У Бабруйску збанкрутаваная арганізацыя «БабруйскБудКамплект» ня можа прадаць адміністрацыйны будынак, якім у савецкі час замаскавалі касьцёл, зьнішчыўшы ягоны фасад – паведамляе Свабода.
Няўдалыя спробы ўладальніка збыць будынак мясцовыя каталікі расцэньваюць як знак таго, што змаганьне за сьвятыню можа вырашыцца на іхную карысьць. Вернікі патрабуюць, каб пяціпавярховую прыбудову зьнесьлі і далі ім магчымасьць аднавіць гістарычны выгляд сьвятыні.
У Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў будынак касьцёла ня трапіў.
Цяпер ацалелая частка храма разам з прыбудовай — адзіны комплекс. Месьціцца ён у цэнтры Бабруйску на вуліцы Кастрычніцкай, 121. Каб верніку трапіць на службу, яму спачатку трэба мінуць прыбудаваны дом.
У 2017 годзе ўладальніка адміністрацыйнага корпусу, акцыянэрнае таварыства «БабруйскБудКамплект», Эканамічны суд Магілёўскай вобласьці прызнаў банкрутам. Арганізацыя прадае маёмасьць, каб разьлічыцца з крэдыторамі. Асноўныя зь іх — Міністэрства фінансаў і «Беларусбанк». Крэдыторская запазычанасьць «БабруйскБудКамплекту» — 4 мільёны 967 тысяч рублёў і 15 мільёнаў 184 тысячы эўра. Усімі акцыямі таварыства валодае Міністэрства архітэктуры.
Апошні раз «БабруйскБудКамплект» спрабаваў збыць будынак, які хавае касьцёл, 24 верасьня. Прадаць яго за 376 тысяч рублёў не ўдалося. Калі крэдытораў не зацікавіць прапанова ўзяць будынак на пакрыцьцё даўгоў, тлумачыць конкурсны кіраўнік «БабруйскБудКамплект» Арцём Жукоўскі, то яго паспрабуюць перадаць на балянс камунальных службаў гораду, якія і будуць вырашаць, што зь ім рабіць. Калі тое адбудзецца, службоўца пэўнага адказу ня даў.
16 кастрычніка 1989 году Бабруйскі гарсавет пастанавіў бязвыплатна перадаць частку будынка, у якім храм, вернікам, і праз год такую дамову падпісалі. Разам з тым афармленьне ўгоды да канца не давялі, бо, як вынікала з адказу на зварот вернікаў з Магілёўскага аблвыканкаму, не ўдалося адшукаць ранейшага ўладальніка будынка храма. Цяпер сьвятыня ў камунальнай уласнасьці.
Ксёндз бабруйскага касьцёла Андрэй Яркавец спадзяецца, што прыбудова пяройдзе ў гарадзкую ўласнасьць і гарвыканкам прыме рашэньне на карысьць аднаўленьня адзінай у горадзе каталіцкай сьвятыні. Ён кажа, што існуе адпаведная дамоўленасьць з кіраўніцтвам адміністрацыі гораду.
«Вядома ж, хочацца верыць уладзе», — заўважае сьвятар і дадае, што цяпер парафіі не прапануюць выкупіць прыбудову, на якую ў яе няма грошай.
«Найлепшае для нас выйсьце — дэмантаж гэтага будынка, — удакладняе Андрэй Яркавец. — Але гэта можа адбыцца толькі пасьля таго, як будзе ліквідаваная арганізацыя, якая валодае будынкам».
На яго думку, вырашэньня праблемы варта чакаць не раней, чым празь пяць гадоў. Пасьля зносу прыбудовы пэўны час пойдзе на аднаўленчыя работы.
Сьвятар непакоіцца, каб касьцёл дастаяў да свайго аднаўленьня. Ён кажа: калі ўзводзілі прыбудову, то не парупіліся пра ліўневую каналізацыю. Вада падчас залеваў зьбягае да сьвятыні і размывае яе падмурак. Акрамя таго, на сьценах праступае вільгаць, бо ацалелая частка храма не на сонечным баку і таму не пасьпявае прасыхаць.
У 2017 годзе, каб прысьпешыць вырашэньне пытаньня з прыбудовай, каталікі зьвярталіся ў Бабруйскі гарвыканкам. Пад лістом да чыноўнікаў яны сабралі 500 подпісаў. Чаканьні вернікаў, што гарвыканкам прапануе варыянты разьвязаньня праблемы, былі марнымі. Пісалі каталікі і ў адміністрацыю Лукашэнкі. Ім адказалі з Магілёўскага аблвыканкаму і таксама без канкрэтыкі.