Канстанцін Касяк піша на budzma.by пра асобу Цішкі Гартнага, якому ўчора на Дні пісьменства ў Капылі адкрылі помнік.
Цішка Гартны
Мо, хто яшчэ не ведае, але Зміцер Жылуновіч і Цішка Гартны — гэта адзін і той жа чалавек. Старшыня першага Часовага рабоча-сялянскага ўраду ССРБ, аўтар знакамітага «Маніхвэсту», вядомы беларускі літаратар, грамадскі, палітычны і дзяржаўны дзеяч. Актыўны прыхільнік ідэі беларускай дзяржаўнасці.
Помнік у Капылі. Фота: belta.by
Нарадзіўся ён у 1887 годзе ў Капылі. Сям’я была небагатай, таму маладому Жылуновічу давялося рана пайсці працаваць. Займаўся шмат чым, але спыніўся ў выніку на гарбарстве — адной з самых старажытных прафесій у гісторыі чалавецтва.
Перад тым, як стаць вядомым літаратарам Жылуновіч быў, як цяпер бы сказалі, актывістам. У родным Капылі ён пазнаёміўся з прадстаўнікамі сацыял-дэмакратычнага руку, ад якіх і набраўся левых ідэяў. Пра гэта нават сведчыць яго псеўданім.
Гартны — гэта значыць загартаваны, мужны чалавек, гатовы да рознага кшталту выпрабаванняў.
Малады Жылуновіч быў адметны тым, што не мірыўся са сваім становішчам ды напоўніцу імкнуўся рэалізаваць уласны патэнцыял. Таму абсалютна не дзіўна, што ў першыя гады ХХ стагоддзя ён захапіўся марксізмам, які хутчэй за ўсё напоўніцу адпавядаў ягоным тагачасным поглядам на жыццё, бо сам Жылуновіч выступаў за прагрэс, развіццё грамадства, адкіданне ўсяго аджыўшага.
У 1908 годзе ў рукі да Жылуновіча трапляе «першая беларуская газэта з рысункамі» — «Наша Ніва». Вось як ён апісваў сваё знаёмства з выданнем праз 20 гадоў:
«Прачытаўшы „Нашу ніву“ ад назвы да подпісу рэдактара я быў у захапленні. Мяне дзівіў не яе змест, не цікавасць раскладзенага ў ёй матэрыялу, а, галоўным чынам, даступнасць яе, яе блізкасць „духу“ вакольнага беларускага жыцця, нарэшце, самы факт друкавання яе на беларускай мове. Апошняе было для мяне адкрыццём. Да гэтага часу я не мог сабе ўявіць, каб тая мова, на якой гутарылі мае бацькі, сяляне, але якой не відаць было ў кніжках, у школе, у абыходзе крыху бывалых людзей, каб на гэтай мове можна было друкаваць газету...»
Рэдакцыя «Нашай Нівы»
Каб бліжэй пазнаёміцца з рэдакцыяй Жылуновіч адпраўляецца ў Вільню. Але сустрэча атрымліваецца даволі стрыманай, чаканай працы ў газеце маладому і перспектыўнаму аўтару не прапануюць. Тым не менш ён піша для выдання і нават сваё апавяданне «На ўсходзе сонца», якое датуецца 1909 годам, ахвяруе «„Нашай Ніве“ і ўсім яе супрацоўнікам».
У гэты ж час па ўласным прызнанні Жылуновіча, яго «захапіла цалкам ідэя адраджэння Беларусі». Ён часта мяняе працы, шмат вандруе і многа піша. Нягледзячы на рэакцыю, якая наступіла пасля Рэвалюцыі 1905-1907 гадоў, Жылуновіч не губляе аптымізму і піша пра тагачасны беларускі рух даволі кампліментарна:
«Сапраўды, гэта выглядала іскрай, якую фанатычна і ўпарта раздзьмухвала ў асяродзішчы цёмнай глухой ночы групка самаахвярных людзей».
Яшчэ да Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года, калі была скасаваная манархія і пачаўся распад Расійскай імперыі, Жылуновіч кідаецца ў гушчу палітычнай барацьбы. Ён прымае ўдзел у розных канферэнцыях і з’ездах. Прычым не толькі рэвалюцыйных, але і нацыянальных. У 1916 годзе разам з таварышамі ён на ўласныя сродкі засноўвае газету «Дзянніца» — першае прасавецкае выданне на беларускай мове.
