2 сакавіка 2017 г. у кнігарні “Логвінаў” адбылася прэзентацыя кніжкі Вольгі Гапеевай “Граматыка снегу”.
Мадэраваў імпрэзу рэжысёр, акцёр Віталь Краўчанка.
У першай частцы імпрэзы адбылася размова з Вольга Гапеевай пра тое, як паўстала ейная кніга, з чаго яно склалася і чаму аўтарка выбрала такую назву для сваёй пятай паэтычнай кнігі. Развагі пра чалавечую быццёвасць і снег, рэальны і метафізічны, а таксама пра канцэпт шчырасці ў паэзіі сталі асноўнымі ў гутарцы.
Другая частка была прысвечаная запрошаным гасцям і іх прачытанню паэзіі Вольгі. Пісьменніца Вольга Бабкова распавяла пра свае стасункі з “Граматыкай снегу” і прачытала верш з кнігі “Я хаджу па табе як па музеі”.
Віктар Жыбуль падзяліўся сваім досведам нашэння сукенкі і прачытаў з кнігі верш “Як цяжка насіць сукенку”.
Хаця задумвалася, што кожны госць і кожная госця выберуць для чытання адзін верш, паэтка Валянціна Аксак рашылася на чатыры.
Філосаф Валянцін Акудовіч спыніўся на вершы “Думаеце, мужчыны разважаюць пра глабальнае ў свеце?”
Сама Вольга таксама парадавала прысутных аўтарскім прачытаннем, адзначыўшы, што інтанацыя чытання гасцей ейных вершаў амаль цалкам супала з уласнай.
Напрыканцы вечарыны Віталь Краўчанка распавёў пра кампанію “Пяцісотгоднасць”, прысвечаную юбілею беларускага друку.
Таксама былі разыграныя прызы ад кампаніі “Будзьма”.
Цікавым супадзеннем стала, што імёны ўсіх выступоўцаў (уключаючы аўтарку і мадэратара) пачыналіся з літары “В”.
(с) фотаздымкі Вікторыі Харытонавай