як былыя, так і цяперашнія студэнты-гісторыкі, а таксама зацікаўленыя гарадзенцы.
Экспазіцыя ўключае таксама фатаграфіі, планы раскопак, іншыя дакументы і будзе цікавая любому жыхару Горадні і яе госцю.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі і Аляксандра Саенкі