Перад ім увесь час стаіць дылема, што паставіць на першае месца: барацьбу за сацыяльную або нацыянальную справядлівасць.
То бок, у адрозненне ад многіх іншых марксістаў, ён ніколі не забываўся на сваё беларускае паходжанне.
Нешта падобнае перажываў у той жа самы час Маа Цзэдун, які любіў пасля пра сябе казаць:
«Яшчэ да таго, як стаць марксістам, я ўжо быў кітайцам, а стаўшы марксістам, я не перастаў быць кітайцам».
Спробы Жылуновіча аб’яднаць у адным сацыяльную і нацыянальную справядлівасць нагадваюць так званы нямецкі «нацыянал-бальшавізм», які зарадзіўся ў Веймарскай рэспубліцы прыкладна ў той жа час, калі Жылуновіч з таварышамі абвесцілі пра стварэнне ССРБ. Ідэя была даволі простая — надаць інтэрнацыянальнай ідэі сацыялізму, якая ў той час была папулярнай ва ўсім свеце, нацыянальнае ўвасабленне.
Эрнст Нікіш
Найбольш вядомы прадстаўнік гэтай плыні Эрнст Нікіш з сімпатыяй глядзеў на СССР у 1920-х, а ў 1930-х, пасля прыходу да ўлады нацыянал-сацыялістаў, быў рэпрэсаваны і адпраўлены ў канцэнтрацыйны лагер. Зняволенне зрабіла яго інвалідам у літаральным сэнсе. Такое лірычнае адступленне патрэбнае для таго, каб паказаць — Жылуновіч і кампанія знаходзіліся цалкам сабе ў еўрапейскім фарватары мыслення. І паспелі зрабіць для сваёй краіны болей, чым згаданыя вышэй немцы.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Жылуновіч, Дыла, Чарвякоў ды іншыя іх паплечнікі вельмі шчыруюць не толькі на рэвалюцыйнай, але і на нацыянальнай ніве. Яны прымаюць актыўны ўдзел у працы Першага усебеларускага з’езда ў снежні 1917 года, які быў разагнаны бальшавікамі.
Жылуновіч прымаў актыўны ўдзел у працы Першага усебеларускага з’езда ў снежні 1917 года, які, як вядома, быў разагнаны бальшавікамі. Вось як апісваў у сваіх успамінах 1928 года Аляксандр Чарвякоў удзел Жылуновіча:
«прымае ўдзел у якасці прадстаўніка левай часткі Беларускай сацыялістычнай грамады і разам з прадстаўнікамі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі бальшавікоў кіруе на кангрэсе фракцыяй левых. Нягледзячы на тое, што абставіны работы кангрэсу і асабліва спыненне гэтай работы, выклікалі вялікае абурэнне нават сярод шчырых прыхільнікаў Саветаў, у тым ліку і ў Гартнага, — Гартны ў гэты час быў ужо досыць загартаваны, каб вытрымаць палітычны экзамен і застацца разам з Саветамі супраць контррэвалюцыйных намераў правадыроў кангрэсу. Для Гартнага зрабілася зусім ясным, што патрэбны новы шлях для шчырага адраджэнца, а разам з тым і поўны разрыў са старым».
Рана ці позна, але абвяшчэнне беларускай дзяржавы адбылося б у любым выпадку. Пасля падзення манархіі прыхільнікі будучых БССР і БНР, якія былі знаёмыя яшчэ па часах «Нашай Нівы», канчаткова рассварыліся ды разышліся па розных баках палітычнага поля.
“Да змогі!” Абвяшчэнню БССР і легендарнаму “Маніхфэсту” – 100 гадоў!
1 студзеня 1919 года ў Смаленску была абвешчана Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі, таксама быў апублікаваны знакаміты «Маніхфэст» у якім былі абазначаны прынцыпы новага ладу.
Чарвякоў згадваў:
«Калі з палітычнага боку гэты маніфест мае выключнае значэнне, то і з боку літаратурнага ён з’яўляецца прыкладам твору, надзвычай глыбокага па зместу, формы і палітычнага значэння маніфеста надае яму вялікую сілу пераканальнасці, нястрачанай ім і ў нашы дні. Гэты дакумент быў напісаны Цішкам Гартным.»
Карціна Леаніда Дударэнкі “Мінск, 1919 год”
Звярніце ўвагу на тое, як Чарвякоў у 1928 годзе падкрэслівае значнасць аўтара гэтага дакумента. І гэта невыпадкова, паколькі на той час Гартны быў ужо прызнаным літаратарам, які пісаў не толькі вершы, апавяданні і маніфесты, але і буйныя раманы. За нейкія там 20 гадоў ён змог прайсці шлях ад пачаткоўца да жывога класіка. У перыяд з 1914 па 1929 год Гартны піша свой раман «Сокі Цаліны», які складаецца з чатырох «квадраў» — самастойных кніжак, якія прэтэндуюць на званне першага беларускага раману.
Гэты буйны твор адлюстраваў тыя карэнныя перамены, якія давялося перажыць беларусам у першай палове ХХ стагоддзя. Гаворка ў ім вядзецца пра беларускую (ды і не толькі) моладзь, якая пакідае вёскі, выпраўляецца ў вялікія гарады, папаўняе шэрагі пралетарыяту, а ўжо там найбольш актыўныя і адважныя робяцца рэвалюцыянерамі.
Рукапіс першай квадры рамана “Сокі цаліны”. Фота: wikipedia.org
Вось што пісалі ў жнівеньскім нумары часопіса «Маладняк» за 1926 год пра гэты раман:
«Сокі цаліны» — пакуль што першы ў беларускай літаратуры роман. Разьлічан ён, як відаць па першых дзьвюх квадрах, на аркушаў 50-60 і задуман шырока. Гэта цэлая эпоха. Таму і нельга чакаць ад кароткага агляду, ды пры тым агляду незакончанага роману поўнасьці і дакладнасьці. Можна толькі канстатаваць факты.»
Зараз гэты раман незаслужана забыты, але перачытаць яго варта прынамсі тым, хто цікавіцца эпохай, бо, як трапна заўважае маладнякоўскі рэцэнзент «роман дужа расьцягнуты, як і само жыцьцё, затое вызначаецца эпічнасцю і падымае вагу беларускага мастацкага слова».
“Маладняк”: Enfants terribles беларускай літаратуры
Сваю характарыстыку твору даў і Максім Гарэцкі ў знакамітай «Гісторыі беларускай літаратуры». Пісалі пра яго і ў эміграцыйнай прэсе. У снежні 1922 года Гартны становіцца на чале першага літаратурнага часопіса ў БССР — «Полымя». У рэдакцыйнай прамове, якой распачынаецца першы нумар, ён працягвае спалучаць, здавалася б, неспалучальнае:
«Наша праграма выразна. Яна далёка ад нацыяналізму і ад прымітыўнага інтэрнацыяналізму»
Вядома, ён мысліў сябе рэвалюцыйным марксістам, таму і «Полымя — гэта часопісь барацьбы, а не часопісь акадэмікаў».
Акрамя часопіса Жылуновіч узначальваў таксама Беларускае Дзяржаўнае Выдавецтва, якое займалася выданнем беларускіх кніжак. Ён шырока разгарнуўся на ніве беларускай культуры ў 1920-х, калі ў маладой краіне праводзілася палітыка беларусізацыі. Нават ездзіў у Берлін з мэтай наладзіць выдавецкую справу.
Зміцер Жылуновіч з сям’ёй
У 1930-х гадах сітуацыя змянілася. Яго, як і многіх іншых, чакалі рэпрэсіі. Жылуновічу прыгадалі ўсё, што ён паспеў зрабіць за сваё кароткае жыццё. Каб зразумець, што яму давялося перажыць у гэтыя змрочныя часы варта паглядзець дакументальны фільм 1990 года «Без эпітафіі»:
Як і большасць чальцоў першага ўраду БССР, Зміцер Хведаравіч не перажыве крывавых 1930-х. У 1937 годзе ён скончыць жыццё самагубствам у вар’ятні пад Магілёвам.
Канстанцін Касяк, budzma.by